95+

Калі каротка падвесці вынікі, то БАТЭ прабіўся ў плэй-оф Лігі Еўропы, хай гэта і было зроблена так нягегла. Яшчэ застаецца гульня з «Баварыяй» у гасцях 6 снежня.

А на стадыёне «Дынама» праведзеная апошняя гульня. Бывай, стадыён!

90-ая

Суддзя дадае пяць хвілін. Яшчэ 300 секунд, каб пабачыць усё ж гол ад БАТЭ.

86-ая

Напрыканцы гульні Ганчарэнка дае пагуляць ветэрану Раману Васілюку. У два форварды пераходзіць БАТЭ.

83-ая

Выдаленне ў футболе — гэта не ў хакеі. Цяжка атрымаць нейкія дывідэнды. Гульня ідзе ў тым жа рэчышчы, што і да чырвонай карткі.

79-ая

Брэсан на пару з Глебам не рэалізавалі яшчэ адзін момант. Глеба ў хуткасці замянілі на Сівакова.

75-ая

Сідзібе атрымаў другую жоўтую картку і выдалены з поля.

69-ая

У хуткія контратакі бегаюць французы, і гэта небяспечней за пазіцыйныя атакі БАТЭ.

У VIP-ложы сядзіць новы пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка ў спартовым касцюме.

64-ая

Футбалісты нібыта ў малацэ плаваюць. Шанцы хаця б на нічыю змяншаюцца з кожнай хвілінай.

59-ая
Працягваюцца дзівацтвы абароны і Гарбунова. Мяч марудна запаўзаў у пустыя вароты пасля ўдара Марціна, але са стужкі на вуглавы выбіў Радзькоў. Момантамі БАТЭ гуляе на адбой.
55-ая

Нехта з футбалістаў «Ліля» ляжаў на газоне. Свістам сустрэлі гэта трыбуны.

52-ая
Туман гусцее, мароз крапчэе. А атакі БАТЭ па-ранейшаму не прыносяць пладоў. Чарговы раз Брэсан не забіў у добрым моманце. Па такой гульні хоць бы трэці не прапусціць. Сёння гэта сапраўды важна.
48-ая

Па такім тумане рэцэпт просты — трэба часцей біць па варотах. Але ўдараў, асабліва ў створ, кот наплакаў.

46-ая
Другі тайм пачаўся.

Аляксандра Валадзько замяніў Арцём Канцавы. Арцём гулец злы, які можа завесці каманду.

46+

Перапынак

45-ая

Мяч трапіў у «пятую кропку» харвацкага суддзі. Трыбуны парагаталі хоць. Да асноўнага часу першага тайма дадзеная адна хвіліна.

45-ая

Брэсан упускае яшчэ адну магчымасць забіць. Не ляціць мяч у вароты, хоць трэсні.

43-яя

Пры Ліхтаровічу такога не было, так і хочацца сказаць. Сапраўды, магчыма, адсутнасць вопытнага апорніка ключавая ў гэтых правалах у абароне.

39-ая

Валадзько прабіў па рамцы, але проста ў рукі французскаму кіперу. Сумна.

36-ая

Здаецца, што гэта, калі не накаўт, то накдаўн дакладна. Нібыта паўтарэнне гульні з «Валенсіяй»

32-ая

0:2, і перспектывы БАТЭ нават у Лізе Еўропы пад вялікім пытаннем. Адзначыўся Джані Бруно. Асобныя «глоры» пацягнуліся да выхаду. Відаць, пашкадавалі, што правялі вечар не ў цяпле.

28-ая

Ухае і ахае стадыён ад атак БАТЭ, але ўсё без плёну. «Ліль» трымае вароты на замку.

23-яя

Прабачылі футбалісты «Ліля» БАТЭ. Так захапіліся нашы атакай, што пра абарону і не ўспамінаюць. Выратаваў Гарбуноў ад дубля Калу, а з адскоку Бруна — вышэй варот.

А перад гэтым Віталь Радзівонаў не змог перавесці мяч у сетку з вострага кута.

20-ая

Адразу пасля прапушчанага гола два шанцы ўпусцілі барысаўцы. Спачатку з ударам прамарудзіў Валадзько, а ўжо потым Аляхновіч прабіў крыху вышэй. Што ж вы, хлопцы, да гола так не гулялі?

17-ая

Вось так каталі футбалісты БАТЭ мяч на расслабоне. Нібыта і атакавалі, хаця па варотах не білі. А «Ліль» у рэдкай вылазцы ў чужую штрафную скарыстаўся ў максімуме. Гол забіў Саламон Калу. Можна было б папракнуць Гарбунова, які не даў рады стрэлу івуарыйца, але ж туман — 0:1.

13-ая

Гудзілін захапляецца туманам. Новыя здымкі ад фотакара «НН». А яшчэ сфатаграфаваў некалькіх фанатаў «Ліля», што прыехалі падтрымаць любімы клуб.

10-ая

Пакуль падзеі не закіпелі, ёсць магчымасць крыху прэзентаваць суперніка. «Ліль» — каманда з аднайменнага горада на мяжы з Бельгіяй, там, дарэчы, нарадзіўся Шарль дэ Голь. Каманда тройчы выйгравала чэмпіянат Францыі (апошні раз у 2011).

У гэтым першынстве справы пакуль у «Ліля» ідуць не вельмі. Ну і ў Лізе чэмпіёнаў. Чатыры «баранкі» з чатырох.

6-ая

Ледзь не забыўся. Судзіць матч харват Марыё Страхоня.

Супрацьлеглую трыбуну амаль не бачна. А, відаць жа, туман будзе толькі ўзмацняцца.

Глеб і Брэсан у асноўным складзе. Крэатыў у цэнтры поля забяспечаны.

3-яя

Дарэчы, у 2004 годзе «Ліль» ужо гасцяваў у Мінску. Тады каманда сустракалася з мінскім «Дынама» ў Кубку Інтэртота. Матч скончыўся ўнічыю (2:2), але па суме дзвюх гульняў далей прайшлі французы.

На полі пакуль нічога цікавага не адбываецца.

1-ая

Паехалі!

19:58

Жоўтыя і сінія балонікі паляцелі ў неба, гімн адгучаў — можна і пачынаць. Нашы ў сінім, супернік — у белым.

19:56

Ёсць ужо ў нас на сайце і першыя здымкі са стадыёна.

19:55

Склады каманд.

БАТЭ: Гарбуноў, Валадзько, Брэсан, Радзькоў (капітан), Глеб, Бардачоў, Радзівонаў, Філіпенка, Аляхновіч, Бага, Палякоў.
Звяртае ўвагу адсутнасць у асноўным складзе Дзмітрыя Ліхтаровіча, а таксама Марка Сіміча. Аляксандр Паўлаў траўмаваны.

«Ліль»: Эляна, Дзінь, Розегнал, Сідзібе, Баша, Гуэй, Марцен, Педрэці, Калу, Бруна, Радлен.

19:51

Заўзятараў заўважна меней, чым у пяпярэднія гульні. Ясна, «Ліль» — гэта не «Баварыя». Тыя, што ёсць, гудуць і ўвогуле бадзёрыя.

Дарэчы, гэта апошні матч на стадыёне «Дынама». 1 снежня галоўная арэна краіны зачыняецца на рэканструкцыю, якая невядома колькі працягнецца.

19:49

Сёння ў Мінску вялікі туман. Летась у такіх самых умовах БАТЭ саступіў чэшскай «Вікторыі». Ці будзе сёння туман шчаслівым для барысаўцаў?

* * *

Сёння барысаўскі клуб правядзе 5-ы матч групавога раўнду футбольнай Лігі чэмпіёнаў 2012/2013.
А 20-й гадзіне на мінскім стадыёне «Дынама» пачнецца гульня БАТЭ — «Ліль».

Нагадаем, беларускі клуб стартаваў у групавым турніры акурат гасцявой перамогай над «Лілем» (19 верасня, 1:3), затым у Мінску 2 кастрычніка была атрымана перамога над «Баварыяй» (3:1). Пасля БАТЭ двойчы прайграў «Валенсіі» (0:3, 2:4).

Становішча камандаў: Баварыя, Валенсія — 9, БАТЭ — 6, Ліль — 0.
Нават параза з лікам 0:2 у сённяшнім матчы гарантуе БАТЭ пуцёўку ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы.

Нічыя або перамога ў сённяшнім матчы павышае шанцы БАТЭ на плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Дзеля гэтага трэба будзе ў наступным туры перамагаць у Мюнхене «Баварыю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?