Трэцяя справаздачна-выбарная канферэнцыя руху «За Свабоду» праходзіць 20 кастрычніка ў Мінску.

Дэлегаты збіраюцца прааналізаваць дзейнасць арганізацыі за апошнія некалькі гадоў на палітычным полі і ў грамадскім сектары, а таксама выбраць новае кіраўніцтва. Прадугледжваецца разгледзець змены ў статут руху.

Апрача таго, плануецца зацвердзіць кірункі дзейнасці руху «За Свабоду» на перспектыву, у тым ліку адносна прэзідэнцкіх выбараў 2015 года.

Канферэнцыя руху праходзіць у офісе Партыі БНФ. Арганізатары планавалі арандаваць для яе правядзення больш умяшчальнае памяшканне, але ім адмовілі. У прыватнасці, былі атрыманыя адмовы ў арэндзе памяшканняў ад мінскіх гатэляў Crownе Plaza і «Вікторыя», а таксама IBB-цэнтра.

З моманту стварэння руху «За Свабоду» яго ўзначальвае Аляксандр Мілінкевіч, кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад дэмакратычных сіл на выбарах 2006 года.
Рух «За Свабоду» атрымаў афіцыйную рэгістрацыю 17 снежня 2008 года. На думку аналітыкаў, улады пайшлі на рэгістрацыю руху з мэтай нармалізацыі адносінаў з Захадам пасля непрызнаных ім вынікаў парламенцкіх выбараў.

Арганізацыя была зарэгістраваная з чацвёртай спробы. Двойчы ў 2007 годзе і адзін раз у 2008-м Мінюст адмаўляў у рэгістрацыі, выстаўляючы прэтэнзіі да фармулёвак статута, а таксама да парадку правядзення ўстаноўчых канферэнцый па стварэнні аб’яднання. Спробы апратэставаць рашэнні Мінюста ў Вярхоўным судзе былі беспаспяховымі.

Асноўнай мэтай праваабаронча-асветніцкага РГА «Рух «За Свабоду» з’яўляецца абарона правоў і свабод чалавека, зафіксаваных у Канстытуцыі Беларусі і міжнародных дакументах па правах чалавека, а таксама адукацыя грамадзян у гэтай сферы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?