Вітаўт Кіпель

Жыве Беларусь!

Гэты кліч-лёзунг стаўся для беларускае нацыянальна-дзяржаўніцкае плыні ў ХХ стагодзьдзі стымулам да дзейнасьці ў пашырэньні беларускіх ідэяў, адраджэньні беларускае дзяржавы.

З Купалавае патрыятычнае спадчыны кліч “Жыве Беларусь!” выкрышталізаваўся як адзін з найбольш пашыраных і ўкаранелых заклікаў, што характарызуе беларускую палітычную мэтанакіраванасьць у нацыянальнай працы. А зь лёзунгам-клічам знаёмая, бясспрэчна, уся Беларусь.

Падставу для такога замацаваньня ды жывучасьці клічу выказаў ужо ў першым аналізе Купалавага зборніка “Жалейка” і верша “Гэта кліч, што жыве Беларусь” Уладзімер Самойла (“НН” №17, 1908), пішучы, што Купалавы радкі — гэта “голас, што выходзіць з самой глыбі народнай душы”, а таму гэтаму голасу — голасу душы народу — наканаванае жыцьцё ды лёс быць клічам будучыні, адраджэньня, клічам пакаленьняў.

Сустракаючы ўжо ў ХХІ стагодзьдзі кліч “Жыве Беларусь!” (адно ў віншавальных лістах-паштоўках — дзясяткі і дзясяткі!), я захацеў падзяліцца ўспамінамі-ўражаньнямі аб сустрэчах з гэтым клічам у мінулым ХХ стагодзьдзі.

Упершыню давялося мне сустрэцца зь лёзунгам “Жыве Беларусь!” у Менску ў кастрычніку 1942 г. Я вучыўся тады ў 29-й народнай школе (сямігодцы), што месьцілася на вуліцы Багдановіча (тады Горкага) у раёне Траецкага перадмесьця, там, дзе цяпер будынак Дому прыроды. Аднае пятніцы дырэктар школы сп.Пётра Кісель, аддаўна знаны беларускі настаўнік, сабраў вучняў 6-х і 7-х клясаў у калідоры (залі не было) і сказаў прыблізна такое: “У Менску цяпер шмат сіротаў, якімі апякуецца ў асноўным Беларуская народная самапомач (БНС). БНС зьвярнулася да школаў Менску, каб правесьці збор грошай для дапамогі сіротам. I вось я сабраў тут вас, вучняў старэйшых клясаў, каб прасіць дапамагчы ў гэтай справе. Патрэбныя толькі добраахвотнікі”. Згадзіліся ісьці на збор амаль усе вучні, асобаў 25—30. Дырэктар раздаў нам скарбонкі і вызначыў раёны, дзе зьбіраць грошы. Мне выпаў Ляхаўскі.

Скарбонкі былі велікаватыя, літры на паўтара-два, і перапаясаныя бел-чырвона-белымі стужкамі з надпісам “Жыве Беларусь!”. Здавалі мы скарбонкі ў суботу ў памяшканьні царквы на Нямізе, дзе быў прадстаўнік БНС. Я здаў сваю скарбонку каля гадзіны 5-й. Пры мне той з БНС адчыніў скарбонку ды высыпаў тысячы рублёў і шмат, шмат марак. Як казаў нам пазьней дырэктар Кісель, той збор грошай быў вельмі памысны. Ваенны Менск шчыра адгукнуўся на заклік аб дапамозе. Бясспрэчна, Беларусь у Менску жыла! Для мяне гэта была першая беларуская грамадзкая праца-нагрузка, якая запомнілася на ўсё жыцьцё.

Наагул жа, лёзунг “Жыве Беларусь!” вельмі шырока ўжываўся ў той час у Менску. Настаўнікі часта віталіся з вучнямі клічам “Жыве Беларусь!” Калі я ў 1943 г., закончыўшы школу, пайшоў вучыцца далей у прагімназію (яна месьцілася на Нямізе, па простай лініі ад Скарынаўскага цэнтру на Нямігу; цяпер гэтага будынку няма), дык у прагімназіі вучні проста крычалі што было сілы, калі да іх зьвярталіся з клічам-прывітаньнем дырэктар прагімназіі сп.Аляксандар Акановіч альбо настаўнік літаратуры сп.Антон Адамовіч. Віталіся клічам “Жыве Беларусь!” і настаўнік гісторыі (прозьвішча не памятаю), і настаўнік фізкультуры Козьлік (ён пазьней быў прызваны ў БКА). Клічам “Жыве Беларусь!” віталі вучні й уладыку Апанаса, які наведаў прагімназію.

Трэба сказаць, што пашыраная цяпер у грамадзтве думка, нібыта заклік “Жыве Беларусь!” новы, няслушная. Гэты кліч ужываўся як палітычны нацыянальны заклік ужо ў 1918 г. (выступленьне А.Баліцкага ў Кіеўскім унівэрсытэце, што Баліцкаму ставіў у віну С.Вальфсон — “Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі”, 1931 г., с.45), кліч ужываўся на сходах студэнтаў у 20-х у Празе, пазьней на грамадзкіх сходах у Парыжы, Вільні.

Відавочна, што кліч пашыралі сябры СБМ. Пад гэтым назовам пачаў выходзіць часопіс (Менск—Тропаў, 1943—44). Дарэчы, на эміграцыі пад назовам “Жыве Беларусь” выходзілі часопісы і пазьней: так зваўся пэрыёдык Беларускага вызвольнага руху (1957—62, Ангельшчына—ЗША), бюлетэнь БЦР (1976—86, Нямеччына—ЗША).

Спрыяла пашырэньню клічу “Жыве Беларусь!” у Заходняй Эўропе дзейнасьць тэатральнае беларускае трупы такога ж назову. Гэтая трупа езьдзіла па Нямеччыне ў 1944—48 г. і сотні разоў выступала як для беларусаў, гэтак і для небеларусаў. Кліч “Жыве Беларусь!” стаўся стандартным для беларускіх скаўтаў, хоць, безумоўна, афіцыйны скаўцкі кліч “Напагатове!” быў абавязковы. Арганізацыі моладзі, студэнцкія й грамадзкія суполкі выдалі дзясяткі жэтонаў, плякатаў, паштовак з надпісамі “Жыве Беларусь”. Арганізацыя беларуска-амэрыканскае моладзі аздобіла летнія саколкі з надпісам “Жыве Беларусь”.

Слоў няма — кліч шырока ўжываўся ў краінах Захаду, дзе жылі беларускія эмігранты. З Эўропы кліч перабраўся ў Аўстралію й краіны Амэрыкі.

У маёй грамадзкай дзейнасьці давялося сустрэцца з клічам “Жыве Беларусь!” і ў не зусім штодзённых абставінах.

Прыпамінаю 1973 год. ЗША поўным ходам рыхтуюцца адзначыць 200-годзьдзе дзяржавы (1776—1976). Біл Кегіл, губэрнатар штату Нью-Джэрсы, дзе мы зь сям’ёй жылі, стварыў для адзначэньня 200-годзьдзя “Інтэрнацыянальны камітэт”. У камітэт ён паклікаў і мяне як прадстаўніка ад беларусаў. Старшынём камітэту быў прызначаны прафэсар Пітэр Самартына, тагачасны рэктар, а пазьней канцлер унівэрсытэту Фэрлей Дыкенсан. Аднойчы ў верасьні Пітэр Самартына кажа мне, што праз пару дзён ён і я разам зь яшчэ колькімі асобамі ад ведамства іміграцыі з Вашынгтону мусім адведаць Эліс Айленд — “Востраў сьлёзаў” у Нью-Ёрскай гавані, які ад канца ХІХ ст. й да сярэдзіны 50-х быў цэнтрам эміграцыі ў ЗША з Эўропы. Праз востраў прайшлі каля 13-ці мільёнаў эмігрантаў (ясна, што ўсе нашыя землякі прайшлі праз востраў!). Ад сярэдзіны 50-х востраў быў цалкам закрыты й знаходзіўся пад аховаю берагавой памежнай службы ЗША.

У прызначаны дзень мы з Самартына пад’ехалі да берагу, і там нас катэр памежнай службы павёз на невялікі астравок каля Статуі Волі. Калі мы высадзіліся з катэра, прадстаўнікі з Вашынгтону сказалі нам, што востраў, г.зн. будынкі на ім, трэба ўважліва агледзець ды выказаць меркаваньні што да магчымасьці-немагчымасьці ўжыцьця востраву. Нашыя заўвагі мусілі мець характар гістарычна-сантымэнтальны, а інжынэры-будаўнікі мусілі аглядаць будынкі пазьней.

Атрымаўшы блякноцікі, мы пайшлі па будынках. Будынкі былі ў жахлівым стане ўсярэдзіне, хоць звонку, цагляныя, з чырвонай цэглы, выглядалі досыць прыстойна, калі не зважаць на пабітыя шыбы. Было відаць, што будынкі былі зачыненыя як бы ў сьпешцы: непрыбраныя перакуленыя сталы, на падлогах бруд, судзьдзё, старыя коўдры, паламаныя ўслоны... Адміністрацыйны будынак быў прыстойны. У нядрэнным стане быў і будынак, дзе эмігранты праходзілі камісіі — мэдыцынскую, іміграцыйную.

Натаваў я розныя заўвагі й проста не даваў веры: сюды ж прыходзілі мае землякі — менскія, віленскія... Стваралася ў мяне ўражаньне, што, калі я перагаворваўся з Самартына, рэха, якое разносілася, мела ў сабе нешта беларускае — галасы землякоў.

Апошні будынак, ці, правільней, частка будынку каля мэханічна-ацяпляльнага цэху, які трэба было агледзець, называўся каранцінным. Сюды зводзілі эмігрантаў на каранцінны пэрыяд. Эмігранты з мэдычнымі праблемамі знаходзіліся ў меншай, адгароджанай частцы, а з праблемамі палітычна-адміністрацыйнага характару — у большай.

I гэты будынак быў вельмі закінуты. Кідалася ў вочы, што было ў ім шмат надпісаў на сьценах — прозьвішчы, цытаты, разнамоўе. Я дык неяк затрымаўся, разьбіраючы тыя прозьвішчы. І раптам недалёка ад акна ўбачыў… Спачатку ня даў веры! Зьлінялае, выцьвілае, напісанае колісь хімічным алоўкам “Жыве Беларусь”! Ясна, я ўсхваляваўся. Паклікаў Самартына, некага іншага. Тлумачыў ім, што гэта такое, і стараўся перадаць пачуцьці. Асабліва хацеў я ведаць, ці ў каго-небудзь з нашае дэлегацыі ёсьць фотаапарат. Ніхто ня меў. Ня мэта была дакумэнтаваць дэталі. Ды наагул, да маіх узрушаных пачуцьцяў калегі адносіліся спакойна, абыякава. Супакоіўся і я. Думкамі перанёсься да таго земляка, хто выпісаў “Жыве Беларусь!”. Я ведаў, што земляка не знайду, але ягоны настрой адчуваў: ён у цяжкую хвіліну, магчыма перад адпраўкаю назад у Эўропу, сказаў “Жыве Беларусь!” і выпісаў нешта важнае для яго!

Ведаў я, што гэтыя сьцены хутка замалююць і надпіс згіне. Але ведаў я таксама, што таго, хто вывеў гэтыя словы, я не забуду. Ды наўздагон скажу: справаздачу мы зрабілі. Рэкамэндавалі будынкі аднавіць. Бюракратыя запрацавала. На Востраве сьлёз цяпер — Музэй эміграцыі.

А скончу я свае разважаньні на такой ноце: удумлівы і празорлівы быў бард Янка Купала, калі з думак народу вычаканіў для пакаленьняў, стагодзьдзяў кліч — “Жыве Беларусь!”.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0