Знайсці
30.03.2019 / 20:4213РусŁacБел

Дацкая сістэма вышэйшай адукацыі: ці ўсё так добра ў гэтым каралеўстве?

Разглядайце гэты тэкст як кароткую справаздачу аб знаёмстве з сістэмай вышэйшай адукацыі ў Даніі, піша заснавальнік і шматгадовы загадчык кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтва гістарычнага факультэту БДУ (2001—2008), былы прафэсар і старшыня сената ЕГУ, кандыдат гістарычных навук Павел Церашковіч.

Таксама — гэта спойлер дакументальнай стужкі, знятай Уладзімірам і Вольгай Колас, якая з’явіцца напрыканцы мая. Разам мы правялі ў Даніі тыдзень. Гэта дзясяткі сустрэч ва ўніверсітэтах, нацыянальнай школе кіно, установе нефармальнай вышэйшай адукацыі, тыповым студэнцкім інтэрнаце, асацыяцыі дацкіх універсітэтаў, міністэрстве адукацыі і дацкім парламенце — фалькецінге.

Капенгагенскі універсітэт. Фота: wikimedia.org

Кіраванне

Мушу расчараваць шматлікіх носьбітаў уяўленняў пра тое, што «там», значыць на Захадзе, рэктараў выбіраюць. У Даніі, прынамсі, не. Да 1968 года рэктараў прызначаў кароль ці каралева. На хвалі агульнаеўрапейскіх студэнцкіх бунтаў дацкая акадэмічная супольнасць дамаглася самакіравання: рэктараў сталі выбіраць выкладчыкі і студэнты.

«Разгул дэмакратыі» спыніла рэформа 2003 года. У адпаведнасці з духам неаліберальнага менеджменту была пазычаная амерыканская сістэма — уся ўлада ва ўніверсітэце належыць кіроўнай радзе. У склад яе уваходзяць прадстаўнікі выкладчыкаў, студэнтаў і супрацоўнікаў, але большасць складаюць былыя палітыкі і бізнесмены, то бок, асобы з сувязямі. Рада прызначае рэктара, а ён, адпаведна, усю астатнюю акадэмічную вертыкаль. Рашэнне рады зацвярджае міністр адукацыі. Але гэта — фармальнасць. Рэктар, звычайна, вядомы вучоны, выконвае з большага прадстаўнічыя функцыі. Непасрэдна кіраваннем займаецца прафесійны менеджар. Як нам падалося, выкладчыкі не да канца змірыліся з скасаваннем «рэспублікі інтэлектуалаў», бюракраты — наадварот, але сістэма працуе паспяхова.

На сустрэчы ў Міністэрстве адукацыі я задаў пытанне аб гендарным балансе сярод рэктараў. У адказ чыноўніца сказала даволі злосна (відаць іх ужо дасталі гэтым пытаннем): «А ніякага балансу» (гэта значыць, што ўсе рэктары — мужыкі). І далей: «Галоўнае — гэта прафесійныя якасці, а не гендарная прыналежнасць». Шчыра кажучы, я быў у шоку: нават у нашай патрыархатнай рэальнасці за гэта парвалі б на часткі. 

Фінансаванне

У Даніі ўсяго восем універсітэтаў. Усе яны дзяржаўныя. У іх вучыцца 150 тыс. студэнтаў і працуе 35 тыс. выкладчыкаў. Для параўнання ў Беларусі 54 установы вышэйшай адукацыі, каля 300 тыс. студэнтаў і 21 тысяча выкладчыкаў. (Насельніцтва Беларусі 9,4 млн, а Даніі — 5,8 млн.) Да рэформы 2003 года універсітэтаў у Даніі было ўдвая больш. Аб’яднанне дазволіла істотна знізіць выдаткі на кіраванне. Усе дацкія ўніверсітэты атрымліваюць 4-х гадовы дзяржаўны бюджэт. Выкананне пільна адсочваецца міністэрствам. Асноўныя паказчыкі паспяховасці: адсеў студэнтаў і, асабліва, паспяховасць працаўладкавання выпускнікоў (узровень беспрацоўя). «Пад раздачу» ў апошнія гады трапілі гуманітарыі, якім знайсці працу заўсёды складана: ім фінансаванне скарачаюць на 2% у год. На сістэму вышэйшай адукацыі Данія выдаткоўвае суму роўную 3,2 млрд. долараў: гэта 1—1,2% ад ВУПу. Для параўнання, Беларусь — каля 0,5% ад ВУПу, або 0,26 млрд.

