Знайсці
20.09.2008 / 14:21РусŁacБел

Бэнэфіс Манаева ў Купалаўскім

21 верасьня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пройдзе бэнэфіс заслужанага артыста Беларусі Віктара Манаева. У жніўні яму споўнілася 50 гадоў.

21 верасьня ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пройдзе бэнэфіс заслужанага артыста Беларусі Віктара Манаева.

У праграме — прэм'ера паводле п'есы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», а таксама віншаваньні ад калег і сяброў артыста.

Віктар Манаеў выступае на сцэне ад часу сканчэньня Акадэміі мастацтваў у 1975 годзе. Спачатку працаваў у Тэатры лялек. З 1980 году — артыст Купалаўскага.

Гэта актор, безь якога не ўявіць сабе беларускага тэатру, сьвяткуе юбілей. Яму споўнілася 50 гадоў.

Нават калі б Манаеў сыграў аднаго Мікіту Зноска ў пінігінскіх «Тутэйшых», ён застаўся б у гісторыі Купалаўскага.

А Манаеў сыграў дзясяткі бліскучых роляў.

Ён іграў як бог побач зь незабыўнай Стэфаніяй Станютай у «Гаральд і Мод», і людзі плакалі.

Сёлета ж ён сыграў непаўторнага Кручкова ў «Пінскай шляхце» ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна паводле Дуніна-Марцінкевіча.

* * *

Аляксандар Фядута пра Манаева ў «Пінскай шляхце»:

Віктар Манаеў ... грае прадстаўніка дзяржавы, станавога прыстава Кручкова. Гэта таксама пародыя, пра аб’ект якой мы… не змаўчым. На наш погляд, гэта проста зборны вобраз чыноўніка, ад пракурора да шараговага рэгістратара ў адпаведным аддзеле выканкаму. Калі чытачы не сустракалі такога, значыцца, яны не займаліся бізнэсам, ня ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці, нарэшце, проста нічога не рабілі, а мірна існавалі ў беспаветранай прасторы. Але калі вы не марсіяне, а жывяцё на беларускай зямлі трохі болей за трыццаць гадоў (сама меней!), то Кручкова‑Манаева вы і бачылі, і чулі, а можа, і хабар яму давалі.

Але Кручкоў — ня проста карупцыянэр. Ён атрымлівае асалоду ад магчымасьці вырашаць лёсы людзей. Ён нават гатовы рабіць дабро з той самай юрлівай усьмешкай, што і выносіць прыніжальны вырак (толькі заплаціце! нічога асабістага!). Ён прывык быць у цэнтры ўвагі — на вясельлі абавязкова сватам, на пахаваньні такога, як ён, зладзюгі зь дзяржаўным мандатам, узарванага ці зарэзанага ашуканымі «кліентамі», ён пэўна сказаў бы нешта накшталт: «Гэта яны на мяне замахваліся…» (ну, пазайздросьціў нябожчыку — ён жа ж тут галоўны). І пры гэтым падкрэсьлівае: я ж, як і вы ўсе, — просты чалавек, так што дайце мне веры, ідзеце за мной, а ўжо я абдзя… даруйце, «абую» вас ну проста як ліпку! Усё гэта пазнавальнае, наколькі пазнавальная і трасянка, шчодра напісаная для Манаева беларускім клясыкам ХІХ стагодзьдзя Дуніным‑Марцінкевічам».

* * *

НН далучаецца да віншаваньняў.

МБ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера