39% беларускіх студэнтаў атрымліваюць адукацыю па спецыяльнасцях эканамічнага профілю: у дзяржаўных ВНУ — 32%, у прыватных — 94%.
Як паведамляе сайт Міністэрства адукацыі, спецыяльнасці эканамічнага профілю з’яўляюцца самымі запатрабаванымі ў студэнтаў.

Апошнім часам у краіне таксама расце цікавасць абітурыентаў да спецыяльнасцяў профіляў «Тэхніка і тэхналогіі» і «Архітэктура і будаўніцтва». Кожны чацвёрты студэнт атрымлівае спецыяльнасць па гэтых профілях.

У той жа час на спецыяльнасцях педагагічнага профілю вучацца 10,6% усіх студэнтаў, профілю «Сельская і лясная гаспадарка. Садова-паркавае будаўніцтва» — 6,6%, «Ахова здароўя» — 5,1%, «Мастацтва і дызайн. Гуманітарныя навукі» — 5,5%, «Фізічная культура. Турызм і гасціннасць» — 2,1%.

Усяго ў Беларусі цяпер налічваецца больш як 430 тыс. студэнтаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў 54 ВНУ краіны (45 ВНУ дзяржаўнай формы ўласнасці і 9 — прыватнай). Амаль 90% студэнтаў вучацца ў дзяржаўных ВНУ.

На першай ступені вышэйшай адукацыі вучацца прыкладна 29 тыс. студэнтаў, на другой (у магістратуры) — больш як 6 тыс. Больш як 88 тыс. студэнтаў прынята на навучанне ў 2012 годзе.

Паводле даных Мінадукацыі, кожны трэці студэнт вучыцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. На пачатак гэтага навучальнага года ў студэнцкіх інтэрнатах пражывала прыкладна 80 тыс. студэнтаў дзённай формы навучання.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?