IT-універсітэт у Капенгагене. Фота: wikimedia.org

Рэйтынгі

Дацкая сістэма вышэйшай адукацыі ўваходзіць ў пяцёрку найбольш паспяховых у свеце. Сем з васьмі дацкіх універсітэтаў рэгулярна трапляюць у тысячу лепшых, згодна з рэйтынгам THE (Times Higher Education). Пры гэтым Капенгагенскі займае 116 пазіцыю, Архускі — 123, Дацкі тэхнічны ўніверсітэт — 163, Алборгскі— 194. Для параўнання, найлепшы ў Расіі Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт — толькі на 199 месцы, а адзіны з Беларусі БДУ займае пазіцыю па-за межамі першай тысячы. 

Рэйтынгі ўлічваюць у першую чаргу навуковыя дасягненні, публікацыі ў прэстыжных часопісах, узровень цытавання. Высокія пазіцыі дацкіх універсітэтаў забяспечаны тым, што менавіта ў іх сканцэнтраваная большая частка навукоўцаў. На даследаванні выдаткоўваецца звыш паловы (53%!) універсітэцкіх бюджэтаў. Пра становішча навукі ў айчынных універсітэтах у гэтым кантэксце лепш і не пачынаць размову — яно нават не другараднае. Але пакуль гэта не зразумеюць нашы чыноўнікі ад адукацыі, рэйтынгі беларускіх універсітэтаў будуць толькі пагаршацца.

Студэнты

Навучанне ва ўніверсітэтах для грамадзян Даніі бясплатнае. Кожны студэнт атрымлівае дапамогу ад дзяржавы, як нам казалі, невялікія грошы, ў памеры, роўным 730 еўра ў месяц. Апроч гэтага можна яшчэ ўзяць пазыку ў памеры да 400 еўра на месяц і выплачваць яе па заканчэнні. Інтэрнат каштуе 300. Цыкл навучання — 5 год (3 гады бакалаўрыяту і 2— магістратуры). Максімальная колькасць аўдыторных заняткаў на тыдзень— 12 гадзін. Астатняе — праца ў бібліятэцы. Студэнцкае самакіраванне сапраўды моцнае. У Капенгагенскім універсітэце нам распавялі як студэнты не дазволілі нэаліберальнай адміністрацыі звольніць большую частку бібліятэкараў. Ва ўніверсітэтах шмат прасторы аддаецца пад тусовачныя пляцоўкі, у тым ліку студэнцкія кавярні. Кошты для студэнтаў разы ў два ніжэйшыя за гарадскія. Як нам падалося, студэнцкае асяроддзе моцна палітызаванае. Пры гэтым, па традыцыі, гуманітарыі больш схільныя да левых поглядаў, юрысты — да кансерватыўных. А ў Роскільскім універсітэце ўбачылі шмат марксістскіх плакатаў, што заклікалі будаваць сацыялізм. Цікава, калі ў тое, што ў Даніі, з бясплатнай медыцынай, не сацыялізм, дык гэта што? Дарэчы, патэнцыяльныя будаўнікі светлай будучыні чамусьці амаль выключна карыстаюцца буржуазнымі Apple MACамі.

Мова навучання

Выкладанне паўсюль на дацкай мове. Колькасць праграм на ангельскай лімітаваная і скарачаецца. Але ангельскай ўсе, і студэнты і выкладчыкі, валодаюць дасканала. Спецыяльна яе ва ўніверсітэтах не вучаць. Гэтую праблему цалкам вырашае школа, дзе, як нам казалі, заняткі ангельскай — кожны дзень. З той нагоды, што гэта так званая глобіш, з нарматыўным вымаўленнем і граматыкай, камунікацыя з датчанамі вельмі камфортная. Ва ўніверсітэцкай кнігарні больш за палова кніг з Брытаніі і Амерыкі. У бібліятэцы — таксама. Асаблівай пагрозы дацкай мове ад гэтага двухмоўя самі датчане не адчуваюць. Адзінае, у дацкай Школе кіно скардзіліся на ціск культурнага імперыялізму ў сферы дакументалістыкі: бюджэты амерыканскіх стужак недасягальныя для датчан.

