Шакуючае фота з цялушкамі, якія ў будынку фермы стаяць па чэрава ў гноі, было ўчора апублікавана ў сацыяльнай сетцы УКантакце. Фота зрабіла Алена Барысенкава. Яна зняла гэта на малочна-таварнай ферме ў вёсцы Валькі, што належыць ААТ «Аграпраца», цэнтр якога месціцца ў гарадскім пасёлку Янавічы Віцебскага раёна.

На фота маладыя цяліцы, а не каровы, але і іх павінны трымаць у чысціні.

Сітуацыя ў сельскай гаспадарцы, асабліва ва Усходняй Беларусі, абумоўліваецца адсутнасцю працоўных рук. У многіх калгасах на рабочых пасадах працуюць толькі алгаколікі і хімікі. Іншыя людзі за такія грошы не ідуць, масава выязджаюць у суседнія краіны на заробкі.

Галоўны заатэхнік бруднай фермы Андрэй Дудараў пацвердзіў Еўрарадыё, што гной даўно не прыбіралі: «Было чыста два тыдні таму, нармальна. З палівам было тугавата, трохі запусцілі, не было магчымасці вычысціць. З фінансамі туга і з палівам туга. Гаручае давалі, але на больш важныя патрэбы — на перавозку кармоў, тое-сёе».

Цяпер абяцаюць да вечара пасцяліць салому: «Цяпер усё вычышчаем. Вось я тут акурат знаходжуся, тэхніка працуе. Усё нармальна. Адзін бок ужо вычышчаны, салому пасцелім, да вечара будзе чыста».

У гаспадарцы працуе каля 200 чалавек, а людзей бракуе. Нават жыллё нікому не патрэбнае. Сярэдні заробак даяркі — 2,5 мільёны рублёў.

«Доктар толькі нядаўна з’явіўся. Жывёлавод патрэбны, чатыры даяркі, пастухі. Трактары ёсць свабодныя — нестае механізатараў. Вы скажыце, хто цяпер хоча ісці ў сельскую гаспадарку? Хто, вы скажыце? Хто?! Мы давалі аб’яву. Сям’я прыехала, але ўжо тыдзень прайшоў, а на працу яны не з’яўляліся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?