Адзіная прэтэнзія, якую можна выставіць другому гульнявому фільму Сяргея Лазніцы «У тумане», — гэта тое, што да яго няма прэтэнзій. Галоўны недахоп гэтай экранізацыі аповесці Васіля Быкава — яе адэкватнасць першакрыніцы: не ілюстрацыйнасць, а менавіта адэкватнасць, стылістычная і экзістэнцыйная. Тое, што зрабіла б гонар фільму любога іншага рэжысёра, у выпадку з Лазніцам здаецца ўпушчаны шанцам.

«Любы фільм — дакументальны»: прыгожая і нават асэнсаваная фраза з джэнтльменскага набору «новай хвалі» дрэнна правяраецца практыкай дакументалістаў. Абраўшы гульнявое кіно, яны могуць, як Ален Рэнэ, зняць дасканалую абстракцыю «Летась у Марыенбадзе» ці, як Ліндсэй Андэрсан, «О, шчасліўчык!», фільм, дзе людзям у сакрэтных вайсковых лабараторыях прышываюць ногі кабаноў.

Назваць Лазніцу дакументалістам (а на маю думку, ён самы цікавы сучасны рэжысёр дакументальнага кіно, адзін з нямногіх яго філосафаў) — значыць рэдукаваць яго небяспечны дар.
Здымаючы вонкава бессэнсоўная, зведзеныя да гукавога і візуальнага шуму карцінкі з расійскага жыцця, мантуючы свой вобраз савецкай гісторыі са «смецця», назапашанага на Ленінградскай студыі дакументальных фільмаў, ён вывучаў рэальнасць не як дакументаліст, а як іншапланетнік. Прышэлец з камерамі замест вачэй у стэрыльнай чысціні арбітальнай лабараторыі разглядаў дзіўны, не савецкі, не расійскі, а зямны народзец. Без запалу, без гневу, без смутку.
Яго гульнявы дэбют «Шчасце маё» (2010) выклікаў псеўдапатрыятычную істэрыку.
Лазніцу абвінавацілі ў русафобіі, антысаветызме і патуранні нямецка-фашысцкім акупантам. Але герой гэтай страшнай казкі не так прайшоў кругі зямнога пекла, як — за кошт уласнай ідэнтычнасці — пераканаўся: існуе толькі адно, заганнае кола гвалту, па якім рухаецца чалавецтва. Людзям здаецца, што на вайне яны змагаюцца з ворагам, хоць насамрэч перамагаюць самі сябе. Залічыць Лазніцу да фальсіфікатараў гісторыі можна было, толькі пакутуючы на дэфект зроку. Ну, ці не бачачы яго фільмаў, а чытаючы інтэрв’ю, якія Лазніца даваў пра працу над новым фільмам: галоўная іх загана была не так у спрэчнасці некаторых ваенных рэалій, пра якія ён казаў, як у нечаканым для «іншапланетніка» жаданні вымераць ўчынкі людзей на вайне маральным аршынам мірнага жыцця.

Ва ўсякім выпадку, чаканне фільма было насычанае саспенсам: нехта верыў, а нехта баяўся, што «іншапланетнік» здыме беларускую партызанку так, як яе яшчэ ніхто не здымаў.

Так ён яе і зняў: першы план фільма хацелася б, але было б радыкальна няправільна параўнаць з карцінамі Брэйгеля. Касмічны погляд жывапісца ахоплівае зямлю зверху. Лазніца скануе вайсковы побыт як нябачны выведнік, гняздуецца ў яго асяродку. Кагосьці вядуць вешаць, хтосьці манатонна зачытвае перасцярогу акупацыйных уладаў: дапамагаць партызанам бессэнсоўна, лепш «будаваць беларускую гаспадарку для беларускага народа». Эшалон пад парамі, салдат з каскай, поўнай яек, чысцільшчык абутку, бараны, якія пасуцца пад яшчэ пустой і амаль незаўважнай шыбеніцай. У дакладнасць такога акупацыйнага побыту, арганічна скажонага, верыш адразу.

Але гэта толькі першы план двухгадзіннага фільма. Першы і ў сімвалічным сэнсе апошні. Услед за ім заканчваецца Лазніца і пачынаецца Васіль Быкаў.
Не антысавецкі, а несавецкі і наогул нічый экзістэнцыяліст, які разумее вайну як памежную сітуацыю, абставіны, у якіх вырашаюцца — гэта значыць якраз ніколі не вырашаюцца — праклятыя пытанні быцця. Жывы класік, якога вывучалі ў школе. «У тумане» партызаны ідуць пакараць смерцю аднавяскоўца, якога ворагі схапілі, але выпусцілі, а іншых павесілі. Ідуць не таму, што такая савецкая мараль, а таму, што такая мараль партызанскай вайны, дзе б яна ні ішла.

Але рэч нават не ў тым, што Лазніца хацеў зняць кіно, якое абвяргае гераічныя міфы Айчыннай вайны, а Быкаў, які наогул існуе ў розных з міфамі сусветах, яму ў гэтым не дапамог. Быкаў перашкодзіў: стылістыка яго прозы задае вузкі калідор інтэрпрэтацый. Здымаць паводле Быкава можна, толькі прытрымліваючыся пратаптанай ім канвы: крок направа, крок налева — расстрэл. Можна ірвануць увысь, паклікаўшы на дапамогу музыку Альфрэда Шнітке, абвастрыць да істэрычнасці, абстрагавацца да евангельскай прастаты, але збочыць — нельга.

Лазніца зняў савецкі фільм у самым добрым сэнсе слова.
Даказаў, што можна здымаць пра вайну без халтуры і цёмнага хамства, ігнаруючы кан’юнктуру. Але гэта рэжысёрская параза: у свеце стала больш на адну экранізацыю Быкава, але не на адзін фільм Лазніцы.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?