У пачатку снежня ў Мінску ўпершыню пройдзе беларускі Тыдзень дзіцячай моды, паведаміла кіраўнік праекта Belarus Fashion Week Яніна Ганчарова.

Паводле яе слоў, у першы раз дзіцячы Тыдзень моды будзе доўжыцца толькі пару дзён, аднак неабходнасць выносіць дзіцячую моду ў асобны праект у Ганчаровай не выклікае сумненняў. «У краінах СНД сёння паказы дзіцячай моды не праводзяцца, але дзіцячыя дызайнеры працуюць і дзіцячая мода існуе», — заяўляе яна.

Акрамя таго, як адзначае кіраўнік праекта, асноўная пляцоўка Тыдня моды расце і дзеці, якія ўдзельнічаюць у паказах акцыі «Дзіцячая мода», ствараюць дадатковую нагрузку дызайнерам, мадэлям і іншым удзельнікам працэсу. «Дзеці ў павільёне — гэта буянства, беганіна і адсутнасць парадку. На адной пляцоўцы цяжка працаваць і дзецям, і дарослым», — сказала Ганчарова.

Паводле яе слоў, ахвотных трапіць на дзіцячыя паказы ў рамках асноўнага праекта Belarus fashion week, як правіла, вельмі шмат, і дзіцячыя брэнды ў Беларусі актыўна развіваюцца.
«Дызайнер Юлія Нефертары ў першым сезоне прыйшла на Тыдзень моды як дызайнер, і за два гады ў яе з’явілася свая вытворчасць, адкрываецца свой магазін у Мінску і працуе школа навучання дызайнераў дзіцячага адзення», — расказала Ганчарова.
Для ўдзелу ў першым сезоне дзіцячага Тыдня моды будуць запрошаны 8–10 дызайнераў з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана, уключаючы Юлію Нефертары і Дом моды Papilio, адзначыла кіраўнік BFW.
У якасці іншых перспектыўных беларускіх дзіцячых брэндаў яна назвала «Аранжавы вярблюд», Sardina Baby, ShagoVita, а таксама адзначыла расійскі брэнд Gioia di Mamma, які выходзіць на рынак Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?