Знайсці
15.11.2018 / 21:4314РусŁacБел

Аляксандр Чубрык у 8 цытатах тлумачыць, як змяняецца беларуская эканоміка

Дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык даў вялікае інтэрв’ю Цэнтру новых ідэй, а ніжэй мы прыводзім самае важнае.

Аляксандр Чубрык. фота Сяргея Гудзіліна.

***

Беларусь, якую заўжды ўсе вінавацілі ў рэтраградстве і сацыялізме, цяпер робіцца краінай, якая па сваіх поглядах выглядае больш ліберальнай за суседзяў.

Пакуль навакольны свет зачароўваўся ліберальнымі ідэямі і расчароўваўся ў іх, Беларусь паступова рухалася ў кірунку таго, што старая эканоміка пакрысе адмірала, бо не магла спраўляцца з тымі выклікамі, якія перад ёй паўставалі, а на яе месца прыходзіў прыватны сектар. Колькасць людзей з прарынкавымі поглядамі ў інтэлектуальным полі, у тым ліку ў галіне прыняцця рашэнняў, павялічвалася. А тыя людзі, якія былі адкрыта прасацыялістычныя, адыходзілі на перыферыю, і цяпер знаходзяцца ў відавочнай меншасці.

***

Наяўнасць расійскіх энергетычных субсідый настолькі адмоўна ўплывала на прыняцце рашэнняў у Беларусі, што калі мы нарэшце пачынаем ад гэтага адыходзіць, прытым зразумелым тэмпам, то можна толькі радавацца.

Калі б усё гэта адбылося раптоўна, мы б, канешне, мелі б істотныя праблемы. Але паколькі ўсё адбываецца павольна — мы бачым канец падатковага манеўру, бачым, як будуць змяншацца субсідыі, як будуць змяншацца нафтавыя даходы, — мы маем шанец да гэтага неяк падрыхтавацца, стварыць рэзервы, зразумець, дзе мы будзем пазычаць грошы і зарабляць іх. На мой погляд, пакуль сітуацыя змяняецца вельмі станоўча.

***

Змяняючы сістэму падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў, ты «дастаеш кавалак з рота» у тых людзей, на якіх абапіралася апісаная Кірылам Рудым сістэма «ручнога кіравання» эканомікай.

Па-першае, калі ты пачнеш зачыняць ці рэструктурызаваць і гэтак далей, значыць, будуць звальняцца людзі, а куды яны пойдуць? Я думаю, што псіхалагічна даволі цяжка прыняць гэтае рашэнне. Па-другое, як не круці, а сістэма кантролю над эканомікай грунтавалася ў тым ліку на тых людзях, якія ўзначальвалі дзяржаўныя прадпрыемствы — у гэтых дырэктараў быў даволі моцны ўплыў на прыняцце рашэнняў.

Але я думаю, што цяпер мы шчыльненька падышлі да таго, што праблемы пачнуць вырашаць, бо стала відавочна, што дзяржпрадпрыемствы — нашмат большы цяжар для эканомікі, чым было прынята думаць, хоць ясна, што мы не можам абагульняць.

***

Без зменаў у рэгіянальнай палітыцы цягам найбліжэйшых 10 гадоў сітуацыя ў вялікай частцы рэгіёнаў будзе істотна пагаршацца.

Гэта яшчэ адзін вялікі складнік праблемы, які не мае дачынення ні да рэструктурызацыі дзяржпрадпрыемстваў, ні да развіцця прыватнага сектара. Калі ў цябе ёсць нейкі раён, дзе няма ніякай буйной прамысловасці, адно якое-небудзь камунальнае прадпрыемства працуе на ўвесь раён, там няма працы і там не будзе развівацца прыватны сектар, таму што там проста няма даходу. Там будзе развівацца прыватны сектар у галінах рытуальных і бытавых паслуг, харчавання і, можа быць, дробнага будаўніцтва і рамонту. Гэта ўвесь рынак для прыватнага сектара.

***

Чаму не паспрабаваць у якасці пілотнага праекта запусціць органы мясцовага самакіравання і змену адносінаў з бюджэтам у самых дробных раёнах?

У нас існуе тры раёны з колькасцю насельніцтва меншым за 10 тыс. чалавек з улікам райцэнтра і яшчэ больш за 20 раёнаў з колькасцю насельніцтва меншым за 13 тысяч. Там дэпапуляцыя пагражае вельмі моцна.

***

Звычайныя беларусы выпакутавалі любоў да прыватнага сектара.

Мы бачылі: калі дзяржаўныя прадпрыемствы скарачалі колькасць занятых, прыватныя наймалі людзей, і гэта мяняла ўяўленне грамадзян пра тое, якой павінна быць эканоміка. Паводле нашага апошняга апытання, 42 % рэспандэнтаў сказалі, што хацелі б мець свой бізнес. Вядома, што хацець і мець — розныя рэчы, але ўсё роўна гэта вельмі станоўчае стаўленне, бо калі чалавек так адказвае, гэта азначае, што ён цалкам нармальна да гэтага ставіцца.

***

Беларусь сама падарвала патэнцыял унутраных прыватных інвестыцый, і гэта адна з першых перашкодаў для развіцця сярэдняга і буйнога прыватнага сектара Беларусі.

Калі дзяржава не мае сродкаў на інвестыцыі, а замежныя інвестары вельмі асцярожна глядзяць на сітуацыі, то застаецца ўнутраны інвестар — людзі, якія тут працуюць, добра разумеюць рызыкі і абмежаванні. Яны маглі б інвеставаць, але праблема ў тым, што калі ты робішся даволі буйным бізнесменам і, напрыклад, балансуеш паміж аптымізацыяй падаткаў і ўхіленнем ад іх, то табе спачатку мусяць быць зададзеныя пытанні, даказаны факт ухілення. А ў нас нярэдка было так, што спачатку бізнесмен апынаўся за кратамі, а пасля пачыналіся пытанні і збор доказаў правапарушэння. Я нават не кажу пра наступствы для іх бізнэсаў. Проста калі хтосьці з бізнесменаў, унутраных інвестараў можа ўявіць сябе на такім месцы, гэта азначае канец ягонай інвестыцыйнай праграмы ў Беларусі.

***

Мы нікуды не схаваліся ад рабатазыцыі і лічбавізацыі, яны прыйдуць да нас, можа, хутчэй, чым мы думаем.

Я не думаю, што гэта створыць вялікую альтэрнатыву тым працоўным месцам, пазабівае шмат працоўных месцаў. Якія тэхналогіі могуць прыйсці ў сельскую гаспадарку і забіць працоўныя месцы? Яны могуць толькі стварыць. Гэтая частка краіны, якая вельмі моцна састарэла, вельмі моцна спілася — фактычна вёска дэградавала, але адначасова за апошнія гады яна нарадзіла даволі шмат дзяцей. Таму ў вёскі ёсць вялікая-вялікая патрэба, каб недзе працаваць, таму прыход тэхналогій туды зможа прыцягнуць людзей, стварыць працоўныя месцы.

Што тычыцца «забойства» працоўных месцаў на нейкіх буйных вытворчасцях, то ўвогуле наколькі гэтыя працоўныя месцы жывыя? Шмат з іх нежывыя ўжо шмат гадоў — людзі там атрымліваюць вельмі маленькія заробкі. Фактычна гэта такая дапамога па беспрацоўі. Калі створыцца эфектыўная вытворчасць замест тых працоўных месцаў, то гэта таксама станоўчая рэч з пункту гледжання эканомікі, бо мы перастанем марнаваць чалавечы капітал і гэтыя людзі прынамсі атрымаюць шанец знайсці сябе ў іншых галінах.

Урэшце не трэба недаацэньваць чалавечы фактар і пераацэньваць разумнасць машынаў. Чым хутчэй развіваюцца тэхналогіі, тым менш яны дапрацаваныя. Цяпер усё адбываецца вельмі хутка, абнаўленні, дэбагінг перманентны. Пытанне: гэта можа замяніць чалавека? Як? Кожны збой будзе каштаваць страшэнных грошай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера