Яшчэ 1 чэрвеня Уладзімір Барадач і Ануфры Рамановіч апублікавалі Мемарандум «Рады нацыянальнага адраджэння», дзе акрэслілі асноўныя прынцыпы і планы сваёй дзейнасці. Шуму было!.. Той не такі, тыя не такія, а вось мы!.. І што ж? З таго часу прайшло амаль пяць месяцаў, а навін пра дзейнасць Барадача і кампаніі не паболела. Мы вырашылі патэлефанаваць у Нямеччыну, каб пацікавіцца справамі «Рады».

«Наша Ніва»: Столькі часу прайшло ад Мемарандума, а ад вас нічога не чуваць. Чаму? Якія канкрэтныя дзеянні вамі робяцца?

Уладзімір Барадач: Мы зладзілі шэраг мерапрыемстваў. Наша колькасць узрастае. Вядзём перамовы з рознымі палітычнымі сіламі. Хутка мае адбыцца сустрэча з прадстаўнікамі Рады БНР. Калі мы не дамовімся з саюзнікамі, то ў адзіночку рашаць пытанні будзе вельмі складана. Мы чулі дакоры, што хочам заняць месца Рады БНР.

Шаноўныя людзі падпісалі зварот, дзе выказваюцца супраць нас. У гэтым ёсць рука спецслужбаў.
У нас з Радай БНР няма ніякіх разыходжанняў. Скажу, што мы не імкнёмся стварыць структуру, якая будзе дзейнічаць толькі з­за мяжы. Гэта было б крывадушнасцю казаць, што мы пераможам, седзячы за мяжой.

«НН»: Мы — гэта хто?

УБ: Цэнтр сілы, які будзе часткова знаходзіцца за мяжой, часткова ў Беларусі.

Я бачу сярод хаўруснікаў КХП¬БНФ, БХД, АГП, моладзевыя арганізацыі.
З імі можна весці размову. Толькі разам мы можам заваяваць давер народа. У Беларусі ўтвараецца ўнікальная сітуацыя, калі свядомасць нізоў апярэджвае свядомасць палітычных лідараў.

«НН»: Дык калі ўсё ж можна чакаць больш актыўнай дзейнасці?

УБ: Калі канчаткова ўзважым, з кім пой­дзем далей. Паўпадпольная дзейнасць ідзе ўжо зараз: стварэнне структур, тлумачальная праца, праверка кадраў, бо шмат спрабуе трапіць КДБістаў. Многіх нашых людзей пачалі чапаць пасля спецслужбы, хоць да гэтага шмат гадоў пакідалі ў спакоі.

«НН»: І шмат вас?

УБ: На арганізацыйных сходах, што адбываліся ў Польшчы, Літве, Украіне прысутнічала 53 чалавекі з Беларусі, у тым ліку і партыйцы. Цяпер нам важна так арганізоўваць дзейнасць, каб немагчыма было прыпісаць тэрарызм.

«НН»: Парламенцкія выбары — добрая пара, каб прапагандаваць свае ідэі. Чаму не скарысталі?

УБ: Бо мы выступалі за байкот. Байкот быў неабходны, бо мы так паабяцалі. Калі б мы яго не правялі, то гэта быў бы плявок нават не ў тых, хто сядзіць, а ў саміх сябе. Канечне, байкот быў непадрыхтаваны. Каб байкатаваць прэзідэнцкія выбары, трэба пачынаць ужо цяпер. Да сярэдзіны лістапада будзе ясна, што мы здольныя прапанаваць.

Сістэму Лукашэнкі здольная перамагчы толькі сістэмная сіла.

«НН»: Ад вашай сілы нехта будзе вылучацца на прэзідэнцтва?

УБ: Я не магу, бо пражываю на тэрыторыі Германіі, і не буду вылучацца. Дый не зможа адзін Барадач нічога зрабіць. Трэба ўтвараць групу вядомых людзей. Каб разам былі Барадач, Пазняк, Саннікаў, Някляеў, Статкевіч. Па адзіночцы лідары будуць вельмі хутка таяць.

«НН»: Вас не бянтэжыць, што часу прайшло нямала, а зроблена нямнога?

УБ: Безумоўна. І паплечнікі часта падштурхоўваюць, каб былі больш актыўнымі. Але гэта ўтопія. Я даваў на перамены 3¬5 гадоў.

***

Уладзімір Барадач нарадзіўся ў 1951 у вёсцы Нача (Крупскі раён). Скончыў мінскую Сувораўскую і разанскую Дэсантную (факультэт «Спецназ») вучэльні. У 1981–1983 ваяваў у Афганістане. Камандаваў Мар’інагорскай брыгадай спецназа. Звольніўся ў запас у 1993. Сябра БЗВ. Вядомасць атрымаў у 1996 падчас процістаяння Лукашэнкі з Вярхоўным Саветам. У Барадачу бачылі магчымага кіраўніка вайсковага перавароту. Вясной сёлета выступіў з ініцыятывай стварэння пераходнага ўрада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?