2 лістапада 2012 г., Мінск, касцёл свв. Сымона і Алены.

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану,

сёння Прадстаўнік Святога Айца пажадаў маліцца разам з вамі за ўсіх сыноў і дачок беларускага народа, якія сталі ахвярамі войнаў і пераследу.

Але гэта не нашая ўласная ініцыятыва. Пан Езус Хрыстус сам склікаў нас сюды ў дзень, калі ўвесь Каталіцкі Касцёл, рассеяны па свеце, узгадвае сваіх памерлых вернікаў, узносячы за іх малітвы, перадусім яднаючыся з Ахвяраю Хрыста, свайго Добрага Пастыра, які таксама памёр і ўваскрос як Першынец сярод тых, хто перамог смерць. Ён сам з’яднаў нас тут, у гэтым прыгожым і велічным касцёле, збудаваным вераю народа, калісьці забраным і зняслаўленым, а сёння зноў адбудаваным дзякуючы дабрыні Пана і адвазе людзей, які зноў стаў месцам прабывання Эмануэля — Бога-з-намі.

Вось яна, добрая навіна Ягонага Евангелля: «Такою была воля Айца, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але каб уваскрасіў у апошні дзень» (Ян 6, 39). Я не адкіну нікога, кажа Пан, таму што такая воля Айца: дастаткова маленькага праменьчыка веры, каб смерць была пераможана назаўжды.

Калі прыгледзецца, дык менавіта ў гэтым і заключаецца незвычайная надзея, якая адрознівае тых, хто мае дар веры, ад тых, хто яго не ўсведамляе. Толькі Бог калісьці вырашыць, ці была вера ў іх сэрцах, прынамсі схаваная.

Верыць у Бога азначае ўсведамляць, што Ён жадае, каб нішто не было загублена. Нішто. Ні плач немаўлятаў, ані неспакой і энтузіязм моладзі, ані штодзённы высілак дарослых, ані мудрасць пажылых людзей, уся скіраваная да Божага Валадарства.

Мы ведаем гэта і дзякуем за гэта Богу. Мы ўсведамляем сабе, што кожны наш учынак, кожная думка і кожнае жаданне ў будучыні прызначаны для вечнасці, для несмяротнасці, для спаўнення справядлівасці, для перамогі Любові.

Таму, хоць магчыма спаліць нашыя целы і сэрцы, але немагчыма скаваць ланцугамі нашыя душы, ані згасіць надзею. Таксама наш боль, нашыя няздзейсненыя мары будуць сабраныя ў прасторы і ахвяраваныя як прыемны кадзільны водар перад тронам Божым. Нішто не губляецца, нішто не забываецца. Таксама і чалавечая мізэрнасць нас, грэшных, якія ўсёю душою імкнемся да ўваскрашэння.

І ў гэтым нашая моц.

Менавіта ў імя гэтай моцы мы сёння складаем гэтую Эўхарыстычную ахвяру Нябеснаму Айцу за кветкі і зёлкі беларускай зямлі, бязлітасна сарваныя, але якія працягваюць расці ў Божым садзе.

Уся гісторыя вашага народа прасякнута гвалтоўнаю смерцю. Толькі адно мінулае стагоддзе сабрала з гэтай зямлі жахлівую колькасць ахвяраў. І нішто ў гэтым не перашкодзіла.

Бясконца змяняліся межы Беларусі, і тыя, хто яшчэ ўчора жыў у бяспецы, раптам апыналіся ў віры гвалтоўных падзеяў, становячыся ахвярамі крывавага варварства «пераможцаў».

Мы не жадаем ліць ваду на млын тых, хто займаецца спекуляцыяй на памерлых, ні тых, хто лічыць, што ёсць памерлыя, якіх варта памятаць, і тыя, чыя ахвяра павінна быць ахінута маўчаннем. Для нас усе, нават немаўляты, забітыя ва ўлонні маці, маюць аднолькавую годнасць, бо іх усіх аднолькава любіць Бог.

Мы не жадаем, каб пэўныя ідэалогіі зневажалі годнасць чалавечай асобы, таксама і на заключным этапе яе зямнога жыцця. Няма забітых добрымі або дрэннымі людзьмі. Ёсць толькі ахвяры аднаго насілля, а яно, у які б убор не апраналася, заўжды з’яўляецца злачынным, недапушчальным і караецца Богам.

