Спецыялісты канцэрна «Белнафтахім» знаходзяцца ў Маскве, дзе сёння працягваюцца перамовы пра пастаўкі ў Беларусь расійскай нафты ў IV квартале гэтага года. Бакі ўзгадняюць графік паставак, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка.

Нагадаем, 2 лістапада віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што з расійскім бокам дасягнута дамоўленасць аб пастаўцы ў Беларусь 5,3 млн. тон нафты.

5 лістапада намеснік міністра энергетыкі Расіі Павел Фёдараў заявіў, што разглядаецца магчымасць пастаўкі ў Беларусь да канца гэтага года 4,8 млн. тон нафты ва ўвязцы са зваротнымі пастаўкамі 200 тысяч тон бензіну.

6 лістапада прэс-сакратар кампаніі «Транснафта» Ігар Дзёмін паведаміў Агенцтву нафтавай інфармацыі (АНІ), што ў лістападзе ў Беларусь плануецца дадаткова паставіць 315 тыс. тон нафты, у снежні — 420 тыс. тон.
Апрача таго, дадаў ён, «на снежань шукаецца магчымасць павелічэння дадатковых аб’ёмаў да 600 тысяч тон». «Але пакуль яе няма», — падкрэсліў прэс-сакратар. На лістапад, паводле слоў Дзёміна, ужо аформлены 275 тыс. тон з 315 тыс. тон. «Шукаем дадатковыя 40 тыс. тон», — сказаў ён. У цэлым па квартале «пакуль атрымліваецца пастаўка ў Беларусь у аб’ёме 4,75 млн. тон». «Калі ў снежні атрымаецца знайсці дадатковы аб’ём у 600 тыс. тон, то квартальныя пастаўкі ў Беларусь складуць 4,9 млн. тон», — сказаў прэс-сакратар «Транснафты».
Раней Масква заяўляла пра планы скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь у чацвёртым квартале 2012 года з 5,3 мільёна да 4 мільёнаў тон у адказ на «растваральны» бізнес, якім беларускі бок займаўся ў першым паўгоддзі.
Нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расійскай сыравіны, экспартаваліся ў Еўропу пад выглядам разбавіцеляў і растваральнікаў, якія не абкладаюцца экспартнай пошлінай. Паколькі гэтая пошліна павінна была паступаць у расійскі бюджэт, Расія недалічылася буйной сумы.

У кастрычніку, паводле звестак расійскай статыстыкі, у Беларусь было пастаўлена 1 мільён 347 тысяч тон нафты, ці на 22% менш, чым ў верасні.

26 кастрычніка віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч паведаміў, што пытанне пра аб’ём паставак нафты ў Беларусь у 2012 і 2013 гадах бакі абмяркоўваюць ва ўвязцы з вырашэннем праблемы экспарту Мінскам растваральнікаў.

29 кастрычніка інфармаваная крыніца паведаміла, што Масква патрабуе ад Беларусі кампенсаваць 1,5 мільярда долараў у якасці недаатрыманай пошліны ад «растваральнага» бізнесу.

Марына Носава, БелаПАН.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?