Замежныя студэнты

Замежнікаў ва ўніверсітэтах не так і шмат. Конкурс сярод іх — да 200 чалавек на месца. І ўсе яны павінны засвоіць дацкую мову да паступлення. Патрабаванні да іх такія ж, як да датчан. То бок, такіх праблем, якія маюць нашы выкладчыкі з пэўнай часткай кітайцаў ці туркменаў, тут няма. Студэнты з Еўразвязу вучацца бясплатна (кошты кампенсуюць іх урады), а астатнія плацяць і немала. Але іх унёсак ў бюджэт універсітэтаў нязначны. Таму адлічэнне замежніка за непаспяховасць не ёсць праблемай.

Выкладчыкі

Арне Бро, прафесар Дацкай школы кіно.

Маё пытанне да выкладчыкаў Роскільскага ўніверсітэта: «Ці з'яўляецца праца прафесара ўніверсітэта прэстыжнай»— выклікала выбух саркастычнага рогату. «Я скончыла гэты ўніверсітэт і адзіная з групы засталася тут працаваць, — адказала выкладчыца, — астатнія ў матэрыяльным плане дасягнулі большага». Сярэдняя нагрузка не надта вялікая — да 6 гадзін на тыдзень. Але можна выбіраць чым болей займацца: выкладаннем ці даследаваннямі. Скажам, 75% — выкладанне, астатняе — навука, ці наадварот. Нягледзячы на скасаванне «рэспублікі інтэлектуалаў», акадэмічныя свабоды недатыкальная: універсітэты і выкладчыкі самі вызначаюць што выкладаць і як. А ніякіх спушчаных міністэрствам «тыповых вучэбных планаў» ці «узорных праграм па прадмету» тут не існуе. У Роскільскім універсітэце, напрыклад, выкладанне заснаванае на выкананні калектыўных праектаў, студэнты тут вызначаюцца з будучай спецыяльнасцю толькі напрыканцы першага года навучання. На далікатнае пытанне пра заробкі выкладчыкі адказалі, што яны адпавядаюць сярэднім у краіне. Гэта значыць: пасля выплаты падаткаў — каля 2700 еўра ў месяц. Каб уявіць, што гэта значыць у нашых рэаліях, гэтую суму можна смела дзяліць напалам, ці не на болей, бо кошты ў Даніі шалёныя.

«Абшчага»

Адно з самых моцных уражанняў — знаёмства з загадчыкам студэнцкага інтэрнату, былым рэктарам політэхнічнага ўніверсітэта, былым старшынёй асацыяцыі ўніверсітэтаў, прафесарам Хансам Йенсенам. А ніякім даўншыфтінгам для пенсіянера гэта не лічыцца. Сама «абшчага» як тыповая наша: блочная сістэма з агульнай кухняй на паверсе, даўно не рамантаваная (але чыстая) і з пахам прыгарэлай ежы. Істотныя адрозненні: два піўных бары з сімпатычнымі коштамі для студэнтаў. Разлік просты: няхай жыхары тусуюцца тут, чым будуць бадзяцца дзе-небудзь у горадзе.

Дадатковая адукацыя

Бентэ Хагелунд, рэктар Народнага універсітэта.

Народны універсітэт у Капенгагене — тыповая LLL (life long learning) ўстанова адукацыі. Каля 1/4 фінансавання дае дзяржава, плюс да гэтага дзяржаўныя ўніверсітэты абавязаныя прадстаўляць аўдыторыі бясплатна. Астатняе — аплачваюць слухачы (каля 130 еўра ў месяц). Да 80% слухачоў — асобы старэйшыя за 60 год. Самыя папулярныя курсы — гісторыя мастацтва, сусветная гісторыя, астраномія. За год універсітэт дае веды 15 тысячам слухачоў. Неверагодна, але адміністратыўны штат пры гэтым складае усяго 6 чалавек!

Фалькецінг

«Нашы галоўныя праблемы, — кажа сябра парламенту Хрысціян Юхл, — гэта глабальнае пацяпленне і сацыяльная няроўнасць». Дзіўна, дацкая энергетыка адна з самых чыстых у свеце, паказчык індэкса GINI — трэці ў свеце. «Але ў нас няма праблем з вышэйшай адукацыяй, — працягвае Юхл, — яна адна з найлепшых у свеце». Вось з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Павел Церашковіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера