Знайсці
19.01.2021 / 11:00РусŁacБел

«Яна вярнулася ў Беларусь, бо сумавала па радзіме». Хто такая Ірына Шчасная, якой пагражае калонія за вядзенне тэлеграм-каналаў

18 студзеня працягнулі тэрмін стрымання пад вартай 33-гадовай Ірыны Шчаснай. ГУБАЗіК затрымаў жанчыну яшчэ ў лістападзе. Міліцыя паведаміла, што Шчасная вяла шэраг «дэструктыўных тэлеграм-каналаў». У яе дома прайшоў ператрус, жанчыну змясцілі пад варту. Яна падазраваная па частцы 2 артыкула 293 КК (арганізацыя масавых беспарадкаў). Шчаснай пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення. Яна знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы.

«Наша Ніва» пагаварыла з мужам жанчыны Аляксандрам, яе адвакаткай Таццянай Шымуль, а таксама з сябрамі і знаёмымі Ірыны.

«Іра — мінчанка. Ёй 33 гады. Яна адвучылася ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, атрымала магістра палітычных навук, — расказвае пра жонку Аляксандр Шчасны. — Яна заўсёды была цікаўнай да палітыкі, гэта была яе тэма. І ў ІПП яна пайшла не таму, што не магла паступіць у іншыя ВНУ, а таму, што бачыла сябе ў паліталогіі. Ірына вучылася вельмі добра, за свае работы атрымлівала дзясяткі.

Аляксандр і Ірына Шчасныя

Мы з ёю пазнаёміліся ў 2006 годзе ў кампаніі агульных сяброў. Гэта было каханне з першага позірку».

Пасля Аляксандр з Ірынай некалькі гадоў сустракаліся, у 2010 годзе ажаніліся. У тым жа годзе ў іх нарадзіўся сын Герман.

«Я працаваў на сябе, займаўся будаўніцтвам, браў замовы. Я забяспечваў сям’ю. Ірына была нейкі час на афіцыйнай працы, але яе звольнілі праз погляды яшчэ да парламенцкіх выбараў: нехта на працы праглядзеў яе старонку ва Укантакце. Пасля яна працавала неафіцыйна», — кажа Аляксандр.

Шчасныя заўсёды былі актыўнымі. 

«Іра мела сувязі ў руху «Разам», мела там шмат знаёмых. Я сам быў даверанай асобай Вольгі Мікалайчык, калі тая спрабавала вылучыцца кандыдатам на парламенцкіх выбарах, дапамагаў з машынай», — згадвае Аляксандр.

Памятае Ірыну і сустаршыня руху Алена Талстая:

«Ірына — чалавек, вядомы яшчэ з Плошчы-2006. Пэўны час яна была каардынатарам нашага руху, заўсёды прымала актыўны ўдзел у акцыях ушанавання гістарычнай памяці.

Пасля ў яе з'явілася праца, дзіця… І Ірына паступова адышла ад дзейнасці нашага руху — але не ад грамадскай дзейнасці».

Актыўная пазіцыя і прывяла Ірыну да вядзення тэлеграм-канала, мяркуе муж.

«Хтосьці ёй прапанаваў, я так разумею. Яна пагадзілася. Я ведаў, што Ірына была рэдактарам канала «Мая краіна Беларусь», хваляваўся за яе. Але «дэструктыўным», як назвала яго міліцыя, я канал не лічу. 

Ірына з’язджала ў Кіеў у жніўні перад выбарамі. Гэта было і таму, што ёй падабаўся Кіеў, і там былі сябры, ну і пытанне бяспекі таксама. Пэўны час Іра правяла там. 

Я з сынам заставаўся ў Беларусі. У мяне была тут праца, я думаў, што вырашу справы, і, можа, перабяруся да жонкі ва Украіну таксама.

Але Ірына раптам вырашыла вярнуцца — і я да канца не разумею яе матываў. Яна казала, што не можа больш жыць у страху і хоча быць разам з сынам, што вельмі любіць сваю сям’ю і сваю краіну.

Яе адгаворвалі ўсе. Неабходнасці вяртацца ў Беларусь у яе не было. 

Але ў верасні Ірына прыехала ў Мінск. І я, і ўсе сябры ўгаворвалі яе, каб яна вярнулася ў Кіеў — але пераканаць яе было вельмі цяжка».

«Я яе таксама адгаворваў. Але ў яе, я так разумею, было некалькі прычын, — расказвае Яўген Маслаў, кіеўскі сябар Ірыны.

Яна вельмі перажывала за сына, вельмі сумавала па ім, па сваёй маці — і па радзіме. І яшчэ па сваіх катах, якіх яна вельмі любіць. 

Іра вялікая патрыётка, яна шмат расказвала пра Беларусь і пра Мінск.

