(З паэмы “Новая зямля”)

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю...

Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.

І бачу лес я каля хаты,
Дзе колісь весела дзяўчаты
Спявалі песні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясліся зыкі песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбівалісь,
І ім узгоркі адклікалісь,
І радасць біла ў песнях вольных.
А хвоі, елкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.

1911-23

Родныя вобразы

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя смутнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Ззяючы мілай красой.

Чуецца гоман мне спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гул шчаслівы,
Песня магутных дубоў...

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песьні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут.

1908

Асадзі назад

Дрэнна маё жыцце,
Ўсё ідзе не ў лад,
I крычаць мне ўсюды:
«Асадзі назад!»

Божа ты мой мілы!
Б’юся я, як гад,
Толькі ж дзе ні ткнуся –
«Асадзі назад!»

Помню, я жаніўся,
Добры быў мой сват.
К дзеўцы нос паткнулі –
«Асадзі назад!»

Дзеўка была важна,
Ды сусед Кандрат
Мне нагу падставіў –
«Асадзі назад!»

Трапіў раз у горад,
Быў якраз парад,
Лезу я наперад –
«Асадзі назад!»

У засеках пуста,
Жыта выбіў град.
– Дай, старшынька, ссуды.
– «Асадзі назад!»

Я з капейкі збіўся,
Зарабіць я рад.
– Ці няма работы?
– «Асадзі назад!»

Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат.
– Памажэце, людзі!
– «Асадзі назад!»

Сына свайго ў людзі
Вывеў бы Ігнат.
– Вось мой сын, паночкі!
– «Асадзі назад!»

Хлеб прыслалі ў вёску,
Там галодных шмат.
Пруся я зь мяшэчкам –
«Асадзі назад!»

Галаву я маю:
Быў бы дэпутат.
– Цэнзу ты ня маеш,
«Асадзі назад!»

Праўда, што таіцца,
Быў і мой чарод:
Два разы на жыцці
Выйшаў я ўпярод.

Ўзбунтаваў я вёску.
Ой, быў цяжкі год!
Прыязджае прыстаў:
– Выхадзі ўпярод!

Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавыя!
Даць яму ўпярод!

1908

Кіньце смутак

Што вы, хлопцы, спахмурнелі?
Ці каго вы пахавалі?
Ці няшчасьце так здалела,
Што нуда апанавала?

Плюньце, хлопцы! Заспявайма,
Каб аж вокны задрыжалі!
Ва ўсе грудзі загукайма,
Каб і думкі паўцякалі!

Ці ж мы будзем вечна гнуцца,
Апускаць бязвольна рукі?
Няхай сьлёзы больш ня льюцца,
Няхай нас ня знаюць мукі!

За работу жыва, жыва!
Каб нас доля не ўшчувала,
Каб ня сохла наша ніва,
Каб нуда нас больш не гнала!

1907

Тры жаданні

Хочам мы зямлі і хлеба,
Цяжка торбу нам насіць,
Не дае яго нам неба,
Слоў няма нам больш прасіць.

Хочам сонца мы і свету,
Цяжка нам хадзіць сляпым,
Цяжка жыць нам без прывету,
Як бы проклятым якім.

Хочам мы жыцця і волі,
Цяжка нам насіць ярмо, –
Не спадзе яно ніколі,
Не спадзе яно само.

1911

Будзь цвёрды

Ты не гніся, брат, ніколі
Траўкаю пахілай,
Сам пружыны своёй долі
Выкуй ўласнай сілай!

Бо хоць кажуць, што з уклону
Не баліць галоўка, -
Не зважай: з ярма-прыгону
Выйшла гэта слоўка.

Не прасі, не спадзявайся
Ты на дапамогу,
Сам з нягодамі змагайся,
Сам прабі дарогу!

Хоць памогуць табе людзі
Адшукаць дарогі,
А саб'ешся, зноў ты будзеш
Абіваць парогі.

Нелісціся к сільным, дружа,
Зеллейкам-бярозкай,
Бо не выйдзеш век з-пад гужа,
Страціш вобраз боскі,

І ў людзей ты гонар страціш -
І цябе зракуцца:
Лепш змагацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца.

1912

О, край родны, край прыгожы!

(з паэмы “Сымон-музыка)

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?

Гэй, адвечныя курганы,
Сведкі прошласці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, не скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!..



Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Сам лёс, мусіць, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш звэяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.

1911-25

Песня на сон у бяссонне

Вецер сьцішыўся ў бары,
Спі, Якубе, спі, стары!
Тут няма жывой душы,
Сам сябе ты калышы.
Па-над рэчкай дрэмле дуб,
Задрамлі і ты, Якуб!

Выбег зайчык з-пад дуба,
Люлі, люлі Якуба!
Сціхла, змоўкла дарога,
Люлі, люлі старога!

Выплыў месяц-чараўнік,
Вырас чорны баравік.
Спі, Якубе, лысы дзед,
Пойдзеш заўтра ў лес чуць свет,
Прыйдзеш і наверняка
Знойдзеш там баравіка.

Выбег зайчык з-пад дуба,
Люлі, люлі Якуба!
Мне грозіць пальцам строга,
Люлі, люлі старога!

Ляж на правы бок, зяхні,
Кінь ты клопат і засні!
Няхай сняцца табе сны,
Тыя сны, што сняць блазны.
Хоць у марах, хоць у сне
Пасумуй ты аб вясне.

Выбег зайчык з-пад дуба,
Люлі, люлі Якуба!
Спі, Якубе-нябога,
Люлі, люлі старога!

Сам сябе я калышу,
Сон, прыйдзі ка мне, прашу!
Сам сабе я спяваю,
Дзе ты, сон мой, пытаю?
Больш спяваць не магу,
Сцішся, спі і ні гу-гу!

Выбег зайчык з-пад дуба,
Люлі, люлі Якуба!
Позна, часу нямнога,
Люлі, люлі старога!

1946

Сам сабе

Неўзнакі, неўзаметкі –
Хоць сам скажу сабе –
Пасохлі мае кветкі,
Канец маёй сяўбе.

Штодзень я адчуваю
Ўсясільны той закон,
Што цягне к долу-гаю
У вечны цень-палон.

Ну што ж? Пажыў, пабродзіў,
Дарог прамераў шмат.
Стаміўся ты ў паходзе –
Спачынь жа ў зямлі, брат!

I сам я не пабачу,
Як згасне мой агонь.
Дык што ж? Хіба паплачу,
Падпёршы ціха скронь.

Мяне ў жывых не стане,
Сыду я ў небыццё,
Ды вечна будзе ранне,
I песні, і жыццё.

1955

Як Вы заўважылі, у гэтай падборцы – дзевяць твораў Народнага паэта. Які яшчэ верш варта далучыць? Просім выказвацца ў каментарах.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна