ААТ «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» плануе стварыць вытворчы комплекс па вырабу мелаванага і немелаванага відаў трохслойнага кардону да 2015 года, паведамілі ў канцэрне «Беллеспаперапрам».

«Асваенне вытворчасці мелаванага і немелаванага кардону дасць магчымасць закрыць імпарт аналагічнай прадукцыі і забяспечыць у поўнай меры патрэбнаці харчовай, лёгкай, медыцынскай і паліграфічнай галін беларускай прамысловасці», — адзначылі спецыялісты. Акрамя таго, гэты інвестыцыйны праект будзе экспартаарыентаваны. Магутнасць новай вытворчасці складзе 200 тыс.т кардону ў год.

Генеральным падрадчыкам па праекту з’яўляецца кітайская «Карпарацыя Сюань Юань», з якой беларускі бок заключыў кантракт на суму $348,6 млн.

Фінансаванне ў памеры поўнага кошту кантракта арганізавана за кошт сродкаў крэдыту Дзяржаўнага банка развіцця Кітая.

У канцэрне адзначылі, што асновай для вырабу новых відаў кардону паслужыць беленая хіміка-тэрмамеханічная маса, вытворчасць якой будзе забяспечана за кошт апрацоўкі мясцовай сыравіны — балансавай драўніны асіны і бярозы.

Рэалізацыя новага праекта дасць магчымасць рэалізаваць праграму тэхнічнага пераўзбраення і мадэрнізацыі асноўных вытворчых фондаў, павялічыць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Таксама будзе павялічаны прыбытак ад продажаў, узрасце эфектыўнасць вытворча-гаспадарчай дзейнасці і палепшацца ўмовы працы персаналу добрушскай фабрыкі.

ААТ «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» цяпер выпускае каля 90 відаў тавараў. Вытворчасць арыентавана на два асноўныя напрамкі — выпуск прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння і тавараў народнага спажывання (сшыткі, альбомы, блакноты, блокі для малявання і чарчэння, папера спажывецкіх фарматаў).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?