Сустаршыня Фонду сацыяльна‑эканамічнага супрацоўніцтва Леанід Сініцын і бізнэсовец, былы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч абнародавалі «Менскі маніфэст беларуска‑расейскага яднаньня».

Гэта палітычная плятформа прыхільнікаў беларуска‑расейскай інтэграцыі. Аўтары пяюць дыфірамбы беларуска‑расейскаму «яднаньню». Яны заклікаюць да «стварэньня саюзнае дзяржавы на аснове расейскай канстытуцыі», г.зн. ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі на правах суб’екта Расейскай Фэдэрацыі.

У якасьці першых крокаў да гэтага яны заклікаюць перайсьці на расейскі рубель. Таксама яны прапануюць перадаць беларускія нафта‑ і газаправоды ва ўласнасьць саюзнай дзяржавы.

Дакумэнт упершыню выйшаў у сьвет на жоўтым расейскім сайце Stringer.ru. Сайт «Беларускі партызан» перадрукаваў яго без камэнтароў.

Варта нагадаць, што нядаўна іншая група палітыкаў (Скрабец, Фралоў) правяла мітынг на плошчы Бангалор у падтрымку інтэграцыі. Выйшаў канфуз: на яго сабралася ўсяго 10 чалавек. Як бачым, у барацьбе за расейскую падтрымку назіраецца канкурэнцыя.

Абодва палітыкі, што падпісалі маніфэст, выйшлі з атачэньня Лукашэнкі. Сініцын быў кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта і арганізатарам першага рэфэрэндуму, які заклаў асновы дзяржаўнага ладу. Парфяновіч быў абраны ў палату прадстаўнікоў па прэзыдэнцкім сьпісе. Ні Сініцын, ні Парфяновіч не падтрымлівалі дэмакратычных кандыдатаў на выбарах 2001 і 2006 гадоў.

***

Уладзімер Парфяновіч: «Нашу ідэю падтрымліваюць практычна ўсе ў беларускім урадзе»

Экс‑дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч у гутарцы з карэспандэнтам «Нашай Нівы» пацьвердзіў, што ён разам зь Леанідам Сініцыным стаў заснавальнікам «Менскага маніфэста беларуска‑расейскага адзінства». Таксама ён выказаўся за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі.

«Наша Ніва»: Зь якой мэтай ствараўся гэты рух?

Уладзімер Парфяновіч: Гэта наш крок, каб палепшыць адносіны з брацкім расейскім народам. Прабачце за грубасьць, але той трындзёж пра беларуска‑расейскае аб’яднаньне, які мы штодня чуем па нашым тэлебачаньні, папросту дастаў. Ён не прыводзіць да рэальнага паляпшэньня адносінаў між нашымі краінамі. Мы выступаем за тое, каб пачалі выконвацца ўсе ранейшыя абавязацельствы беларускага боку, што да інтэграцыйных працэсаў. Наша задача зрушыць беларуска‑расейскі саюз зь мёртвай кропкі, у якую ён трапіў.

«НН»: Вы, бадай, першыя беларускія палітыкі апошніх гадоў, якія адкрыта выступаюць за ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі.

УП: Мне, здаецца, што беларуская грамадзкасьць ужо сасьпела да гэтага кроку. Разам з тым гэта абсалютна не азначае страты сувэрэнітэту. Беларусь мае ўвайсьці ў склад Расеі на правах асацыяванага члена. Мы таксама проста патрабуем, каб былі выкананыя абавязкі рэфэрэндуму 1995 году, калі пераважная большасьць беларусаў выказалася за больш цесныя адносіны з брацкім расейскім народам.

«НН»: А што канкрэтна нам можа даць уваходжаньне ў склад Расеі?

УП: Я зноўку вас хачу супакоіць, што гэта зусім не азначае страты сувэрэнітэту. І наагул я лічу, што такі крок дасьць новы імпульс для разьвіцьця беларускай мовы і культуры. Гэта абсалютна адназначна. Узрастуць эканамічныя сувязі між нашымі краіны, а гэта будзе выгадна абсалютна ўсім. Беларускі бюджэт стане празрыстым, чаго няма зараз. Хіба гэта дрэнна? Хаця разам з тым мы мусім разьвітацца зь некаторымі атрыбутамі незалежнай дзяржавы.

«НН»: Зь якімі менавіта?

УП: Думаю, што ня самымі прынцыповымі. Амаль жа ўсе эўрасаюзныя краіны таксама перадаюць частку сувэрэнітэту Эўрапарлямэнту і абсалютна ніхто ад гэтага не пакутаюць. Прыкладна тое самае будзе і ў нас. Канечне, у нас будзе агульная валюта, але гэта зноў жа пойдзе на карысьць беларускім бізнэсоўцам і прадпрымальнікам.

«НН»: Дык чым уласна статус Беларусі будзе адрозьнівацца ад статусу Татарстану ці Якуціі?

УП: Калі ласка, ня блытайце, гэта абсалютна розныя рэчы. Яшчэ раз паўтаруся, мы будзем уваходзіць у склад Расеі як асацыяваны член, то бок мы будзем мець сваю алімпійскую каманду, сяброўства ў ААН, сьцяг, герб.

«НН»: А хто будзе ўзначальваць такую дзяржаву?

УП: Мне здаецца, што гэта не самае прынцыповае пытаньне. Можа быць прэзыдэнт, можа – парлямэнт. У кожнай з рэспублік будзе свой кіраўнік, а хто зь іх менавіта будзе кіраваць усёй дзяржавай, высьветлім пазьней.

«НН»: Вам не здаецца, што прыхільнікаў інтэграцыі ў беларускім грамадзтве меней з кожным годам? Гэта ж даказала і нядаўняя акцыя Сяргея Скрабца і Валер’я Фралова.

УП: Тое, што людзі не прыйшлі на акцыю гэта адно, а тое, што яны за саюз – гэта зусім іншае. Выйдзіце і паразмаўляйце зь людзьмі на вуліцы і вы пераканаецеся, што абсалютная большасьць беларусаў за саюз з Расеяй.

«НН»: Хто ў Расеі падтрымаў Вашу ідэю?

УП: Лічу, што пра гэта пакуль рана гаварыць, але пераконваю вас, што наша прапанова цяпер актыўна абмяркоўваецца верхніх эшалёнах расейскай улады. І хутка стане вядома, ці падтрымаюць тамака нас.

«НН»: А ў Беларусі?

УП: У Беларусі болей. Скажу вам шчыра, што нашу ідэю падтрымліваюць практычна ўсе дзейсныя палітыкі зь беларускага ўраду. Я меў зь некаторымі зь іх такія размовы. Папросту яны ня могуць першыя пачынаць такія ініцыятывы, але ў выпадку чаго заўсёды гатовыя нас падтрымаць.

«НН»: Такім чынам можна гаварыць, што ў Беларусі зьявілася новая прарасейская апазыцыя?

УП: Калі ласка, не ўжывайце ў датычнасьці нас такое слова. Мы не апазыцыя, бо мы маем канкрэтную пазыцыю. Апазыцыя каму? Цяперашняй уладзе? Дык там жа нас практычна ўсе падтрымліваюць. Хіба што апазыцыя аднаму канкрэтнаму чалавеку.

***

Камэнтар Рэдакцыі:

Нічога дзіўнага ў зьяўленьні такога дакумэнту няма. Уключыце тэлевізар: у дзяржаўным тэлепакеце 31 расейскамоўны канал, адзін дзьвюхмоўны «Лад» і ніводнага беларускамоўнага. Татальная ізаляцыя беларускай культуры лукашэнкаўцамі падрыхтавала глебу для зьяўленьня падобнай палітычнай праграмы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?