Яна казала: я стамілася баяцца, і я нічога кепскага не раблю», — 

Ірына правяла ў Мінску прыкладна месяц — а 18 лістапада па яе прыйшлі сілавікі.

Пра гэта распавядала сястра Ірыны: саму Шчасную затрымалі ў двары ля дома (па словах мужа, гэта не так — Ірына была дома). Пасля ў кватэры на працягу дзвюх гадзін праводзілі ператрус. У выніку канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, грошы.

«У мамы ёсць ключы ад кватэры Ірыны. Далей усё распавядаю са слоў мамы, — казала Наталля, сястра Ірыны Шчаснай. — Супрацоўнікі сілавога ведамства выглядалі як работнікі ЖЭСа. Калі мама заходзіла ў пад'езд дома Ірыны, «жэсаўцы» пацікавіліся, ці ёсць у кватэры гарачая вада. Мама адказала, што не жыве тут і не можа адказаць на іх пытанне. Тады гэтыя супрацоўнікі зайшлі разам з ёй у пад'езд, а калі яна адчыняла дзверы кватэры, жорстка адштурхнулі яе — пенсіянерку 64 гадоў».

Усё гэта адбывалася на вачах 10-гадовага сына Ірыны. Муж на той момант быў на працы.

«Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС выйшлі на 33-гадовую беспрацоўную мінчанку, якая з'яўляецца адміністратарам дэструктыўных тэлеграм-каналаў «Мая Краіна Беларусь», «Беларусь 24», «Баста», «Беларусь галаўнога мозгу» і «Элехтарат». Таксама высветлена, што жанчына кіравала паблікам «Еўрапейская Беларусь» і актыўна суправаджала яго ў сацсетках. За гэта штомесяц атрымлівала каля 600 рублёў ад асноўнага каардынатара аднайменнай кампаніі, — паведаміла Вольга Чамаданава, прэс-сакратарка МУС. —

Падчас ператрусу кватэры мінчанкі канфіскаваныя шэсць мабільных тэлефонаў, ноўтбук, вінчэстар, флэш-назапашвальнік, 700 еўра, банкаўская картка і пратэсная атрыбутыка».

Пра затрыманне жонкі Аляксандру паведаміла цешча.

«Я спачатку не мог паверыць, што гэта адбылося. Пачаў шукаць адваката, абзвоньваць сяброў і знаёмых. Спачатку я не ведаў, дзе Ірына. Толькі праз адваката змог даведацца, дзе яна і што з ёю.

Дома быў бедлам, забралі і тэхніку, і грошы, якія мы адкладвалі на рамонт. Я ўзяў сына і начаваў некалькі дзён у сваёй маці. У нядзелю, праз пару дзён пасля затрымання жонкі, мне раптам званок. Кажуць: служба газу, калі вы будзеце дома, каб зайсці для абслугоўвання газавага абсталявання?

Я перазваніў у службу газу — ніякія газаўшчыкі мне званіць не маглі. Я вырашыў, што больш не магу заставацца ў Беларусі. Ды і сына адправілі б у інтэрнат, калі б мяне затрымалі.

Я паехаў ва Украіну.

Сёння я з сынам у Кіеве. Знайшоў ужо Герману школу, ён вучыцца. Я вырашаю пытанні з дазволам на жыхарства і працай. 

Пакуль жонку не адпусцяць, вярнуцца ў Беларусь я не магу.

Ведаю, што Ірына, калі даведалася, што мы з сынам за мяжой — выдыхнула з палёгкай».

Пра справы адно аднаго Ірына і Аляксандр ведаюць няшмат. Аляксандр кажа, што лісты ад сям’і жонка не атрымлівае. 

«За ўвесь час Іра атрымала толькі два лісты ад сястры. Ад знаёмых ці незнаёмых людзей лісты перадаюць, ад нас — не. А пасля 22 снежня ад Іры таксама перасталі прыходзіць лісты, — кажа Аляксандр Шчасны. — Акрамя ліставання, яшчэ адзін момант ціску на яе — анкалогія ў яе бацькі.

Але думаю, Іра ні пра што не шкадуе і трымаецца. Яна вельмі валявы чалавек».

Адвакат Таццяна Шымуль пад падпіскай аб неразгалашэнні, таму абставіны справы каментаваць не можа.

Але пра стан падабароннай адвакату расказваць пакуль не забаронена:

«Ірына адчувае сябе добра, не страціла баявы дух. Скаргаў няма. Нават на побытавыя ўмовы — Ірына разумее, што гэта СІЗА і не мае ілюзій.

Настроеная яна не магу сказаць што пазітыўна, але спакойна. Спадзяецца на справядлівае рашэнне суда.

Самая важная праблема на сёння: да Ірыны не даходзяць лісты ад родных. Пры гэтым, паштоўкі і лісты ад незнаёмых яна атрымлівае амаль кожны дзень».

Улад Швядовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера