Знайсці
11.09.2008 / 18:172РусŁacБел

Працягвальнікі справы маляваньня сатурніянскіх краявідаў

У Палацы мастацтваў такі ёсьць на што паглядзець. Нават нягледзячы на афіцыйную шапку «Рэспубліканская выстаўка-біенале», што гучыць хутчэй як назва італьянскай стравы, якую нядаўна навучыліся гатаваць кухары ў рэстаране на ўскрайку Верхнядзьвінску.

У Палацы мастацтваў такі ёсьць на што паглядзець. Нават нягледзячы на афіцыйную шапку «Рэспубліканская выстаўка-біенале», што гучыць хутчэй як назва італьянскай стравы, якую нядаўна навучыліся гатаваць кухары ў рэстаране на ўскрайку Верхнядзьвінску. На конкурснай аснове тут прадстаўленыя без сумневу найлепшыя творы беларускіх мастакоў (графіка, жывапіс, скульптура). Першы раз. Раз на два гады.

Рэй вядзе купальскае кола на другім паверсе, што зацягвае наведніка ў карагод, вір эмоцыяў і пачуцьцяў. Тут і пачынаеш разумець, што ногі мастакоў хоць і на беларускай зямлі, але галава трывала ў бязьмежных нябёсах, адкуль яны дасылаюць нам свае зорныя пасланьні. Тут пачынаеш разумець, што

беларускае мастацтва, дзякуй богу, даўно адбеглася ад аднастайнага апяваньня родных палеткаў і штодзённага жыцьця.
Прыклад — такі нетутэйшы нахіл маладзіка ў працы Сяргея Аганава «Арабская ноч». І таму
знаёмыя надпісы на аранжавых камізэльках дарожных рабочых (карціна Сяргея Грыневіча «Брыгада») — не для наданьня рэалізму, а каб мы хутчэй спазналі і паверылі ў мастакоўскія мэсыджы.
І хай вас не бянтэжыць пахмурная туга на тутэйшых карцінах — гэта адно сродак або спэцыфіка расьсейваньня сонца на гэтых шыротах. У сярэдзіне затуманеных краявідаў усё віруе.

На гэтай выставе і пачынаюць задавацца пытаньні.

Чаму складанкі айчынных мастакоў падобнага ўзроўню нельга ўбачыць на пастаяннай аснове? Чаму гэтай падзеі трэба чакаць два гады? Чаму на другім паверсе Нацыянальнага музэю, цалкам прысьвечанаму сучаснаму беларускаму мастацтву, сярод бязьмежнага мора сацрэалізму хіба Язэп Драздовіч са сваімі сатурніянскімі краявідамі лашчыць згаладнелае па сучасным мастацтве вока?
Чаму лічыцца, што як Шагала і Суціна даўно перавабілі музэі Парыжу і Нью-Ёрку, дык і паказваць няма чаго?

Выстава адчыненая да 24 верасьня, прыяжджайце і глядзіце, бо чарговай такой выставы чакаць давядзецца, згодна зь лёгікі правядзеньня ўсіх біенале, роўна два гады.

* * *

Рэспубліканская выстава-біенале беларускіх мастакоў

04—24 верасьня 2008 году.

Палац мастацтваў

Менск, вул. Казлова, 3; ст. м. Плошча Перамогі

Аўт – Ндз 11:00 – 19:00

Цана квіткоў – 4000 руб.

ільготны квіток для студэнтаў – 3000 руб.

ільготны квіток для школьнікаў і пэнсіянэраў – 2500 руб.

Тэл.: (017) 288.15.49; (017) 290.60.10

Павал Касьцюкевіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031