У Мінску 3 лістапада праходзіць устаноўчы з’езд грамадскага аб’яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» (МХД), маладзёжнага крыла аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД).

Як паведаміла БелаПАН перад пачаткам мерапрыемства лідар МХД Марына Хоміч, на з’езд абрана 60 дэлегатаў з усёй Беларусі.

«Мы маем намер стварыць грамадскае аб’яднанне для таго, каб абараніць удзельнікаў МХД ад рэпрэсій і магчымых спраў на падставе артыкула 193–1 Крымінальнага кодэкса за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», —
сказала яна.

Паводле слоў Хоміч, актывісты МХД яшчэ 10 кастрычніка падалі 13 заявак на правядзенне ўстаноўчага з’езда арганізацыі ў розныя ўстановы Мінска, аднак ім усюды адмовілі, таму давялося праводзіць з’езд ў офісе Партыі БНФ.

Дэлегаты з’езда плануюць прыняць статут арганізацыі і абраць кіруючыя органы грамадскага аб’яднання.

Трэба адзначыць, што аргкамітэт БХД чатыры разы праводзіў устаноўчыя з’езды, і чатыры разы Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі партыі.

Спробы абскардзіць адмовы Мінюста ў судзе былі безвыніковымі. Зварот прадстаўнікоў БХД у Вярхоўны суд у красавіку гэтага года таксама поспеху не меў — было адмоўлена ў разглядзе скаргі. «Гэта поўнае бязмежжа. Адназначна, што гэта палітычная замова не рэгістраваць БХД», — заявіў тады журналістам адказны сакратар аргкамітэта БХД Дзяніс Садоўскі.

Сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?