Што варта ведаць, калі надумаеце ехаць у Албанію ФОТЫ 21

Аўтар: Ганна Клімовіч, фота аўтаркі

Трыццаць гадоў таму Албанія была самай закрытай краінай Еўропы. І хоць яна даўно прымае турыстаў, для многіх дагэтуль застаецца загадкавай.

Усё больш беларускіх турфірмаў прапануюць сваім кліентам адпачынак на Адрыятычным моры ў Албаніі. Некаторыя называюць гэтую балканскую краіну бюджэтным аналагам Італіі. І сапраўды: ёсць і выхад да мора (нават двух: Адрыятычнага ды Іанічнага), і сляды старажытнай Рымскай імперыі, у склад якой калісьці ўваходзіла Албанія. Ды і цэны сярэдняга беларуса не спалохаюць — не тое што італьянскія ці нават чарнагорскія. Розніца ў абслугоўванні часам істотная, але ж і Мінск не адразу будаваўся.

Тым больш Албанія вельмі чакае беларускіх турыстаў: на лета краіна адмяняе для беларусаў візы. Чаму б не скарыстацца? Улічваючы, што з мінулага года з’явілася магчымасць даляцець наўпрост з беларускай сталіцы ў Тырану чартарным рэйсам «Белавіі», кансалідаваным тураператарам «Аэратрэвэл».

Дзень. Вуліца. Тырана. Цэнтр

Калі ў 2013-м годзе Албанію наведалі 3,3 мільёна турыстаў, то ў 2017-м — амаль 5,2 мільёна, больш чым у паўтара разы. Што ж шукаюць вандроўнікі ў гэтай краіне?

Тут захаваліся адбіткі розных гістарычных эпох, не падобных адна да адной.

Краіна ўваходзіла ў склад Рымскай, Візантыйскай, Асманскай імперый. У пачатку ХХ стагоддзя атрымала незалежнасць ды спрабавала розныя формы кіравання: то рэспубліка, то каралеўства. Але ўжо ў 1939-м была акупаваная Італіяй, пасля — Германіяй.

З 1946 да 1985 года Албанія існавала як сацыялістычная дзяржава пад кіраўніцтвам дыктатара і паслядоўнага сталініста Энвера Ходжы. Ён абвінаваціў СССР у тым, што краіна адышла ад ідэалаў камунізму, і разарваў усе адносіны з вялікім братам. Сяброўства з Кітаем Мао Цзэдуна таксама было нядоўгім — кітайцы не маглі адпавядаць ідэалам Ходжы.

Албанія настолькі ізалявалася ад знешняга свету, што прыязджаць туды маглі адзінкі, ды і тым даводзілася праходзіць мноства спецыяльных працэдур, аж да абавязковай стрыжкі пад уніфікаваны албанскі стыль па прыбыцці ў аэрапорт Тыраны.

Аднак пасля смерці Ходжы краіна пачала лібералізавацца, развівацца, і гэты працэс працягваецца па сёння.

У сучаснай Албаніі можна напаткаць руіны старажытнага амфітэатра, а праз пару соцень метраў — бункер. І гэта другая вядомая фішка краіны, якую мясцовыя называюць Шкіперыяй (краінай арлоў):

Энвер Ходжа загадаў пабудаваць больш за 700 тысяч адмысловых бункераў па ўсёй краіне, дзе б маглі хавацца албанцы ў выпадку, калі раптоўна пачнецца ядзерная вайна.

Можна здагадацца, што бункеры аказаліся незапатрабаванымі. Цяпер некаторыя мясцовыя выкарыстоўваюць іх як склепы для захавання бульбы і кампотаў, іншыя — разбіраюць на бетонныя дэталі, якія пасля пускаюць на ўзвядзенне дамоў і хлявоў.

Злева — бункер на прыватным участку. Справа — бункер-музей у цэнтры Тыраны

З некаторых бункераў зрабілі музеі ды пускаюць унутр наведвальнікаў. Самы вялікі з іх — бункер Ходжы (а як жа). Яго час ад часу адкрываюць для турыстаў, але Міністэрства абароны робіць усё магчымае, каб схаваць ад замежнікаў гэты стратэгічны аб'ект.

Месціцца мегабункер на ўскрайку Тыраны. Гэта вялізнае падземнае шматпавярховае збудаванне, дзе 106 пакояў, тры кіламетры тунэляў, сховішча боепрыпасаў і прадуктаў харчавання, цэнтр сувязі, канцэртная зала і апартаменты для камфортнага пасляатамнага ваеннага пражывання вялікага правадыра.

Бункеры — далёка не адзіны прыклад нетыповай архітэктурнай спадчыны Албаніі.

Калі едзеш па дарогах з аднаго горада ў другі, іншым разам пачынаеш адзначаць, што недабудаваных дамоў куды болей, чым прыдатных для жыцця.

Вось так выглядае большасць «недабудаў» у Албаніі. Штосьці сярэдняе паміж офісным цэнтрам і паркінгам

У той жа час большасць жылых дамоў, пабудаваных за савецкім часам, албанцы ператварылі з шэрых у больш жыццесцвярджальныя, расфарбаваўшы іх у розныя колеры.

Вандэрлэнд, без сумневаў

На вуліцах Тыраны ў будні бывае надзвычай цяжка праехаць: машын процьма, мала каго хвалююць правілы дарожнага руху (мы ж казалі, што маленькая Італія). Хаця самі дарогі не такія вузкія, як у многіх гарадах Заходняй Еўропы.

У канцы мінулага стагоддзя сярод небагатых албанцаў панавала меркаванне, што аўтамабіль — хутчэй раскоша, чым сродак перасоўвання. Дазволіць яго маглі сабе нямногія — астатнія ездзілі роварамі ці якім іншым транспартам. Магчыма, каб завяршыць гэты гештальт з мінулага, албанцы цяпер надта паважліва ставяцца да аўтамабілістаў:

паркоўкі ў гарадах сустракаюцца на кожным кроку.

А дзе не сустракаюцца, там проста яшчэ будуюцца. Дайшло да таго, што ўваход у падземны паркінг зрабілі наўпрост на цэнтральнай плошчы Скандэрбега ў Тыране.

Знізу — паркоўка, зверху — цэнтральная плошча сталіцы

У той жа час людзі не імкнуцца адмаўляцца ад ровараў і актыўна імі карыстаюцца, нягледзячы на тое, што з інфраструктурай тут пакуль усё складана. Роварныя сцежкі хоць і павялічваюцца, але дысцыпліна ўдзельнікаў дарожнага руху пакідае не самыя добрыя ўражанні. Аўтамабілісты часта не прымаюць раварыстаў за паўнавартасных удзельнікаў руху ды не прапускаюць іх наперад там, дзе гэтага патрабуюць правілы.

Так і мне не пашчасціла стаць ахвярай згаданай «роварнай дыскрымінацыі».

Каля горада Шкодара ехала па правым краі дарогі, як і мясцовыя жыхары (збочыны ці адмысловай сцежкі ў той шашы не было). З таго ж боку стаяла прыпаркаваная машына, кіроўца якой, не зірнуўшы на дарогу, проста з размаху адчыніў дзверы, адкінуўшы мяне з роварам на іншую паласу шашы. Першае, што зрабіў пасля гэтага кіроўца, — не дапамог падняцца, не выбачыўся, а хутчэй перапаркаваў машыну на супрацьлеглы бок дарогі, каб было як выкруціцца перад паліцыяй у выпадку, калі я збяруся туды звярнуцца. Толькі застрахаваўшы сябе ад адказнасці, ён звярнуў увагу на кульгавую падбітую дзяўчыну ды ейны зламаны ровар.

Неўзабаве я даведалася, што ў албанцаў з’яўляецца лекамі ад усіх хвароб.

Аналагічна таму, як у нас многія націраюць хворых на гарачку гарэлкай, албанцы лечаць усе хваробы сваім мясцовым алкагольным напоем — ракіяй.

Прычым і націраюць ёй гематомы, і даюць пацярпеламу выпіць, каб зменшыць боль.

Калі казаць пра албанцаў у цэлым, то яны пакідаюць станоўчае ўражанне. Ветлівыя, спагадлівыя. Адрозненне албанскай культуры ад беларускай заўважаецца ў карацейшай міжасабовай дыстанцыі: да незнаёмца з вуліцы ў Албаніі ставяцца амаль як да члена сям’і. Яму могуць задаць ці не любое пытанне ды распавесці займальную гісторыю з уласнага жыцця.

Шахматныя спаборніцтвы ў парках збіраюць аншлагі

Нават журналісты, якія перахапілі нас на Плошчы Скандэрбега, перш-наперш пацікавіліся, ці мы муж і жонка ды як хутка збіраемся імі стаць. А ўжо пасля пайшлі пытанні, адкуль прыехалі ды што знайшлі ў Албаніі файнага.

Дарэчы, як журналісты, так і большасць людзей, якія нам сустракаліся, нешта ведаюць пра Беларусь.

Зразумела, не год абвяшчэння БНР ці асобу Астрожскага, але Лукашэнку ды сталіцу Мінск называюць без доўгіх роздумаў. І гэта было сюрпрызам, бо за год да вандроўкі ў Албанію я гутарыла з людзьмі ў суседняй Італіі, дзе калі і чулі пра Беларусь, то з поўным перакананнем, што гэта адна з расійскіх правінцый.

Часам здаецца, што людзі настолькі даверлівыя, што ажно абыякавыя.

Патлумачу гэтую думку на прыкладах.

У Тыране мы з калегам-журналістам адправіліся ў бункер-музей, што ля цэнтральнай плошчы. Уваход каштаваў дзесьці каля 10 еўра. Выключна дзеля цікавасці і ні на што не спадзеючыся, я падышла спытаць, ці можна прайсці па беларускім пасведчанні журналіста. Паказала супрацоўніцам музея чырвоную картку, дзе ўсё напісана па-беларуску, на што яны адказалі: «Мы ні халеры не разумеем, што тут напісана, але калі гэта пасведчанне журналіста, то калі ласка, праходзьце».

Падобная сітуацыя была ў маршрутцы ў Шкодары. Квіток каштаваў 5 еўра з чалавека, і я, зноў ні на што не разлічваючы, працягнула дзясятку за дваіх ды спытала, ці прадугледжаныя зніжкі для тых, хто мае міжнародную студэнцкую картку. Кіроўца сказаў, што ніколі пра гэта не думаў, пачасаў патыліцу ды прабіў два квіткі па 4 еўра, хаця нават не зірнуў ні на маю карту ISIC, ні на твар майго калегі, які ўжо даўно вырас са студэнцкіх гадоў.

Таму, калі вы апыняцеся ў Албаніі з жорстка лімітаваным бюджэтам, майце на ўвазе, што дамовіцца з людзьмі ў гэтай краіне можна — ужо пастфактум будзеце здзіўляцца, як так адбылося і як гэта ўсё атрымалася.

І калі ўжо згадала пра маршруткі… Транспарт у Албаніі — свая стыхія.

Калі вы селі ў аўтобус да горада, які ад вас за 80 кіламетраў, будзьце гатовыя ехаць палову дня.

З македонскага Охрыда да албанскай Тыраны, хоць гарады знаходзяцца на адлегласці менш за сто кіламетраў адзін ад аднаго, албанскі перавозчык вёз нас больш за пяць гадзін.

Загадка: пракладзіце найкарацейшы шлях з пункта А ў пункт С

На шляху да албанскай сталіцы мы праехалі нават прыморскі гарадок Дурэс, хаця паміж Охрыдам і Тыранай ніякага мора не прагназавалася. Шмат разоў пераправяралі, ці не памыліліся аўтобусам, бо здавалася, што мы патрапілі на экскурсійны маршрут з музычным суправаджэннем.

Музыка ў міжгародніх аўтобусах — неад’емная частка паездкі. Штораз мы назіралі своеасаблівы абрад: перад адпраўленнем кіроўца падключае два тэлевізары, наладжвае карцінку з паненкамі ў нацыянальных строях, якія танчаць ды спяваюць народныя песні. Затым кіроўца праходзіць па салоне ды правярае, ці адусюль добра чуваць, каб ніхто не пакрыўдзіўся, што занадта ціха. Калі з гукам парадак і паненак усім бачна — усё ў парадку, можна адпраўляцца ў дарогу.

Праўда, у вокнах аўтобуса карцінка здаецца лепшай, чым у тэлевізары. Увесь час едзеш па серпанцінах, знізу — вада, зверху — горы і вадаспады.

Прырода надзвычайная! Вось так едзеш, любуешся, а пасля ўглядаешся ды адзначаеш яшчэ адну адметную рысу Албаніі: неверагодная забруджанасць шыкоўных прыродных краявідаў адходамі чалавечага існавання.

Ад сузірання гор смецця пасярод гор пясчаных і крамяністых наварочваюцца слёзы. Асабліва шмат бруду ў каналах і вадасховішчах. Глядзіш на іх ды з цяжкасцю разглядаеш ваду. І спадзяешся, што перад табой не той канал, які забяспечвае горад пітной вадой.

Трохсотгадовы каменны мост каля Шкодара. Горы, смецце — «ідылія»…

Сэрвіс у Албаніі някепскі, але са сваімі асаблівасцямі.

Першы сюрпрыз нас чакаў адразу па прыездзе ў Тырану. Мы добра вымаклі пад дажджом, неслі цяжкія заплечнікі, хацелі хутчэй патрапіць туды, дзе суха і цёпла. У нас былі даўно забраніраваныя апартаменты, заставалася іх толькі знайсці. Пошукі не былі простымі: тэхналогія планіроўкі і нумарацыі будынкаў нязвыклая для беларусаў. Але калі мы ўсё ж адшукалі запаветны пункт прызначэння, то аказалася, што гаспадыня нас не чакае: кватэра была зачыненая. Па тэлефоне яна нам паведаміла: «Не чакайце мяне, я ў іншым горадзе да наступнага тыдня, пашукайце іншае размяшчэнне». Вось так проста албанцы могуць ставіцца да запрошаных гасцей, хай сабе яны і вязуць грошы.

На шчасце, у Тыране шмат варыянтаў пражывання для турыстаў. Прайшоўшы сотню метраў, мы зайшлі ў прыемны хостэл, дзе за 16 еўра нас на суткі засялілі ў нумар з двума вялізнымі ложкамі і кандыцыянерам-абагравальнікам, які, на дзіва, працаваў на дзясятачку. Рэмарка пра абагравальнік трапіла сюды невыпадкова: большасць албанскіх памяшканняў проста не маюць убудаваных батарэй, таму ў гатэлях і хостэлах вы сустрэнеце толькі кандыцыянеры, наладжаныя на рэжым абагрэву. І лічыце, вам пашанцавала з жыллём, калі кандыцыянер у пакоі не проста ёсць, а яшчэ і працуе.

Чарговая нечаканасць напаткала нас у кандытарскай з усходнімі прысмакамі. У мілавіднай гандляркі мы папрасілі два кавалачкі пахлавы. Дзяўчына шырока ўсміхнулася, дастала з прылаўка рукой (без пальчатак) адзін кавалак, паклала ў пакунак. Затым аблізала руку ад сіропу ды ёй жа ўпакавала нам другі кавалачак. Непадрыхтаваныя мы былі і да таго, што ў Албаніі цяжка знайсці тэрмінал для аплаты банкаўскай карткай.

Карткі не прымаюць нават у касах цэнтральных аўтавакзалаў. Майце гэта на ўвазе і купляйце загадзя мясцовыя лекі (гаворка не пра медыкаменты, а пра албанскія грошы). Шмат дзе, аднак, прымаюць аплату ў еўра — удакладняйце.

Амаль усюды — ад шкодарскага гатэльчыка да цэнтральнай рэстарацыі Тыраны — трэба было шукаць для аплаты наяўныя. Але варта аддаць належнае: за 12 еўра ў рэстаране ў цэнтры Тыраны мы замовілі чатыры стравы ды два графіны мясцовага віна. І яшчэ адна албанская фішка: чаявыя тут прынята не пакідаць на стале, а даваць наўпрост у рукі афіцыянту ці афіцыянтцы.

Круглы год па ўсёй краіне працуюць фантаны.

Іх у Албаніі шмат. Фантаны не тое каб грандыёзныя, а-ля рымскі Трэві, але па-свойму арыгінальныя, розных формаў, з падсветкай і без. І больш за ўсё дзівіць, што працуюць яны не толькі летам, але і сярод зімы, у тым ліку і ў дажджлівыя студзеньскія ночы (так, дажджы — нармальная з’ява для балканскага студзеня).

Калі да вас раптоўна пад’едзе машына і спыніцца — не спяшайцеся палохацца.

Калі ўпершыню пад’ехаў чорны джып, і я зразумела, што кіроўца спыніўся не з мэтай спытаць, як прайсці ў бібліятэку, стала крыху не па сабе. Далей адбылася сцэна без слоў: мужчына за стырном апусціў бакавое шкло, сфатаграфаваў мяне на звычайны лічбавы фотаапарат, падняў шкло і паехаў далей. Такая гісторыя паўтарылася пасля яшчэ два разы, і я зрабіла выснову, што мясцовыя проста не бачаць нічога непрыстойнага ў тым, каб фатаграфаваць замежнікаў без лішніх пытанняў, асабліва турыстак-бландзінак.

Аднак што тычыцца камунікацыі, то турыстам у Албаніі лягчэй, чым турыстам у Беларусі, паколькі большасць мясцовага насельніцтва можа размаўляць па-англійску, прынамсі, у турыстычных гарадах.

Хлопцы, якія апоўдні сядзелі каля аднаго з тыранскіх пад’ездаў ды пілі мясцовае таннае піва з двухлітровай бутэлькі, без цяжкасцяў падказалі дарогу да нашых замоўленых апартаментаў (тых самых, што пазней не спатрэбіліся).

Не Тыранай адзінай. Што яшчэ варта наведаць у Албаніі?

Штогод расце папулярнасць пляжных рэгіёнаў: Дурэс, Влёра, Саранда, Ксаміль.

Горад Влёра размешчаны паміж двума морамі: Іанічным і Адрыятычным, за 130 кіламетраў ад албанскай сталіцы і аэрапорта. І ўсяго за 72 кіламетры ад мяжы з Італіяй. Влёра адметная пляжамі на любы густ: пясчанымі, галечнымі, камяністымі — а таксама шматлікімі куткамі пакуль некранутай прыроды.

Саранда — маленькі і ціхі курортны гарадок на 37 тысяч чалавек. Яго пясчаныя берагі абмываюць воды Іанічнага мора, а насупраць размяшчаецца грэчаскі востраў Корфу. Бадай, найлепшае месца для аматараў ціхага і бязлюднага адпачынку. Ад шумнай сталіцы (то бок і ад аэрапорта) ён на вялікай адлегласці: амаль трыста кіламетраў. Але можна ляцець і да Корфу, а пасля прыплываць у Саранду на пароме.

Ксаміль — пасёлак за 15 кіламетраў ад Саранды — вядомы пад перыфразай «албанскія Мальдывы». Так яго ахрысцілі за бірузова-смарагдавую ваду Іанічнага мора з белым пляжам навокал. Ксаміль мае пляжы як у мацерыковай частцы, так і на выспах, куды можна даплыць катамаранам, маторнай лодкай або і без адмысловага транспарту (з ластамі ці без іх).

І нарэшце Дурэс. Напэўна, самы папулярны курортны горад Албаніі (найперш таму, што да яго прасцей за ўсё дабрацца: 40 кіламетраў ад Тыраны і мясцовага аэрапорта). І асабліва Дурэс падабаецца сем’ям з дзецьмі, праз мелкае мора і шырокія пясчаныя пляжы.

На сайце тураператара «Аэратрэвэл» можна падабраць тур у любы з гэтых гарадоў. Самалёты лятаюць наўпрост з Мінска, таму дарога будзе лёгкай і прыемнай. Магчымасць прамых пералётаў даступная ад мінулага году, і кампанія ўжо атрымала шмат пазітыўных водгукаў ад вандроўнікаў, што ёй скарысталіся.

УНП 190775817

Цяпер Албанія толькі пачынае паказваць сябе свету. Шлях гэты доўгі і няпросты. Таму тут і сустракаецца так шмат хібаў. Зрэшты, а хто казаў, што будзе проста? Важна іншае: Албанія цвёрда вырашыла стаць прывабнай для турыстаў. І для гэтага ў краіны ўсё ёсць. Патрэбны толькі час. А пакуль не ўпусціце магчымасць убачыць Албанію такой, якая яна сёння. Яшчэ не цалкам прычэсанай і ўніфікаванай, з прыязнымі і шчырымі людзьмі, смачнымі стравамі, цёплым морам і недарагімі паслугамі.

Албанія (алб. Shqipëria) — дзяржава ў заходняй частцы Балканскага паўвострава. Насельніцтва — каля 2,9 мільёна чалавек, тэрыторыя — каля 28,7 тыс. км². Займае 136-е месца ў свеце па колькасці насельніцтва і 139-е па тэрыторыі. Падзяляецца на 12 абласцей.

Сталіца — Тырана. Дзяржаўная мова — албанская.

Албанія — парламенцкая рэспубліка. Дзеючы Прэзідэнт — Ілір Мета.

Албанія — член НАТА з 2009 года. Афіцыйны кандыдат на ўступленне ў ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?