Знайсці
28.06.2015 / 15:227РусŁacБел

Віталь Цыганкоў: Радуе несумненнае ўмацаваньне інстытуту сям’і

Калі задумацца, то гэта неймаверна, як хутка адбываюцца зьмены ў сьвеце. Яшчэ якіх 30 гадоў таму за аднаполыя адносіны саджалі нават на Захадзе і на пытаньне пра гей-шлюбы 95 працэнтаў адказалі б «Вы што — хворы?» А сёньня гэта мэйнстрым і большасьць жыхароў заходніх краінаў, паводле сацыёлягаў, падтрымлівае гей-шлюбы.

Чалавецтва за 30 гадоў прайшло зрух у сьвядомасьці, на які раней патрабаваліся б стагодзьдзі, зьмяніла норму, якая існавала тысячы гадоў. Хтосьці скажа — «гэта захапляе і натхняе», хтосьці скажа — «гэта даказвае толькі тое, што цяпер людзкі статак разварочваць на 180 градусаў нашмат прасьцей». Магчыма, ісьціна недзе пасярэдзіне, але мне (як чалавеку, які яшчэ гады тры таму пісаў у артыкуле, што я выступаю за гей-шлюбы і сваёй пазыцыі не мяняў) часам прыкольна назіраць, як людзі ў адзіным парыве пішуць «я яшчэ нядаўна быў супраць, але цяпер я празрэў і зразумеў…»

Мне толькі шкада, што на фоне бітвы эмоцыяў ніхто не займаецца спакойным аналізам таго, якія сацыяльныя, маральныя ды іншыя наступствы для чалавецтва нясе гэты працэс. У той час як адны шалёна крычаць «ура, свабода» і мяняюць аватаркі на Фэйсбуку (забаўляе гэты «парад ляяльнасьці»), іншыя, як шалёныя, крычаць «канец сьвету наступае» — але ніхто не спрабуе (ці ня можа) спакойна ацаніць, што ж нясе гэты працэс. І я не вазьму на сябе такую ролю, не хапае ведаў і інфармацыі. Але першае, што можна засьведчыць – гэта відавочнае зьніжэньне градусу «маскуліннасьці» ва ўсіх сфэрах заходняга грамадзтва, размываньне гендарных роляў, стварэньне прэцэдэнту «варыянтнасьці», які невядома якім бокам можа павярнуцца, якая «варыяцыя» будзе легітымізаваная наступнай.

Што мне адназначна не падабаецца — дык гэта непрыгожая падмена паняцьцяў, калі любога чалавека, які не прымае гей-шлюбаў, пачынаюць называць «гамафобам». Як чалавеку, які выступае за гей-шлюбы, мне здаецца гэта прымітыўным і нізкім. Паводле такой логікі, «гамафобамі» можна называць 99 працэнтаў усіх людзей, што жылі на Зямлі да апошніх 30 гадоў — бо нікому з іх не прыйшло б у галаву выступаць за гей-шлюбы. Я магу не любіць сацыялізм, але гэта ніяк не значыць, што я ненавіджу тых людзей, які выступаюць за сацыялізм. Людзі могуць цалкам нармальна і пазытыўна ставіцца да геяў, але быць супраць гей-шлюбаў з-за сваіх палітычных, рэлігійных ці каштоўнасных перакананьняў. Ці проста паводле звычцы.

У любым выпадку, радуе несумненнае ўмацаваньне інстытуту сям’і:). Некаторыя памылкова думалі, што геям трэба сэксуальная разьняволенасьць і свабоднае каханьне. Як яны памыляліся! Аказалася, што прасунутым геям, як і гетэрасэксуалам, патрэбны штампік у пашпарце.

Віталь Цыганкоў, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера