«Паводле інфармацыі, атрыманай па дыпламатычных каналах, змяненне парадку выдачы віз грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія прыбываюць у Егіпет, не плануецца»,
— заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, каментуючы інфармацыю аб уводзе егіпецкіх віз для беларусаў.

Нагадаем, 26 лістапада газета «Туризм и отдых» (www.tio.by) паведаміла, што Егіпет уводзіць візавы рэжым для беларускіх турыстаў. Пра такую магчымасць беларускіх турагентаў папярэдзілі расійскія партнёры.

Паводле слоў Савіных, беларускім грамадзянам, якія прыбываюць у Егіпет з турыстычнымі мэтамі, гэта значыць пры наяўнасці тура і броні гатэля, віза можа быць выдадзена ў аэрапортах гарадоў Хургада і Шарм-эль-Шэйх.

Адказнасць за аказанне турысту візавай падтрымкі пасля прыбыцця нясе турыстычная кампанія, прадстаўнік якой у абавязковым парадку сустракае турыста ў аэрапорце і забяспечвае міграцыйнай карткай з прастаўленай пячаткай туркампаніі, якая з’яўляецца падставай для афармлення візы ў аэрапорце.

Пры куплі турыстычнай пуцёўкі грамадзянам рэкамендуецца патрабаваць, каб турыстычная кампанія прадаставіла неабходную візавую падтрымку для атрымання візы ў аэрапорце прыбыцця ў Егіпцте, а таксама ўзгадніла з авіякампаніяй пасадку на рэйс ва ўмовах адсутнасці загадзя атрыманай егіпецкай візы.

У выпадку ўзнікнення ў грамадзян сумненняў у здольнасці турыстычнай кампаніі выканаць згаданыя патрабаванні, каб пазбегнуць непрадбачаных акалічнасцяў у краіне з напружаным унутрыпалітычным становішчам грамадзянам рэкамендуецца загадзя аформіць візу для ўезду ў Егіпет у пасольстве Егіпта ў Расіі, зазначыў Савіных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?