Знайсці
30.06.2015 / 13:1620РусŁacБел

У чым роля адваката ў Беларусі? Юрыст пра ўражанні ад працэсу Аляксея Камка

У краіне, дзе менш за 0,5% апраўдальных прысудаў па крымінальных працэсах, роля адваката зводзіцца да падтрымання кантакта між абвінавачаным і ягонымі блізкімі, піша Дар’я Альперн-Каткоўская, старшы юрыст фірмы «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры».

Аляксей Камок чакае прысуду. Фота: Андрэй Давыдчык: Андрэй Давыдчык, dev.by

«Я ўсё ж такі адрэфлексую свае адчуванні апошніх дзён ад працэсу над Аляксеем К. і ролі адвакатуры ў Беларусі», — напісала на Facebook Дар’я Альперн-Каткоўская, старшы юрыст фірмы «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры», партнёрам якой таксама ёсць адвакат Аляксея Камка Таццяна Ігнатоўская.

ІТ-бізнесовец Аляксей Камок быў прызнаны вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і распаўсюдзе парнаграфіі, за што атрымаў 6 год калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

«Наша Ніва» прыводзіць тэкст Альперн-Каткоўскай без скаротаў.

***

Гадоў з дзесяці, калі не раней, я марыла стаць адвакатам. Я скончыла юрфак БДУ па спецыяльнасьці «Адвакатура і натарыят» (хоць большасць маіх аднагрупнікаў ірвалася на перспектыўную спецыялізацыю «Гасп. права»). Але ўжо ў момант размеркавання, пасля вучобы з 3 курсу на спецыялізацыі адвакатура, мне стала абсалютна ўсё канчаткова зразумела і відавочна (дзякуй добрым выкладчыкам за шчырасць), што ў адвакатуру я не пайду. Бо проста не магу.

Так я стала працаваць юрысконсультам, а потым юрыстам, які аказвае юрыдычныя паслугі бізнэсу.

Мне вельмі падабаецца мая праца. Я пяшчотна люблю свае працоўныя спецыялізацыі — рэкламу, фармацэўтыку і медпаслугі, FMCG [тавары штодзённага попыту — НН]. Я вельмі люблю сваіх кліентаў. Мне прыемна, калі яны пішуць словы падзякі ці мне прыемна, калі я бачу плён сваёй працы — рэкламу на вуліцах, крамы, што адкрыліся, увод новай лінейкі папулярных брэндаў, добрую працу кліенцкіх службаў, у мяне высачэзная лаяльнасць да брэндаў, што абслугоўваю, і я усміхаюся і часцей за ўсё купляю прадукты ці паслугі Кліентаў. Часам я вельмі перажываю, калі кліенты прымаюць рашэнні не дзейнічаць па рэкамендаваным мной сцэнары ці не выкарыстоўваюць падрыхтаваныя мной або намі (усё ж такі асобнае задавальненне быць часткай каманды) дакументы, або раптам здзяйсняюць нейкія дзеянні, што супярэчаць або вельмі замінаюць і ўскладняюць атрыманне выніку ад нашай юрыдычнай дапамогі. І тым не менш, дзіцячая мара стаць адвакатам у звычайным, нармальным разуменні гэтага слова — не рэалізаваная, і ня адрэфлексаваная да канца.

Я ўпэўненая, для таго, каб адчуваць сябе рэалізаваным у прафесіі, вельмі важным фактарам з'яўляецца асалода і задавальненне ад зробленай працы. Адчуванне выніку. Задавальненне і ўдзячнасць кліента. Калі паміж якасцю аказанай паслугі і вынікам, а таксама адчуваннем Кліента ёсць прамая прычынна-выніковая сувязь. У краіне, дзе менш за 1% апраўдальных прысудаў па крымінальных працэсах, такой сувязі паміж працай адваката і вынікам — няма. Вось гэтыя 0,04% у год (!!!) — лічба, што вагаецца штогод у раёне дзясятай пасля нуля, і якую ўсвядоміць я не магу ўжо дзесяць год. Тым, хто сутыкаўся з крымінальным працэсам у Беларусі, вядома, што найлепшым вынікам ёсць прызначэнне пакарання ў памеры адбытага і ў сувязі з гэтым вызваленне з залы суду. Пры гэтым, у чалавека застаецца судзімасць і ўсе наступныя за гэтым абмежаванні правоў. Адвакат на стадыі следства, па маіх назіраннях, ёсць асобай, якая падтрымлівае ўстойлівую сувязь паміж блізкімі і абвінавачаным, а таксама не дазваляюць следству валіць прававое бязладдзе рознай ступені. У працэсе часцяком мэтай поспеху адваката ёсць перакваліфікацыя дзеянняў абвінавачанага на больш лёгкія часткі або артыкулы крымінальнага кодэксу. Я чытала рэзалютыўныя часткі прысудаў — мяркуецца, што суд мае даць ацэнку доказам, але ў рэзалютыўках я не бачу тое, што можна назваць інтэлектуальнай ацэнкай, узважваннем, сумневам, роўным падыходам да доказаў следства і адваката. Часцей за ўсё — фармальны пералік доказаў, здабытых следствам і словы «што пацвярджае вінаватасць абвінавачанага».

У справе таго ж Аляксея К. доказам ёсць атрыманая неналежным шляхам невядома адкуль раздрукоўка рахунку, і наступныя агляды следчым старонак, у якіх следчы, насуперак паняццю «агляд», выказвае ацэначныя меркаванні аб той ці іншай інфармацыі на інтэрнэт-старонках і доказы ёю якіх-небудзь фактаў.

Дар’я Альперн-Каткоўская. Фота з асабістай старонкі ў фэйсбуку.

Я чула напэўна амаль ад дзясятка адвакатаў, як калі яны былі маладымі, кожны раз пасля пастановы несправядлівага прысуду яны галасілі ад бездапаможнасці і несправядлівасці. Потым гэта прайшло. Я не думаю, што яны сталі чэрцвейшымі ці горшымі, напэўна, проста крыху больш жорсткімі як праява беражлівасці да сябе ў непераадольнай сітуацыі.

Яшчэ асобнае назіранне. На жаль, адвакаты значна часцей за нас вымушаныя сутыкацца з дробнай нялюдскасцю розных невялікіх пасад. Маральная катастрофа нашай краіны шмат у чым у тым, што ніжэйшыя дзяржаўныя работнікі кшталту міліцыянтаў у судах, сакратароў, ахоўнікаў, якія працуюць за нашы з вамі падаткі, многія з іх людзі, пазбаўленыя мінімальных маральных, чалавечых, эмпатычных якасцей. Учора ў судзе з залы не выйшла яшчэ чалавек 20, калі мент, якому не перад кім нават там было выслужвацца, пачаў выцягваць за рукі жонку Аляксея, якая падышла да кратаў сказаць некалькі слоў любаму, якога асудзілі на 6 гадоў. Чаго варта было яму моўчкі дачакацца, пакуль выйдуць усе, і прапанаваць ёй выйсці, даўшы ёй адну хвіліну блізкасці праз краты з мужам? Вось гэтая бытавая штодзённая плоская нясмачная нялюдскасць да бліжняга ўчора больш за ўсё выбіла мяне з каляіны, больш за апушчаныя вочы суддзі, ні разу не ўзнятыя ў залу, або мятасць і стушаванасць пракурора (дарэчы, свежы прадукт юрфака — год як скончыў).

Чаму я гэта пішу. Я цяпер на стажыроўцы ў адвакатуры. Усё ж такі гэтая карма напаткала мяне, у сувязі з аб'яднаннем адвакатуры і юрпаслуг для бізнесу ў нас большасць калег перайшла ў адвакатуру і стала так званымі «нетрадыцыйнымі» адвакатамі — таксама працуюць пераважна толькі з бізнэсам, без удзелу ў крымінальных і традыцыйных грамадзянскіх працэсах (шлюбныя і жыллёвыя спрэчкі). Я шмат год супраціўлялася нават фармальнаму ўступленню ў шэрагі адвакатаў. Я вельмі паважаю многіх сваіх калег, але, тым не менш, быць часткай сістэмы, што не адпавядае нават фармальным уяўленням аб спаборнасці працэсу, я не хацела. Нават калі я ўступлю ў шэрагі адвакатаў, таксама як большасць маіх калег, не збіраюся займацца крымінальнымі справамі, хоць жыццё паказвае на прыкладзе маёй цудоўнай калегі Таццяны [Ігнатоўскай — НН] — never say never.

Я пачынала з асалоды і задавальнення ад працы. Я бязмерна паважаю многіх маіх калег адвакатаў, якія, нягледзячы на ўсё гэта, працягваюць аказваць дапамогу людзям, якія трапілі ў няпростую сітуацыю, амаль штодня пераадольваючы фрустрацыю. Я ўпэўненая, што эмацыйна іх праца значна цяжэйшая і знясільваючая за маю. Нават у сілу таго, што гэта праца з грамадзянамі, а не юрыдычнымі асобамі. З блізкімі тых, хто трапіў за краты, знаходзяцца ў стрэсе, з усімі іх эмоцыямі, неразуменнем і страхам. Напэўна, задавальненне ад гэтай працы падобнае да таго, што можа адчуваць лекар, які працуе ў хоспісе. Ёсць такое паняцце як «паліятыўная тэрапія» — гэта падыход да лекавання, што дазваляе палепшыць якасць жыцця пацыентаў і іх сем'яў, што сутыкнуліся з праблемамі невылечнага захворвання, шляхам прадухілення і палягчэння пакут дзякуючы ранняму выяўленню, дбайнай ацэнцы і лекаванню болю і іншых фізічных сімптомаў, а таксама аказанні псіхасацыяльнай і духоўнай падтрымкі пацыенту і яго блізкім. Мне здаецца, можна сказаць, што адвакаты ў Беларусі вымушаныя аказваць сваім кліентам па крымінальных справах паліятыўную юрыдычную дапамогу.

Чытайце таксама: «Пераехала камбайнам»: беларуская IT-супольнасць узрушаная і напалоханая прысудам Аляксею Камку

Дар’я Альперн-Каткоўская via Facebook

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера