Аляксандр Лукашэнка патрабуе стварыць эфектыўную сістэму кіравання акцыянернымі таварыствамі з доляй дзяржавы. Аб гэтым размова ішла сёння на нарадзе ў Прэзідэнта па пытанні ўдасканалення кіравання дзяржаўнымі акцыямі.

«Сістэма павінна быць не новай бюракратычнай надбудовай, якая будзе перашкаджаць рабоце прадпрыемстваў, гэта павінна быць сістэма, якая будзе эфектыўная і карысная для дзяржавы, найперш, эканомікі», — падкрэсліў ён.

Ён адзначыў, што пытанні рацыянальнага выкарыстання дзяржаўнай уласнасці заўсёды павінны быць у цэнтры ўвагі органаў улады — як цэнтральных, так і мясцовых.

Лукашэнка падкрэсліў, што ён неаднаразова ставіў задачы перад урадам па павышэнню эфектыўнасці кіравання дзяржаўнымі пакетамі акцый у акцыянерных таварыствах.

«Сістэма кіравання дзяржуласнасцю з’яўляецца рэзультатыўнай толькі ў тым выпадку, калі, па-першае, акцыянерныя таварыствы вырашаюць агульнадзяржаўныя задачы (сканцэнтраваны на забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, харчовай, экалагічнай, інфармацыйнай бяспекі), а не замыкаюцца на вузкакарпаратыўных інтарэсах; па-другое, працуюць прыбыткова, з добрай рэнтабельнасцю; па-трэцяе — мабільна рэагуюць на змяненне кан’юнктуры рынку», — лічыць Прэзідэнт. Ён са шкадаваннем канстатаваў, што, як паказвае практыка, тут у Беларусі нямала праблем.

Лукашэнка адзначыў, што склалася нядрэнная практыка праводзіць нарады напярэдадні прыняцця прэзідэнтам важных рашэнняў па эканамічнай і сацыяльна-палітычнай абстаноўцы і сітуацыі ў краіне. Сёння разглядаецца пытанне аб кіраванні дзяржаўнымі пакетамі акцый і ўдасканаленні сістэмы ўладальніцкага нагляду — ёсць адпаведны праект указа.

«Нават там, дзе ў дзяржавы кантрольны пакет акцый, працвітаюць самазаспакоенасць і ўтрыманства.
Наглядальныя саветы бяздзейнічаюць, аддаючы на водкуп дырэктарам усе сур’ёзныя рашэнні.
Не дай бог, каб атрымалася так, як нядаўна нам давялося з губернатарамі Мінскай і Гомельскай абласцей разбірацца па кандытарскай галіне, калі наглядальныя саветы сталі інструментам у руках аднаго дзялка, думаю, не бясплатна»,
— адзначыў ён. Паводле яго слоў, вельмі дрэнна працуе сістэма ўзаемадзеяння дзяржаўных і прыватных інвестараў пры сумесным кіраванні акцыянернымі таварыствамі. «Не проста дрэнна працуюць. Часам дзяржаўныя інвестары або гаспадары ад дзяржавы не проста змыкаюцца ў інтарэсах з прыватнікамі, але з’яўляюцца проста інструментам дзейнасці гэтых прыватных асоб. Зноў жа тыя ж кандытарскія фабрыкі і г.д. Словам, сёння ўладальніцкі нагляд не адпавядае сучасным патрабаванням і мае патрэбу ў кардынальным паляпшэнні».

Ва ўласнасці ў дзяржавы знаходзяцца акцыі 1738 адкрытых акцыянерных таварыстваў. І ў наглядальным савеце кожнага — прадстаўнік дзяржавы. «Але, паглядзеўшы на якасны склад такіх прадстаўнікоў, пераконваешся, што гэта не заўсёды тыя людзі, якія там патрэбны. Тады паўстае пытанне: навошта вы іх туды пасылалі?» — задаў слушнае пытанне кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, прадстаўнік павінен быць не проста «вокам дзяржавы, але высокапрафесійным спецыялістам, які павінен інфармаваць і прымаць адпаведныя рашэнні, калі гэта трэба, па праблемных пытаннях работы ААТ».

Лукашэнка адзначыў, што сёння на нарадзе разглядаецца праект указа па ўдасканаленню сістэмы кіравання дзяржаўнай уласнасцю, павышэнню эфектыўнасці ўладальніцкага нагляду. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў, што абсалютна непрымальна капіраваць сістэму заходніх краін. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходна ўважлівым чынам вывучыць кітайскую сістэму. «І калі не можаце прыдумаць нічога новага, то хаця б скапіруйце нармальную сістэму і прыстасоўвайце яе да ўмоў Беларусі. Але галоўнае не ў гэтым. Якая будзе сістэма, мы цудоўна разумеем. Яна павінна быць дакладнай, вызначанай, простай і ні ў якім выпадку не павінна быць бюракратычнай. А так мы створым яшчэ адну вертыкаль ад Прэзідэнта, як прапануецца ва ўказе, да калгаса-саўгаса», — сказаў Прэзідэнт.

Ён прадоўжыў: «Трэба ўдасканальваць, вядома, тую сістэму, якая сёння ў нас існуе, але падыходзіць трэба не агульна, а дзейнічаць на тых напрамках, дзе гэта патрэбна і як гэта патрэбна. Калі ў нас узніклі праблемы на нейкіх прадпрыемствах або ёсць буйныя прадпрыемствы, дзе мы павінны трымаць на пульсе руку, давайце прымаць рашэнні, і калі ў нас ёсць, уводзіць такіх моцных наглядальнікаў ад дзяржавы, якія прынясуць карысць». «Гэта важнае пытанне кіравання прадпрыемствамі на тэрыторыі Беларусі, найперш дзяржаўнымі, стратэгічнымі, буйнымі прадпрыемствамі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?