Cіноптыкі прагназуюць у выхадныя дні мокры снег і ўтварэнне на праезнай частцы галалёдзіцы, у асобных месцах на дарогу будзе апускацца туман.
У сувязі з гэтым Дзяржаўтаінспекцыя просіць усіх удзельнікаў дарожнага руху быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі, паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі.

Удзельнікам дарожнага руху трэба паклапаціцца аб абазначэнні сябе на дарозе ва ўмовах абмежаванай бачнасці:

кіроўцам — уключаць блізкае святло, пешаходам — насіць святловяртальныя элементы.
Веласіпедыстам трэба выкарыстоўваць актыўнае святло і камізэлькі павышанай бачнасці.
У такія складаныя ўмовы надвор’я, калі абмежаваная бачнасць, першае, што неабходна зрабіць, — уключыць блізкае святло фар і процітуманкі.
Не лішнім будзе ўключыць аварыйную сігналізацыю. Акрамя таго, пры пападанні ў паласу туману або моцнага дажджу патрэбна плаўна зніжаць хуткасць, павялічваць дыстанцыю паміж транспартнымі сродкамі, якія рухаюцца, пазбягаць рэзкіх манеўраў і тармажэнняў, выключыць выезд на паласу сустрэчнага руху. Пад’язджаючы да пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту, скрыжаванняў, чыгуначных пераездаў, ва ўмовах густога туману трэба знізіць хуткасць і адкрыць акно, каб чуць дарогу.
Пешаходам рэкамендуецца рухацца па тратуарах і пешаходных дарожках, а пры іх адсутнасці — па абочыне.
Рухацца па краі праезнай часткі можна толькі ў крайнім выпадку, калі абочына не прыдатная для руху. Пры гэтым трэба ісці насустрач транспартным сродкам, гэта дасць магчымасць своечасова зрэагаваць на небяспеку. У цемнаце, а таксама ва ўмовах абмежаванай бачнасці (моцны дождж, туман) кожны пешаход, вымушаны ісці па краі дарогі, павінен быць абазначаны святловяртальнымі элементамі, а лепш — апрануты ў камізэльку павышанай бачнасці са святловяртальнымі ўстаўкамі.
Флікеры пры гэтым трэба прымацоўваць так, каб яны былі бачны кіроўцу.
Перасякаць праезную частку нават па рэгулюемым пешаходным пераходзе ў такое надвор’е трэба вельмі ўважліва і толькі ўпэўніўшыся, што транспартныя сродкі поўнасцю спыніліся і прапускаюць пешахода.

Ужо сёння інспектары ДАІ будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Спецпадраздзяленне ДПС «Страла» будзе адпрацоўваць Лідскі, Астравецкі, Баранавіцкі, Светлагорскі, Івацэвіцкі, Віцебскі раёны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?