Знайсці
20.04.2024 / 15:304РусŁacБел

Хто той чалавек, на месцы палаца якога Лукашэнка паставіў сваю любімую рэзідэнцыю? І чаму яго імя выбілі залатымі літарамі ў Луўры?

Міхал Тышкевіч быў адным з самых сур’ёзных калекцыянераў антычнасці ў свеце і атрымаў унікальны дазвол на раскопкі ў Егіпце. Ëн трымаў свае калекцыі ў Лагойску, Рыме і Вільні. Што стала з імі? Расказвае кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.

Фотаздымак мюнхенскай студыі Брукман. Музей Крэцінгі, Літва. Фота: limis.lt

Граф Міхал Тышкевіч паходзіў са слыннага арыстакратычнага роду, які даў нашай зямлі некалькі вядомых дзяржаўных дзеячаў і навукоўцаў.

Гэты род меў дзве асноўныя галіны. Пераважна ў нас ведаюць лагойскіх Тышкевічаў, самыя славутыя з якіх — браты-­навукоўцы Яўстах і Канстанцін, якія жылі і працавалі ў XIX стагоддзі. Але здаўна існавала і іншая галіна роду Тышкевічаў, якая традыцыйна валодала землямі на тэрыторыі сучаснай Літвы — ад радзівілаўскіх Біржаў да курортнай Палангі.

Адзін з прадстаўнікоў гэтай галіны, Юзаф Ігнат Тышкевіч, напрыканцы XVIII стагоддзя набыў беларускае мястэчка Валожын і пабудаваў там велічны палац ды каменны касцёл (абодва будынкі захаваліся да нашага часу). Ён так палюбіў гэта мястэчка, што зрабіў яго сваёй асноўнай рэзідэнцыяй. Працягвалі там жыць і ягоныя нашчадкі. Сын Юзафа Ігната Міхал, дзед нашага героя, набраў за свае грошы полк і ўзначаліў яго ў напалеонаўскай кампаніі. Бацьку ж нашага героя назвалі па сямейнай традыцыі Юзафам. Асаблівымі заслугамі ён не адзначыўся, хоць быў маршалкам шляхты Ашмянскага павета.

У сям’і Юзафа Тышкевіча ў Валожыне ў 1828 годзе і нарадзіўся Міхал, найстарэйшы сын у сям’і. На фарміраванне яго светапогляду яўна зрабіў уплыў прыклад вышэй згаданых братоў Яўстаха і Канстанціна Тышкевічаў, якія былі сваякамі, хоць і з іншай галіны роду. І з імі падтрымліваліся кантакты.

Пакуль Міхал вучыўся ў Віленскай гімназіі, лагойскія Тышкевічы пачынаюць арганізоўваць першыя археалагічныя раскопкі на Барысаўшчыне і ствараць свае першыя музейныя калекцыі. Міхал таксама падтрымліваў гэтыя пачынанні, а ў 1856 годзе стаў адным з заснавальнікаў Віленскага археалагічнага таварыства. Ягоная цікавасць да гэтай навукі і нават ужо пэўныя поспехі ў ёй пацвярджаюцца прыняццем у якасці ганаровага члена ў Імператарскае археалагічнае таварыства ў Санкт­-Пецярбургу ў наступным годзе.

Два хобі графа Тышкевіча

Назапашаныя продкамі сямейныя багацці дазвалялі Міхалу Тышкевічу мець хобі, якія вымагалі ўкладання немалых сродкаў. У сваім маёнтку ў Гарадку пад Мінскам — тым самым, дзе цяпер улюбёная рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі (цяпер гэта называецца Астрашыцкі Гарадок) ён у 1855 годзе паставіў мураваны неагатычны палац на беразе возера. Для аздаблення палаца граф Міхал набыў у Кёнігсбергу набор мэблі, якая раней належала каралю Рэчы Паспалітай Аўгусту II.

У гэтым самым палацы Тышкевіч сабраў сваю першую важную калекцыю польскіх манет. Праўда, гэты нумізматычны збор неўзабаве быў прададзены яшчэ аднаму слыннаму калекцыянеру з нашых земляў Эмерыку Чапскаму. У Лондане Тышкевіч набыў і шмат рэчаў для закладзенай ім у палацы карціннай галерэі, дзе сярод іншых, калі верыць апісанням, знаходзіліся творы такіх славутых мастакоў, як Рафаэль, Ганс Гальбейн і Франсуа Бушэ.

Альберт Жамэт. Інтэр’ер палаца ў Астрашыцкім Гарадку. 1872 год. Нацыянальны мастацкі музей імя Чурлёніса ў Каўнасе (Літва). Крыніца: wikimedia.commons

Чытайце таксама: Лукашэнка жыве ў сапраўдным магнацкім палацы

Іншай жарсцю Міхала Тышкевіча было паляванне. Ёй адпавядала і ягоная ганаровая пасада лоўчага Вялікага Княства Літоўскага. У 1860 годзе Міхал выправіўся аж у афрыканскі Алжыр, каб папаляваць там на львоў.

Але гэтая вандроўка не вельмі задалася, і зацяты паляўнічы на наступны год накіроўваецца ўжо ў Егіпет, прыхапіўшы з сабой адмысловыя стрэльбы і паляўнічых сабак. Тады гэтая краіна ўспрымалася як рай для паляўнічых. Тут наш граф, напрыклад, сустрэў англійскага арыстакрата лорда Дэвіда Лонсбара, які прыцягнуў з сабою дзівосны кулямёт, з якога адным залпам можна было забіць цэлы тузін гусей.

Але галоўным вынікам выправы на паляванне ў экзатычную краіну стала зусім іншае. Гэтае падарожжа яшчэ больш уцягнула Міхала Тышкевіча ў захапленне яго маладосці і дало магчымасць рэалізаваць амбіцыі археолага.

Па Егіпце з фірманам

Арыстакрата з не надта вядомых там земляў у Егіпце прынялі надзвычай прыязна, бо акурат у той час распрацоўваўся праект Суэцкага канала.

Хітрыя егіпцяне разлічвалі на тое, што таямнічы заможны госць можа шчодра падтрымаць гэтую ініцыятыву. Толькі гэтым можна патлумачыць той дзівосны факт, што падчас асабістай аўдыенцыі егіпецкі віцэ­кароль Мухамед Саід­паша зрабіў свайму суразмоўцу незвычайны падарунак — фірман (дазвол) на ажыццяўленне раскопак на тэрыторыі ўсяго Егіпта.

Табурэт, знойдзены Міхалам Тышкевічам у раскапаным склепе егіпецкага арыстакрата часоў XVIII дынастыі. Захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Фота: cyfrowe.nmw.art.pl

Падарунак быў шчодрым таму, што да таго часу егіпцяне ўжо зразумелі, што еўрапейскія археолагі незваротна вывозяць з іх краіны старажытныя гістарычныя каштоўнасці, таму ўвялі строгую забарону на раскопкі.

Адзіным манапалістам у гэтай справе быў французскі археолаг Агюст Марыет, якому была даручаная адказная місія стварэння Егіпецкага музея. Свае музейныя зборы Марыет, дарэчы, паказваў і Тышкевічу. А з атрыманнем фірмана той таксама займеў магчымасць збіраць артэфакты для ўжо ўласнага музея.

Асаблівае ўражанне на графа зрабіў прыём у расійскага пасла (памятаем, што на той момант ён быў падданым Расійскай імперыі), дзе праходзіла ўрачыстая цырымонія разгортвання трох старажытных мумій (раскопкі ў Егіпце былі забароненыя, але чорны рынак ніхто не адмяняў). На адной з мумій Тышкевіч асабіста знайшоў залатога жука-­скарабея, на іншай — драўляны лук. Гэтыя «знаходкі» расійскі пасол яму і прэзентаваў, бо багаты арыстакрат паўсюль карыстаўся вялікай павагай.

Пасля Міхал Тышкевіч па Ніле на караблі з егіпецкай сталіцы Каіра выправіўся на поўдзень краіны, дзе паляваў на львоў і наведваў руіны храмаў. Непадалёк ад храма бога Амона ў горадзе Карнак наваспечаны археолаг паставіў намёт, наняў каманду капачоў і старанна занатоўваў усе свае знаходкі. А яны былі багатыя. Работнікі графа адразу ж знайшлі скарб ахвярных артэфактаў, сярод якіх была і залатая фігурка Амона.

Статуэтка з егіпецкай калекцыі Міхала Тышкевіча: багіня Ізіда распраўляе крылы над богам Азірысам. Захоўваецца ў Луўры. Фота: louvre.fr

На другім беразе Ніла даследчыкаў вабіў легендарны некропаль Фіваў, але Тышкевіча туды не пускалі нават з ягоным фірманам. Давялося падкупляць мясцовых ахоўнікаў і капаць уначы. Як было занатавана ў дзённіку графа, «сумленне мяне мучыць, але антыкварная жылка перамагла, ужо мару пра муміі і саркафагі».

Сапраўды, гэтыя патаемныя і нелегальныя раскопкі аказаліся вельмі прадуктыўнымі: неўзабаве былі знойдзеныя дзве муміі XXI i XXII дынастый, адна з якіх была ўпрыгожаная залатымі пектаралямі і бранзалетамі.

Крыху пазней ён адкрыў арыстакратычны склеп­пахавальню XVIII дынастыі, да якога нейкім цудам раней не дабраліся рабаўнікі. У ім знаходзіліся чатыры саркафагі, табурэт — а на ім фаянсавая місачка, дэкараваная лотасамі, на якой захаваліся рэшткі ежы. Калі Міхал Тышкевіч разгарнуў адну з мумій, то знайшоў папірус «Кнігі мёртвых» (так зваўся зборнік егіпецкіх гімнаў і рэлігійных тэкстаў, які клаўся ў грабніцу нябожчыка), прызначаны для нянькі абагоўленай егіпецкай каралевы Ахмес Нефертары, маці фараона Аменхатэпа І, з наборам прылад для пісьма на папірусе.

Не грэбаваў граф і набыццём старажытных артэфактаў у мясцовых арабаў, якія спраўна рабавалі спадчыну фараонаў. Але тут не абыходзілася і без праколаў: як пазней высветлілі навукоўцы, некалькі мумій, прададзеных Тышкевічу, былі сфабрыкаваныя прадаўцамі адмыслова для продажу наіўным еўрапейцам.

«Статуя Тышкевіча», Луўр. Фігура святара пакрытая магічнымі формуламі, у руках ён трымае стэлу «Гор на кракадзілах». Статую старажытныя егіпцяне выкарыстоўвалі ў магічных рытуалах лекавання, трэба было паліць яе вадою і пасля тую ваду выпіць ужо як сродак ад укусаў змеяў ці скарпіёнаў. Гэтую статую Міхал Тышкевіч набыў незадоўга да сваёй смерці, і Луўр выкупіў яе на аўкцыёне. Яна атрымала нефармальную назву ў гонар знакамітага калекцыянера, які вельмі ўзбагаціў зборы французскага музея. Фота: Louvre

Знаходкі — у Луўр

Пасля вяртання з Егіпта значную частку сваіх знаходак граф перадаў у падарунак парыжскаму Луўру. Гэты ўчынак не быў добра ўспрыняты на ягонай радзіме, бо віленскія аматары археалогіі яўна разлічвалі, што егіпецкія знаходкі трапяць у тутэйшы музей. Таму адносна Міхала Тышкевіча і ягонага недастатковага патрыятызму пайшлі гуляць розныя непрыемныя чуткі.

Але сапраўдную матывацыю падарунка егіпецкіх знаходак не землякам, а слыннаму французскаму музею выклаў у асабістым лісце да Канстанціна Тышкевіча сам Міхал. Яна была прагматычная: «Так шмат захадаў і працы я раблю не дзеля забавы, а дзеля навукі. Калі гэтыя знаходкі прывезці ў Літву, дзе іерогліфаў ніхто чытаць не ўмее, то яны стануць незвычайнымі цікавосткамі, а калі патрапяць у рукі сучасных французскіх Шампальёнаў (Жан­-Франсуа Шампальён (1790—1832) — французскі археолаг, які ў 1822 годзе адкрыў таямніцу егіпецкіх іерогліфаў і навучыўся іх чытаць), то гэта будзе паслуга навуцы».

Партрэт Міхала Тышкевіча аўтарства Арэста Картаца. Крыніца: wikimedia.commons

Зрэшты, пра радзіму археолаг зусім не забыўся: Віленскі музей старажытнасцяў усё ж атрымаў больш за 250 знаходак з Егіпта. Астатнюю частку прыдбаных егіпецкіх артэфактаў Міхал Тышкевіч раздарыў сваім сваякам, прадстаўнікам шматлікага і багатага роду. Зразумела, што ў першую чаргу ён паклапаціўся пра лагойскі палац, дзе намаганнямі братоў­-навукоўцаў быў створаны ўнікальны музей. Туды патрапіў, напрыклад, і вышэйзгаданы папірус з «Кнігі мёртвых».

Варта таксама ўлічваць, што палітычна тыя часы былі складаныя, і сабраным на тэрыторыі літоўска-­беларускага краю зборам пагражала небяспека. Крыху пазней, пасля паўстання 1863—1864 гадоў, Віленскі музей старажытнасцяў будзе царскімі ўладамі знішчаны, а многія прыватныя калекцыі канфіскаваныя, і след некаторых з іх пасля загінуў.

