Асноўнай прычынай адстаўкі Вадзіма Зайцава з пасады старшыні КДБ стала нездаровая маральна-псіхалагічная абстаноўка, якая склалася ў асобных падраздзяленнях Камітэта дзяржбяспекі.

Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння, прадстаўляючы новага старшыню Валерыя Вакульчыка кіруючаму складу органаў дзяржаўнай бяспекі.

Лукашэнка адзначыў, што ён з’яўляецца выхадцам з радоў супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі, стаяў ля вытокаў фарміравання і станаўлення Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пры актыўным удзеле Валерыя Вакульчыка ствараўся і прадаўжае стварацца новы дзяржаўны орган — Следчы камітэт. «Сёння абедзве структуры працуюць эфектыўна. І заслуга ў гэтым, вядома, і Валерыя Паўлавіча. Яго арганізатарскія здольнасці і якасці кіраўніка-дзяржаўніка выявіліся ў канкрэтных справах. Галоўнымі прынцыпамі яго работы з’яўляюцца аб’ектыўнасць, кампетэнтнасць і адданасць нашай дзяржаве. Ведаю, што ён не церпіць бяздзейнасці і словаблудства. Менавіта гэта абумовіла рашэнне аб назначэнні яго кіраўніком асноўнай спецслужбы краіны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вельмі хацеў бы спадзявацца, што гэты новы чалавек разам з вамі зробіць тую спецслужбу, якая павінна адпавядаць сучасным патрабаванням», — падкрэсліў Лукашэнка.

На яго думку, у КДБ, як і ў любым іншым калектыве, ёсць людзі, якія «хацелі б больш вольна сябе адчуваць, не хадзіць на работу, забываючы аб тым, што на плячах пагоны». «Вось тым трэба шукаць іншую работу. І вы не бойцеся, што ад вас кудысьці пойдуць людзі. Няхай ідуць. Мы гатовы і нямала робім сёння, каб стварыць для чэкістаў самыя спрыяльныя ўмовы работы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Таму што я як прэзідэнт бачу, што адбываецца вакол нашай краіны і ўнутры і якіх мне каштуе намаганняў, каб стрымаць краіну, каб яе на кавалкі не парэзалі і не расцягнулі, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.
— Вы гэта таксама бачыце. Але бачыць — гэта адно, трэба прыкладаць максімум намаганняў, каб стварыць цэласнасць, недатыкальнасць і бяспеку нашай краіны. Вось для такіх супрацоўнікаў мы гатовы стварыць любыя ўмовы.
Няхай іх будзе не 12 тыс., не 10 тыс. і нават не 6 тыс. чалавек. Няхай іх застанецца 3 тыс., але гэта застануцца самыя адданыя дзяржаве людзі. З такімі Вакульчык будзе працаваць. Усе астатнія куды хочуць няхай ідуць».

Лукашэнка падкрэсліў, што асноўным крытэрыем ацэнкі кіраўніка з’яўляецца здольнасць з’яднаць калектыў і стварыць абстаноўку рэзультатыўна-напружанай, але творчай работы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?