На двух крэслах

Калонка рэдактара у «Советскай Белорусіі» змешчаная на першай паласе. Якубовіч у пачатку крыху грэбліва заўважае: нічога страшнага ў тым, што Пазняк даўно «забыты-закінуты», калі рэдактар СБ знаходзіць у інтэрнэце новы артыкул Зянона, то «з цікавасцю прачытвае». Далей ідуць фантазіі пра тое, што Пазняк марыць вярнуцца на белым кані і адпомсціць Якубовічу.

«Сёння я зноў працытую перапіску Пазняка з сябрамі, яна здаецца забаўнай і ў нейкай ступені павучальнай», — гэткае абгрунтаванне. І хоць Якубовіч не хоча неяк укалоць Зянона, але кажа, што гэты чалавек пагрузіўся ў «летаргічны сон».
«Зянон Станіслававіч, як мне здаецца, працягвае жыць філасофскімі поглядамі часоў адыёзнага палітыка Казлоўшчыка (ён жа адыёзны публіцыст Казлоўскі), які быў гатовы прыстрэліць любога, хто быў нязгодны з тым, што кроўныя ворагі Беларусі — гэта Польшча і СССР, а таемна руліць гэтым працэсам Германія», — робіць гістарычную даведку Павел Ізотавіч.

Асабліва шчодра ідзе цытаванне Пазняка аб беларускай апазіцыі. «У Мінск прыслалі не простага чыноўніка, а кіраўніка знешняй разведкі Германіі Віка. Дасведчанага прафесіянала. І ён пачаў шукаць лідара апазіцыі. І ён знайшоў: Лябедзька, Калякін. Але гэтыя людзі супраць незалежнасці», — так мяркуе Зянон. Нічога новага. Маўляў, Вячорка і Бяляцкі за грошы прадаліся Віку, каб раскалоць БНФ. Пазняк пісаў гэта ўжо шмат разоў, гадоў 12.

«З цытатай няма патрэбы спрачацца, апроч некаторых прыватнасцяў», — адзначае Павел Якубовіч. Ён лічыць абсурдным толькі прыцягванне да гэтай справы КДБ. «Перад вамі, чытач, дэтальныя ацэнкі матывацыі, ідэалогіі і палітычнай практыкі беларускай апазіцыі. Ну як прайсці міма такога каштоўнага прызнання і сумленнага аналіза?», — пагаджаецца Якубовіч з Пазняком.
Але ёсць адзін нюанс. Пазняк «зрывае маскі» з Вячоркі, Лябедзькі, Калякіна, а не ўзгадвае эмігрантаў, мяркуе Якубовіч. Ён піша, што грамадзянства ЗША атрымаў паплечнік Пазняка Сяргей Навумчык. Якубовіч падсумоўвае, што такія людзі сядзяць адначасова на двух крэслах, прысягаючы ў вернасці адной дзяржаве, але робячы выгляд, што служаць іншай.

Опа, опа…

Блог Вадзіма Гігіна на БЕЛТА шмат у чым сугучны з артыкулам Якубовіча. Перш-наперш гісторык Гігін кажа, што, чуючы словазлучэнне «пякельны вылюдак», заўсёды уяўляў Пазняка. Рэдактар «Беларускай думкі» піша, што яго вароціць ад «крайняга фанатызму, літвінскіх трызненняў, жахлівай русафобіі і завоблачнай самазакаханасці», якія характарызуюць Пазняка. Тым не менш, з апошнімі развагамі лідара КХП-БНФ прапагандыст згодзен.

А менавіта вось з гэтым сцверджаннем: «Тое, што зараз існуе ў Беларусі — гэта не апазіцыя. Гэта купка людзей, якім Захад дае грошы і кажа, што ім рабіць».
Гігін сцвярджае, што байкот парламенцкіх выбараў праваліўся. Дзеля пацвярджэння сваіх словаў прыводзіць звесткі НІСЭПД.

«Уладу апазіцыі аддаваць нельга. Ці красці будуць, ці сап’юцца», — сканчвае артыкул Вадзім Гігін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?