Не будзем таксама падманваць самі сябе, нават калі б нам вельмі таго хацелася, што толькі іншаземныя захопнікі забівалі сыноў і дачок Беларусі. Як і ў выпадку ўсіх іншых народаў, на наш сорам, мы ведаем, што былі і тыя, хто, стаўшы калабарантам, разам з ворагамі забіваў сваіх братоў. Гэта — горкая праўда нашага жыцця.

Сёння беларускі народ усклікае разам з Ёвам: «О, каб былі занатаваныя гэтыя мае словы, каб былі запісаныя ў кнізе» (пар. Ёў 19, 24). Мы чакаем, калі з’явіцца гэтая кніга, у якой, нарэшце, гісторыя будзе запісаная такою, якою яна ёсць: аднолькавая для пераможаных і пераможцаў: і жахлівая, і захапляльная гісторыя чалавецтва. Мы чакаем кнігі, у якой стане магчымым адначасова выкрыць насілле іншых і перапрасіць за сваё ўласнае. Мы не жадаем, каб злачынствы былі ўтоеныя або апраўданыя, ні з якога боку. Таму што Бог — справядлівы, Ён зрывае маскі з кожнай нашай ілжы. У Ім праўда ззяе ў поўным сваім бляску, без аніякага скажэння. «Я сам убачу яго, мае вочы будуць глядзець на яго», — кажа Ёў (пар. Ёў 19, 27).

Так, дарагія мае браты і сёстры, гэта — наша вера і наша малітва.

Мы, католікі, сёння з пакораю і адначасова з вялікім гонарам прызнаем, што і мы таксама зрабілі немалы ўнёсак у развіццё беларускага народа. Мы кажам гэта не для таго, каб пахваліцца, і сёння молімся не толькі за сваіх. Дастаткова згадаць пра вялізную катастрофу, што знішчыла мноства нашых братоў габрэяў, якія жылі на гэтай зямлі.

Беручы прыклад з Езуса на крыжы, мы жадаем маліцца нават і за катаў, за мужчын і жанчын, якія не мелі літасці, ані Божага страху, за Каінаў, якія ўзнялі забойчую руку на свайго брата Абэля. Пан прасіў нас прабачыць ім, дык пастараемся ж зрабіць гэта ад усяго сэрца. Так, сёння мы молімся таксама і за прыгнятальнікаў гэтага народа, за ваўкоў, што схаваліся пад авечаю шкураю. Няхай Бог пралье на іх сваю міласэрнасць, каб яны прынялі заклік да навяртання.

Сёння мы не можам забыцца пра сыноў і дачок нашай каталіцкай сям’і, якія, разам з праваслаўнымі, габрэямі і мусульманамі, а таксама з усімі людзьмі добрай волі, якія, магчыма, шукалі Бога, хоць і не маглі Яго знайсці, сталі праз сведчанне свайго мучаніцтва гонарам нашага Касцёла.

Прыгадаю толькі некаторыя імёны:

айцы марыяне Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч, францішкане Ахілес Пухала і Герман Стэмпень, святары Генрых Глябовіч, Мечыслаў Багаткевіч, Уладзіслаў Мацковяк, Станіслаў Пыртак, а таксама экзарх беларускіх грэка-католікаў Антон Неманцэвіч. Апынуўшыся ў небяспецы ад нацысцкіх вылюдкаў, яны ўсе былі папярэджаныя, кожнаму была прапанавана магчымасць захаваць жыццё. Аднак ніхто з іх не пажадаў пакінуць статку, даручанага іх пастырскай апецы.
Многія сталі жывою ахвяраю ўсеспалення, увасабляючы ў жыцці Эўхарыстычную ахвяру святой Імшы, якую яны столькі разоў складалі разам са сваімі вернікамі. Якая хвала для беларускага народа! Які дар для Каталіцкага Касцёла, а таксама якая адказнасць, каб не здрадзіць іх сведчанню, каб быць святарамі і законнікамі, цалкам адданымі Богу і народу, а не выгодам, кампрамісам і боязі.

З тых нялюдскіх падзеяў у мяне перад вачыма і ў сэрцы перадусім вобраз простай жанчыны з народа, благаслаўлёнай Марыяны Бярнацкай. Стоячы перад катамі, што хацелі забіць яе нявестку, якая насіла пад сэрцам дзіцятка, яна аддала сябе замест яе і толькі папрасіла ружанец, каб маліцца ў хвіліну сваёй смерці. Гэта — ваш народ, гэта — адвага веры, яскравы прыклад якой дала ўсім людзям звычайная сялянка, што ззяе, нібы святло, запаленае на вяршыні гары.

Вам вядомая таксама трагедыя яшчэ аднаго святара, Адама Станкевіча, якога нялюдскае, апантанае шаленства сталінізму адарвала ад пастырскага служэння, ад ягоных кніг, працаў, доследаў гісторыі і жыцця вялікіх людзей вашага народа, такіх, як Францішак Скарына, асабліва блізкі мне з той нагоды, што я раней быў выкладчыкам Падуанскага ўніверсітэта, дзе ён калісьці бліскуча абараніўся.
Як жа гэты святар, Адам Станкевіч, любіў вашую мілагучную беларускую мову, якая сёння свабодна гучыць у нашых касцёлах, якую і ён таксама ўзбагаціў, пераклаўшы на яе літургічныя кнігі, такія, як «Вучнёўскі малітаўнічак» і «Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу». Яго не раз арыштоўвалі і нарэшце асудзілі на 25 гадоў зняволення. Ён памёр у жахлівым лагеры ў Тайшэце, што пад Іркуцкам, дзе каты намагаліся згасіць яго светлы розум і любоў да свайго народа, як рабілі гэта і з многімі іншымі.

На заканчэнне гэтага невялікага агляду я не магу не згадаць пра светлую і нязломную постаць шаноўнага кардынала Казіміра Свёнтка, якога Пан паклікаў да сябе крыху больш за год таму. Вы памятаеце, які гэта быў глыбокі і высокадухоўны чалавек, але ведаеце таксама і тое, як дорага яму давялося заплаціць за сваю веру.

Зняволены сталінскаю махінаю, якая была пераканана ў тым, што нясе ўсім роўнасць, не спыняючыся для гэтага перад знішчэннем і забойствамі, ён здолеў уцячы, але не пазбег наступнага арышту і доўгіх гадоў зняволення ў лагерах у Варкуце і за Палярным колам.
Вярнуўшыся адтуль у Пінск, дзе калісьці стаў святаром, ён, стоячы ў касцёле за калонаю, убачыў некалькі жанчын, якія маліліся, і запытаўся ў адной з іх: «Хочаце мець святара?» «Так, — адказалі яму, — але наш пробашч атрымаў 25 гадоў лагераў, і цяпер мы вымушаны маліцца самі». Ён застаўся там і адтуль дзейнічаў на ўсю Беларусь, абуджаючы ў сэрцах людзей радасць веры і сакрамэнтаў. З ім наш Касцёл зноў заквітнеў, і калі сёння мы можам тут маліцца, дык абавязаны гэтым такім людзям, як ён, якія мелі адвагу нават падпольна цэлебраваць Імшу ў лагернай пральні, сярод густых хмараў пары, каб не пакінуць без Эўхарыстыі тых, хто нават з рызыкай для жыцця жадаў яе прыняць.

Пане Божа, Даўца і Валадару жыцця, Божа жывых, ад імя гэтых Тваіх сыноў і дачок, ад імя ўсіх тых, хто, падобна да Хрыста, нявіннага Ягняці, ахвяраванага за тое, каб ачысціць нас ад грахоў, былі знішчаныя забойчай нянавісцю, прашу Цябе, благаславі гэты Твой народ, гэтую шматпакутную і збалелую зямлю. Напоўні яе супакоем, згодаю, справядлівасцю, свабодаю, салідарнасцю і ўзаемнаю любоўю, працавітасцю і надзеяй. У гэтай зямной вандроўцы, нават тады, калі здаецца, што з вачэй знікае святло, што непаразуменне знішчае добразычлівасць, што цяжкасці падрываюць давер, учыні, каб праз заступніцтва ўсіх памерлых, забітых сляпым насіллем, таксама, як і Твой Сын, загаіліся раны душы і цела і ўмацавалася вера.

Дзякуючы веры ў Цябе Беларусь зможа знаходзіць заўсёды новыя матывы для таго, каб жыць далей і любіць, каб глядзець наперад і бачыць радасць, якую Ты падрыхтаваў для яе ў гэтым жыцці і ў вечным шчасці ў нябёсах.
Амэн.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?