Знайсці
30.06.2015 / 10:4211РусŁacБел

Віктар Марціновіч: Паэтыка падпітых жабянят

Скажу страшнае. У беларускай культуры, у добра бачнай яе частцы, той, побач з якой вы ходзіце штодзённа, з’явіўся творца кшталту Маякоўскага. Мастак, супастаўляльны з Дзюшанам. Сацыяльны педагог, які пакіне след, больш значны за Макаранку.

Творца ўзроўню Уорхала ці Далі заўсёды пачынае з таго, што шукае пляцоўку, дзе яго чутно. Гэта адрознівае сапраўдна пякельнага генія ад тых таленавітых, але часцяком невядомых людзей, якія складаюць сучасную беларускую паэзію. І вось знайшоўся геній, які спалучыў авангарднае, на мяжы з нонсэнсам, слова і максімальна шырокі выхад да аўдыторыі.

Калі я ўпершыню пабачыў плакат, на якім істота, падобная на сумесь бабра са стэпавым тушканам, са змоўніцкім выглядам грызе нешта, што ўяўляе сабой добра распазнавальную траву (з улікам стаўлення да гэтага назоўніка ў нашай прынцыпова пурытанскай культуры), я здранцвеў.

Істота жэрла сцябло, развесіўшы вусы па баках, і выглядала пры гэтым дакладна як Ёда з зорных войнаў.

Але, галоўнае, побач месціўся подпіс. Подпіс, які ператвараў гэтую выяву з нечага проста страшнавата-смешнага ў сур’ёзнае мастацкае выказванне. Подпіс такі:

чтоб у каждого был дом
с правилами будь знаком
спички в поле не бросай
и траву не поджигай

Чорныя скамянелыя зрэнкі істоты на плакаціку, не пакідалі сумневаў: фраза «и траву не поджигай» тычылася не толькі вераснёвых выпалаў, якія так турбуюць нашых надзвычайшчыкаў. Так просценькі, нібыта дзіцячы тэкст набрыняў яшчэ і інтэртэкстам, зразумелым для тых, хто ў тэме (Тушкан = Чуйская даліна).

Ужо на гэтым плакаце наш Маякоўскі адразу прад’яўляў увесь інструментарый сваіх метадаў: радкі, што выломваюць мозг, набраныя розным колерам, нібы дэматыватар УКантакціку. Зварот да чытача як да гарэзнай тупаватай істоты, што шарыцца па палях і паліць траву, прычым сумяшчае гэта з іншымі, больш цяжкімі заняткамі, у выніку чаго пакутуюць дамы тушканабаброў.

У плане мэсіджаў тут добра бачныя і лёгкая грэблівасць інтэлектуала да быдла (паляць у полі, не ў Амстэрдаме), і пазітывізм анёла, які нібыта не ведае шматзначнасць слова «трава», і загадкавасць, невытлумачальнасць. І нават казка! І «Зорныя войны»!

Але гэта быў толькі пачатак. Праз некалькі месяцаў я пабачыў у горадзе яшчэ адзін выбітны помнік трапнаму слову. Гэты шэдэўр спыніў мой позірк перш за ўсё відовішчам расслабленай жабкі на адпачынку. Яе паставу і медытатыўнасць можна супаставіць з чалавечай — толькі каб упэўніцца ў тым, што чалавек так расслабляцца не ўмее.

Тэкст тут ужо зусім моцны, узроўню Уільяма Блэйка — той часткі ягонай творчасці, калі ён канчаткова развітаўся з рацыянальным. У гэтым можна знайсці таксама Бадлера і нават Кафку, але для самавітых паэтаў супастаўленне з некім іншым заўсёды крыўднае.

«Каждая жабка солнышку рада», — паведамляў нам творца даволі спрэчны тэзіс, бо, здавалася б, жабкі больш любяць пахмурнае, дажджлівае надвор’е, якое добра ўплывае на іх жабянячую скуру. Але тэзіс спрэчны толькі калі чытаць яго літаральна, адрынаючы метафізіку. З дзяцінства мы ведаем забабон: калі заб’еш жабку — будзе дождж. Такім чынам, на другім узроўні ўспрыняцця ў тэзе праступае тэма смерці і не-быцця: жабкі радыя «солнышку» таму, што яно гарантуе ім жыццё. Няма смерці жабкі = няма дажджу! Таму яны ўхваляюць сонейка — гэта хутчэй рэлігійны, чым анталагічны аспект.

Але наступны радок яшчэ цікавейшы:

«Выпил немножко? В водичку — не надо! Купание в нетрезвом виде — причина гибели людей», — дадаюць па-ўорхолаўску жоўтыя тытры ўнізе.

Як жа гэта няшна! Вы адчуваеце? «Выпіў нямножка»! Не «накідаўся», не «нажэрся», нават не «напіўся» ці проста «выпіў»!

Тут ёсць гэтае ўтульнае «нямножка», яно гучыць голасам падсвядомасці, кшталту «я ж толькі нямножка, пайду купацца»! Моўны адрасат няшнасці гэтага радку — нехта з дзіцячага садка. Паэт звяртаецца тут да дзіцяці ў нас. І гэтае дзіця аказваецца зноўку — як з гэтай «травой» — схільнай да алкагалізму і суіцыду змрочнай істотай.

І вось гэтую істоту — не, не крытыкуюць. А па-матчынаму песцяць. «Выпіў нямножка? — шэпча матчын голас і ўвесь гэты час на нас глядзіць пільнае вока «падпітай жабкі». — Выпіў — паспі! Бы гэтае жабяня! «Баю-бай, баю-бай, вачаняты закрывай», — як спявалася ў адной тэлевізійнай калыханцы. Плакат акультурвае нас і з дапамогай сапраўднай, моцнай паэзіі пазбаўляе ад грахоў.

Калі я намагаўся ўявіць асобу, якая стварыла гэты цуд, мне мроіўся цынічны барадаты крэатар адной з інтэрнацыянальных рэкламных агенцый, змешчаных у Мінску. Я ўяўляў, як ён сядзіць у прыцемках начнога клубу, аточаны аголенымі прыгажунямі, як набірае поўныя лёгкія дыму з кальяну і, прымружваючыся, нараджае слова за словам гэтую формулу, якая цвіком потым уваходзіць у галовы мільёнаў:

«Каждая жабка…. Э… Чаму там… Ну вось, хай сабе сонейку… Солнышку, значыць, рада. Э… выпіў нямножка (яшчэ адна зацяжка з кальяна) Э… ў вадзічку не нада». І ў сінопсісе: «На фотцы жаба, вазьміце з гугла, стыль «уняня». Пасля гэтага ён перачытвае, што ў яго атрымалася, закідвае валасатую галаву барадой уверх і хрыпата смяецца, задаволены тым, як здолеў аплесці сапраўднай суворай паэзіяй ўвесь горад, што паэзіі цураецца.

Я, прызнацца, зрабіўся вялікім прыхільнікам гэтага творцы і ціхенька спрабаваў даведацца пра яго па начных клубах ды кальянных, уяўляючы супольны праект у галіне, напрыклад, прадухілення вывазу дзяўчын за мяжу з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі (о, мы шмат маглі б накрэатывіць разам!)

Потым я прачытаў вось гэта і зразумеў, што часам самыя моцныя словы, самыя нерэальныя фармулёўкі нараджаюцца не мозгам цынічнага барадатага генія ў клубе пасля кальяну, а прафесіянала з акадэмічным досведам.

Пры канцы я хацеў бы, каб вы паглядзелі на выяву нумар 2. Зацаніце, як утульна гэтай парачцы на рамонку. Праслязіцеся з моцны ўступу:

Божьи коровки не курят в кроватке

Зразумейце, што ваш чалавечы мозг не здолеў бы ўявіць сабе чырвоных кузурак, якія кураць у ложку. І тым больш іх жа, божых каровак, якія ў ложку не кураць! А між тым, менавіта гэтым яны тут і займаюцца: сядзяць на рамонку і не кураць у ложку!

Гэты парадокс, які я назваў бы парадоксам МНС-Кароткінай — ужо філасофская заява, супастаўляльная з катом Шродынгера ці Бурыданавым аслом. Дык хто яшчэ скажа, што Беларусі няма чым ганарыцца ў дызайне, рэкламе і гуманітарных навуках?

Паклон вам да зямлі, Надзея Кароткіна! Ад імя вавёрак, жабак і баброў! Ад імя беларускага лесу!

Віктар Марціновіч, budzma.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829