Гледзячы на маладых, якія крычаць, што «старыя ўсё прасралі», мне хочацца задаць пытанне: «Што менавіта?»

Незалежнасць? Не, вось яна тут.
Без яе, як пісаў паважаны Сяргей Навумчык, крыкуны драілі б сарціры ў казарме пад Усурыйскам і ўдзельнічалі б у ліквідацыі «узброеных бандфармаванняў» у Чачні.
Мову? Не, вось яна, тут.
Маргіналізаваная і загнаная ў падполле, яна, тым не менш, упершыню за тры стагоддзі стала тым, пра што марылі пакаленні беларусаў — мовай адукаваных людзей, маркёрам ўзроўню.
Дэмакратыю? Гэта значыць, яна была? А калі ж?

Так, можна казаць, што незалежнасць — гэта зусім не заслуга той фракцыі БНФ у парламенце. Можна паўтараць, што Беларусь атрымала незалежнасць па інэрцыі, калі абапал яе ўсе краіны адваліліся ад Расіі. Літва і Латвія са сваімі мытнямі, якія складаліся з аднаго буданчыка. Украіна прагаласавала дзевяноста працэнтамі за незалежнасць. Расія, жаданне якой абнавіцца пераважыла імперскія рэфлексы.

Але

калі б не тыя 30 чалавек з фракцыі Народнага Фронту, то магло б і не быць таго кароткага перыяду волі пад белым і чырвоным колерам, які даў нам нашы ідэалы.
Мы маглі б стаць Абхазіяй — краінай у цені суседа, фармальна незалежнай, пад невыразным сцягам, з невыразнымі людзьмі, як некаторыя цяперашнія эмігранты. Мы былі б ценямі, як туркмены у Мінску, бо ім няма чаго сказаць пра сваю краіну не толькі таму, што яны баяцца, а таму, што яны не ведаюць, што сказаць. Мы былі б ахвярамі міфаў усходняга суседа, настолькі ж далёкімі ад нас, як туркмены далёкія ад «туркменацэнтрычнай карціны свету» нябожчыка Ніязава.
Я ведаю толькі жменьку людзей, якім можна дараваць бязлітасную крытыку «старых», бо яны, прыгаворваючы пад нос тую ж мантру, пра «прасралі», робяць нешта па меры сваіх сіл, рызыкуючы атрымаць па галаве, а часам і атрымліваючы.
Дык што, было б лепш, калі б яны нічога не рабілі?
Махатму Гандзі не прыйшло б у галаву смяяцца над заснавальнікамі Індыйскага нацыянальнага кангрэсу, якія ў ХІХ стагоддзі ў адным іх першых зваротаў прадэкларавалі сваю вернасць Брытанскай Кароне і замест патрабаванняў незалежнасці прасілі ўсяго толькі пашырэння мясцовага самакіравання.
Можа, на той момант можна было б зрабіць і больш, і
можа, той самы Гандзі ведаў, што можна было б зрабіць. Але ён ведаў, што без іх не было б і яго.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?