Аляксандр Лукашэнка жорстка запатрабаваў ад урада выканаць усе паказчыкі 2012 года, асабліва па валавым унутраным прадукце, прымаючы з дакладам 20 лістапада прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча.

Як паведамляе прэс-служба, каб пачуць адрозны ад пункта гледжання ўрада,

Лукашэнка запрасіў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова і памочніка Пятра Пракаповіча.
На сустрэчы таксама прысутнічалі міністр эканомікі Мікалай Снапкоў і міністр фінансаў Андрэй Харкавец.
Лукашэнка акрэсліў кола пытанняў, на якія хацеў атрымаць адказы ўрада. Найперш ён цікавіўся тэмпамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2012 годзе і планамі на наступны год.
«Учора мы такую размову пачалі з міністрам эканомікі і памочнікам па эканоміцы. Аказваецца, поўны разброд і хістанне! — зазначыў Лукашэнка. — Кажуць, галоўнае — гэта экспарт, а ВУП — гэта не мае значэння. Я разумею, што экспарт для нас — гэта жыццёва важны паказчык, але без ВУП не будзе і вялікіх аб’ёмаў экспарту. Ужо зразумела, што наша эканоміка такая, што калі экспарт ці ВУП большыя патрэбны, то і імпарт будзе расці. Ну, дык у нас ёсць дададзены кошт, давайце будзем вырабляць тавары з большым прыбыткам. Не страшна, што імпарт узрасце, галоўнае, каб экспарт адпаведна потым узрос, каб мы не толькі кампенсавалі затраты па імпарце, але і атрымалі добры дададзены кошт», — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць і пра вынікі гэтага года.

«Зноў падкрытыкоўваюць, што мы не выконваем уласныя абавязацельствы, не выконваем рашэнні прэзідэнта, якія зацверджаны з вашай падачы па гэтым годзе. І, вядома ж, будзе вельмі цяжкі наступны год», — сказаў Лукашэнка.
«Але сёлета усюды праблемы: у Еўропе, ва Украіне, у Расіі. Казахстан — хто б мог падумаць — усяго 14 млн. тон збожжа сабраў.
А мы 11,5 млн. тон зерня з кукурузай сабралі, добрага зерня. Хаця і восень была вельмі цяжкай, цяжка было ўбіраць кукурузу на зерне (я буду з гэтым яшчэ разбірацца). Трэба гэтым багаццем добра распарадзіцца», — зазначыў кіраўнік дзяржавы.

«І самае галоўнае — у нас павінна быць добрая закладка на зіму харчавання, каб людзі не пакутавалі. Таму што вакол калі не галадуха, то праблемы з харчаваннем будуць», — дадаў ён.

Яшчэ адной важнай тэмай, закранутай Лукашэнкам, стала аказанне жыллёва-камунальных паслуг.

Апрача таго, Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні жыллёвага будаўніцтва: «Я не столькі хачу пачуць пра квадратныя метры, колькі пра тое, якая сітуацыя зараз. У нас разбалансаваная сістэма ў жыллёвым будаўніцтве!» Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў паведаміць пра аб’ёмы знешніх паслуг, што аказваюцца беларускімі будаўнікамі, перспектывы іх працы ў наступным годзе.

Лукашэнка пацікавіўся вынікамі нядаўняга візіту прэм’ер-міністра ў Казахстан, Бангладэш і Індыю, перспектывамі беларускай прысутнасці ў гэтым рэгіёне. Як паведаміў Мясніковіч, візіт быў дастаткова выніковым.
Апрача іншых, былі заключаны перспектыўныя кантракты на пастаўкі тэхнікі БелАЗа, МАЗа, арганізацыю зборачных вытворчасцяў трактароў, кар’ерных самазвалаў у Казахстане, а таксама на будаўніцтва заводаў па выпуску прадуктаў харчавання ў Бангладэш і Казахстане.

На думку ўрада, неабходна мяняць падыходы ў працы з экспартнымі пастаўкамі. Традыцыйныя схемы прасоўвання беларускіх тавараў на экспарт ужо не такія эфектыўныя і не могуць даць чаканыя 15% росту экспарту, запісаныя ў планах на 2013 год. Таму трэба разглядаць магчымасці экспартнага крэдытавання, прадугледжваць лізінгавыя схемы, прыцягваць нейкі стартавы капітал, каб першыя беларускія тавары пайшлі на нетрадыцыйныя рынкі. Мясніковіч падкрэсліў, што тут вялікія магчымасці для Беларусі.

Апрача таго, вялікія перспектывы ў працы з гэтымі дзяржавамі адкрываюцца ў сферы паставак калійных угнаенняў. Дасягнуты дамоўленасці з Бангладэш пра тое, што дзяржаўная кампанія гэтай краіны будзе штогод купляць не менш як 500 тыс. т калійных угнаенняў, яшчэ 250–300 тыс. т будуць закупляць камерцыйныя структуры.

Індыя гатова купляць у Беларусі 2,7 млн. т калійных угнаення, што складае фактычна яе поўную патрэбу. Як паведаміў прэм’ер-міністр, найбліжэйшым часам Беларусь наведаюць прадстаўнікі Міністэрства хімічнай прамысловасці і ўгнаенняў Індыі для перамоў аб формуле цаны на 2013 і наступныя гады. Індыйскі бок таксама пацвердзіў сваю згоду на ўдзел у якасці інвестара па распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча. Зараз тут вядзецца геолагаразведка. Апрача таго, дасягнута дамоўленасць, што Індыя перагледзіць пытанні, звязаныя з антыдэмпінгавай палітыкай, з пазіцыянаваннем Беларусі як краіны з рынкавай эканомікай.

Лукашэнка паставіў задачу больш актыўна працаваць з краінамі Паўднёваамерыканскага рэгіёну, асабліва па рынку калійных угнаенняў і тэхнікі, у прыватнасці з Бразіліяй.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, зараз праблемным пытаннем застаецца баланс па нафце на 2013 год. «У мяне запланавана тэлефонная размова з Дзмітрыем Мядзведзевым. Пакуль тыя аб’ёмы нафты, якія прагаворваюцца на ўзроўні намесніка старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі, нас не задавальняюць, і ёсць важкія аргументы чаму. Нават з улікам таго, што мы дамовіліся, што прыкладна 3 млн. т нафтапрадуктаў у наступным годзе мы будзем перадаваць на рынкавых умовах для Расійскай Федэрацыі», — сказаў Мясніковіч.

Ён зазначыў, што «адносна паліўна-энергетычнага комплексу ўсе пытанні па працы ў чацвёртым квартале ўрэгуляваныя, застаюцца пытанні яшчэ некаторага дабору па 2013 годзе». Беларусь разлічвае на пастаўкі 23 млн. т нафты ў 2013 годзе, сёлета аб’ём пастаўленай нафты складзе 21,5 млн. т.

Лукашэнку таксама паведамлена пра выкананне ўсіх заданняў па закладцы стабілізацыйных фондаў. Лукашэнка ўказаў на неабходнасць поўнага кантролю сітуацыі на цэнавым рынку, каб сезоннасць не адбівалася на ўзроўні інфляцыі.

Лукашэнка цікавіўся не толькі макраэканамічнымі паказчыкамі, але і фізічнымі аб’ёмамі беларускага экспарту і аб’ёмамі вытворчасці.
Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, што ўрад недастаткова патрабавальна ставіцца да тых абласцей і кіраўнікоў канкрэтных прадпрыемстваў, якія дапускаюць збоі ў выкананні планавых паказчыкаў.

Прэм’ер-міністр запэўніў, што ўсе даручэнні прэзідэнта будуць безумоўна выкананы.

Нагадаем, тэмп росту ВУП за дзевяць месяцаў складаў 102,5%, за 10 месяцаў — 102,2% пры гадавым прагнозе 105–105,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?