У цэнтры антычнага свету

Пасля вяртання з Егіпта высветлілася, што пасля смерці свайго дзядзькі Міхал Тышкевіч успадкаваў і біржанскую радавую ардынацыю. Гэта яшчэ больш павялічыла і так велізарныя сямейныя маёнткі, што дазволіла Міхалу напоўніцу аддацца археалогіі і калекцыянаванню. З гэтай мэтай ён з’ехаў у Італію — цэнтр антычнага свету.

Эміграцыі паспрыяла і напружанасць на асабістым фронце: граф якраз закахаўся ў маладую францужанку і фактычна кінуў сваю жонку, Марыю з родаў бярдзічаўскіх Радзівілаў, якая нарадзіла яму чатырох дзяцей. У тутэйшым грамадстве такіх учынкаў не даравалі, таму лепш было знаходзіцца ад яго на дыстанцыі.

У 1863 годзе археолаг набыў пад Неапалем раскошную вілу Лючыя, якая раней належала неапалітанскаму каралю. Хоць Тышкевіч, відавочна, купіўся не столькі на гісторыю вілы, колькі на яе месцазнаходжанне побач са старажытнымі, засыпанымі ў старажытнарымскую пару вулканічным попелам Везувія Пампеямі, дзе ў той час якраз ішлі гучныя на ўвесь свет раскопкі. Але падступіцца да Пампеяў Тышкевічу не далі, хоць ён прапаноўваў прафінансаваць за свой кошт раскопкі цэлага квартала. Згодна з ягонымі пазнейшымі ўспамінамі, і тут панавала паўсюдная італьянская мафія.

Даследаванні іншых неапалітанскіх ваколіц асаблівага плёну не далі, і расчараваны граф пасля таго перабраўся ў Рым, дзе правёў рэшту свайго жыцця. Тут ён атрымаў дазвол на раскопкі і некалькі гадоў даследаваў славутую Апіеву дарогу, пракладзеную ў IV стагоддзі да нашай эры, пакуль італьянская дзяржава не ўзяла даследаванне гэтага аб’екта пад свой кантроль.

Калекцыя, роўная музею

Паколькі археалагічная кар’ера перастала складвацца, граф цалкам пераключыўся на ролю калекцыянера антычных старажытнасцяў. Ягоная кватэра ў Рыме стала знакамітай на ўсю Еўропу.

Першы кіраўнік італьянскага дырэктарата антычнасцяў і мастацтваў Фелічэ Бэрнабеі неаднаразова яе наведваў, а пасля пісаў: «Гэта быў свайго роду музей… дзе амаль кожны дзень пасля абеду сустракаліся найбольш кампетэнтныя ў справе антычнасцяў асобы, каб падзівіцца на ўжо экспанаваныя каштоўныя прадметы ці найноўшыя набыткі, якія граф дэманстраваў здзіўленым прыяцелям».

Экспанаты ў калекцыі Тышкевіча былі апрацаваныя па тагачасных навуковых стандартах і знаходзіліся ў адмысловых вітрынах, якія пасля смерці графа былі закупленыя італьянскай дзяржавай для музея рымскіх тэрмаў (лазняў). Таксама калекцыянер вёў дэталізаваны каталог сваіх набыткаў, якому па дакладнасці могуць пазайздросціць і многія сучасныя музеі.

Ядром калекцыі Тышкевіча быў на той момант адзін з найлепшых у свеце збор антычных гемаў — круглых ці авальных ювелірных камянёў з выразанымі выявамі. Сваю калекцыю мармуровых скульптур граф прадаў дацкаму піўному магнату Карлу Якабсэну, і яна стала асновай знакамітай гліптатэкі (збору антычнай скульптуры і разьбы) у Капенгагене.

Збіраў Тышкевіч і антычныя вазы. Ягоныя заслугі на гэтым полі адзначаныя, сярод іншага, тым, што невядомы мастак грэчаскіх вазаў, што тварыў у V стагоддзі да нашай эры, зараз называецца «мастаком Тышкевіча». Стала так таму, што менавіта ў зборах графа знаходзіўся кратар (старажытнагрэцкі сасуд для змешвання віна з вадой) з адлюстраваннем падзей Траянскай вайны работы гэтага мастака. Зараз гэты кратар — адзін з найбольш каштоўных экспанатаў музея выяўленчых мастацтваў у амерыканскім Бостане. 

Кратар з мастацкага музея Бостана. На гэтай вазе адлюстраваныя сутычкі Траянскай вайны. З гэтага боку вазы паказана, як натхнёны Афінай Ахілес (злева) перамагае эфіопскага цара, саюзніка траянцаў Мемнана, які падае ў рукі сваёй маці Эас, багіні світанку. Аўтара гэтай вазы назвалі «мастаком Тышкевіча», іншыя распісаныя ім вазы раскіданыя па музеях свету. Фота: collections.mfa.org

У 1870 годзе Тышкевіч дабіўся ад расійскага імператара дазволу на развод з жонкай, пасля чаго адразу ж адмовіўся ад біржанскай ардынацыі на карысць свайго старэйшага сына Юзафа. Сын мусіў за тое выплачваць бацьку штогадовую рэнту, але жыў Міхал Тышкевіч не толькі з таго. Значную частку даходаў яму даваў перапродаж археалагічных каштоўнасцяў.

Граф пастаянна імкнуўся ўдасканальваць свае зборы і ахвотна перапрадаваў тыя рэчы, якімі ўжо не гарэла ягоная душа. Сярод пастаянных кліентаў калекцыянера былі французскі імператар Напалеон III (які свае набыткі звычайна перадаваў у Луўр) і ягоная стрыечная сястра, гаспадыня парыжскага свецкага салона Мацільда Банапарт.

Лёс калекцый Тышкевіча

Пасля смерці Міхала Тышкевіча ў 1897 годзе ягоная рымская калекцыя была распрададзеная. «Калі б яго зборы не былі расцярушаныя, то ніводзін калекцыянер-­знаўца не мог бы з ім параўнацца: ні рымскія кардыналы XVI стагоддзя, ні мільянеры стагоддзя нашага», — пісаў Вільгельм Фронер, захавальнік Луўра і асабісты дарадца Напалеона III.

Партрэт Міхала Тышкевіча аўтарства Франсуа Адзібрана. Нацыянальны мастацкі музей Літвы. Фота: limis.lt 

Дзе ж можна знайсці сляды колішніх багатых калекцый Міхала Тышкевіча сёння?

Палац у Астрашыцкім Гарадку — той самы, дзе цяпер знаходзіцца адна з рэзідэнцый Лукашэнкі, — успадкаваў сын Міхала, Альфрэд Тышкевіч. Многія каштоўнасці адтуль ён перавёз у віленскі палац. Некаторыя з гэтых збораў пасля патрапілі ў ковенскі мастацкі музей імя Чурлёніса.

Падараваная Луўру калекцыя збольшага захавалася, хоць частка статуэтак з яе знікла падчас Другой сусветнай вайны.

Знаходкі, якія трапілі ў Віленскі музей старажытнасцяў, былі вывезеныя ў Маскву, і іх след прапаў. Магчыма, яны знаходзяцца цяпер у расійскім Дзяржаўным гістарычным музеі.

Лагойская калекцыя, самая шматлікая па колькасці экспанатаў, трапіла збольшага ў Варшаву і зараз складае частку збораў мясцовага Нацыянальнага музея.

Раскіданыя па палацах Тышкевічаў падарункі трапілі ў літоўскія музеі. У 1992 годзе быў знойдзены егіпецкі дзённік Міхала, але, на жаль, падрыхтаваны ім альбом знаходак з замалёўкамі знік у Познані падчас Другой сусветнай вайны і дагэтуль шукаецца навукоўцамі.

Калі ж казаць пра калекцыі антычнасцяў Тышкевіча італьянскага перыяду, то яны разышліся па музеях усяго свету. Гэта і Луўр, і Брытанскі музей, і амерыканскія зборы. Адно гэта дае ўяўленне, якім слынным на ўвесь свет навукоўцам і калекцыянерам у свой час быў наш зямляк.

Чытайце таксама:

Граф вярнуўся — выстава фотаў Бенедыкта Тышкевіча

Разгаданая таямніца калдуноў графа Тышкевіча

Маршрутам графа Тышкевіча

Аляксей Ластоўскі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
33
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
7
Сумна
14
Абуральна
19
2
Літвін/адказаць/
20.04.2024
Калі гэтыя знаходкі прывезці ў Літву...- Тышкевіч. Разумны быў чалавекам. Літву зваў Літвою. А сёння, у 2024 годзе, 97% бедаруссаў не ведае ні роднай мовы, ні таго, што саманазва нашае дзяржавы Літва.
20.04.2024
A što, ehitecki "taburet" nia možna nazvać zedlikam ?
0
Gorliwy Litwin/адказаць/
22.04.2024
класны артыкул, падрабязны, змястоўны і выдатна праілюстраваны. Вялікі дзякуй. Адна толькі лыжка дзёгця ў бочцы мёду: сцярджэнне ў загалоўку, што імя М. Тышкевіча выбілі ў Луўры золатам, ніяк не праілюстраванае і пакідае ўражанне гарадской легенды.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера