Сакратарыят Вонкавых спраў Рады БНР выказаўся з нагоды тлумачэньняў сп. Андрэя Саннікава, які раскрытыкаваў Віленскай мемарандум прадстаўнікоў беларускай апазіцыі, прыняты 3 лістапада.

Азнаёміўшыся з адказамі сп. Саньнікава адносна прычынаў недалучэньня да Выніковага Мэмарандуму, падпісанага 3.11.2012 г. у Вільні, Сакратарыят вонкавых Спраў Рады БНР мае заявіць наступнае.

Крытыка сп. Саньнікава ў частцы пункту Мэмарандуму аб захадах для дадатковых міжнародных гарантыяў непарушнасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту ігнаруе зьмест тых пагрозаў для сувэрэнітэту, з увагі на якія сфармуляваны гэты пункт.

Тэкст Выніковага Мэмарандуму непасрэдна кажа аб імкненьні да гарантыяў, спрыяльных для забесьпячэньня «непрызнаньня міжнародна-праўнай сілы любых небясьпечных для сувэрэннага статусу Беларусі рашэньняў, якія ад яе імя можа зрабіць аўтарытарнае кіраўніцтва, а таксама непрызнаньня легітымнасьці любых шкодных для сувэрэнітэту Беларусі правоў і прывілеяў, якія Расейская Фэдэрацыя можа сьцьвярджаць ці дамагацца ў Беларусі на грунце дактрыны „зоны асаблівых інтарэсаў“».

Будапэштскі Мэмарандум 5-га сьнежня 1994 (http://www.ppnn.soton.ac.uk/bb2/Bb2secK.pdf), на які, відавочна, спасылаецца сп. Саньнікаў, на жаль не прадугледжвае, і ня мае на ўвазе, практычна нічога дзеля засьцеражэньня беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту ад асаблівых гатункаў небясьпекаў, зазначаных у «віленскім» Мэмарандуме.
Дакумэнт 1994 г. толькі «пацьвярджае» павагу з боку ЗША, РФ і Вялікабрытаніі да незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі паводле Заключнага Акту АБСЭ, пры чым падпісанты адмаўляюцца ад пагрозы або ўжытку сілы супраць тэрытарыяльнай цэласьці (межаў) і палітычнай незалежнасьці, або падпарадкаваньня сувэрэннай палітыкі беларускай дзяржавы сваім мэтам шляхам аказаньня эканамічнага ціску, ды абяцаюць садзейнічаць Беларусі праз мэханізмы ААН, калі яна станецца ахвярай агрэсіі.

Тым часам, кіраўніцтва Рады не атрымлівала ніякіх заўвагаў сп. Саньнікава на дасланы разам з запрашэньнем праект, пачатковая вэрсія якога таксама зьмяшчала скрытыкаваныя ім пункты падпісанага ў Вільні Мэмарандуму.

Рада БНР ізноў пацьвярджае, што застаецца адкрытай да супрацоўніцтва з беларускімі партыямі і грамадзкімі аб’яднаньнямі ў справе абароны незалежнасьці Беларусі.

Сакратарыят Вонкавых спраў Рады БНР, 13.11.2012

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?