Легендарны беларускі рок-гурт N.R.M. нечакана для ўсіх адправіў заяўку на ўдзел у беларускім адборы на конкурс «Еўрабачанне 2013». «Мы хочам удзельнічаць і перамагчы», — кажа Піт Паўлаў.

N.R.M. адправілі сваю новую песню «Кузнічка» і пакет неабходных дакументаў 22 кастрычніка, у апошні дзень прыёму заяваў для ўдзелу ў конкурсе. «Мы даведаліся літаральна ў пятніцу, што зараз ідзе адбор. Пакуль вырашалі, пакуль прайшлі нашыя ўнутраныя бюракратычныя працэдуры, як раз наступіў апошні дзень. Але і гэта сімвалічна: у апошнюю секунду, у апошні вагон адыходзячага цягніка… Мы заўсёды ўсё так робім», — кажа Піт Паўлаў.

Новая песня — «Кузнічка» — гэта стылізацыя пад народную песню. «Гэта звычайная бытавая гісторыя пра любоўную інтрыжку паміж кавалём і кабетай, — распавядае Піт. — Сюзана, ці проста Зюзечка, звярнулася да маладога прыгожага каваля, каб ён абуў ёй конечка, і паміж імі завязалася палкае каханне. Чым скончылася гісторыя — невядома, але, магчыма, і вяселлем».

Паўфінал адбору, дзе галасуе толькі журы, запланаваны на сярэдзіну лістапада. Сам фінал, дзе ўжо галасаваць будуць і гледачы, пройдзе 7 снежня ў студыі Белтэлерадыёкампаніі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?