Юрыст царквы Сяргей Луканін кажа, што 27 лістапада атрымаў прадпісанне на тэрміновае «высяленне»:

«Сёння мы атрымалі пастанову Вышэйшага гаспадарчага суда, у якой напісана, што мы павінны да 5 снежня пакінуць свой будынак. Аб 11-й гадзіне таго ж дня мы мусім перадаць ключы ад будынка прадстаўнікам ЖРЭА Маскоўскага раёна сталіцы».

Спадар Луканін кажа, што за свой будынак вернікі змагаюцца ўжо сем гадоў. Але цяпер небяспека высяленьня найбольш рэальная:

«Менавіта тады, у 2005-м, было прынятае рашэнне Мінгарвыканкама, у якім нас пазбавілі зямлі. Там было таксама адзначана, што наш будынак будзе прымусова выкуплены. Потым мы прайшлі праз больш чым 30 судовых працэсаў, адстойваючы сваё права на маёмасць. На жаль, усе яны былі прайграныя».

Як нагадвае Сяргей Луканін, у 2006-м вернікі распачалі змаганне за царкву ў іншым фармаце — праз галадоўку пратэсту:

​​«Была такая буйная акцыя "пост-галадоўка": больш за 200 вернікаў нічога не елі, толькі пілі ваду на працягу 23 дзён. Тады пастара царквы запрасілі ў адміністрацыю прэзідэнта. Зь ім размаўляў Алег Праляскоўскі, які тады ўзначальваў ідэалагічнае ўпраўленне прэзідэнцкай адміністрацыі. Ён сказаў, што Аляксандр Лукашэнка нібыта ў курсе гэтай справы і папрасіў нас прыпыніць акцыю, каб даць магчымасьць уладам усё вырашыць у "прававым полі", як было падкрэслена. Мы прыпынілі "пост-галадоўку", але нашу справу перадалі ў Вышэйшы гаспадарчы суд на новы разгляд».

Цягам трох гадоў суд разглядаў справу, і толькі ў 2009 годзе прыйшоў да высновы: царква «Новае жыццё» ўсё ж мусіць пакінуць будынак:

«Некалькі разоў да нас прыходзілі міліцыянты, мы іх не пускалі ў наш будынак. На працягу прыкладна паўтара гадоў нас ніхто не турбаваў, ніхто не з'яўляўся. І вось толькі сёння мы атрымалі такую "цікавую" позву: тыдзень нам застаўся, каб пакінуць будынак. Заўтра мы маем правесці сход, на якім будзем вырашаць канкрэтныя нашы дзеянні, што будзем рабіць.

Але, ж канечне, пакідаць будынак мы не збіраемся».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?