Мінскі студэнт другога курса кулінарнага тэхнікума Яўген Ціханаў разам з сябрам Раманам Свечнікавым выправіўся ў падарожжа вакол свету. Хлопцы плануюць ехаць праз Каўказ, трапіць у Іран, адтуль у Туркменістан або Індыю. Далей — Кітай, пасля Лаос, Аўстралія, Паўднёвая Амерыка, Мексіка. Адтуль — на Заходняе ўзбярэжжа Афрыкі і назад праз Еўропу. Падарожнікі вандруюць аўтастопам. Вандруюць яны паасобку, але часам у дарозе перасякаюцца.

Старажытны манастыр Хор-Вірап ля ўзножжа Арарата.

Старажытны манастыр Хор-Вірап ля ўзножжа Арарата.

Руіны Агдама.

Руіны Агдама.

«Маргарытка» - вадаскід 40-метровай глыбіні на сістэме водазабеспячэння Севанскага каскада ГЭС.

«Маргарытка» - вадаскід 40-метровай глыбіні на сістэме водазабеспячэння Севанскага каскада ГЭС.

Хачкары - надмагіллі і ўнікальныя творы мастацтва.

Хачкары - надмагіллі і ўнікальныя творы мастацтва.

Ерэван.

Ерэван.

Помніш, газеты пісалі: «19-гадовы студэнт выпраўляецца ў кругасветнае падарожжа, маючы 500 баксаў»? Хлусня.

Калі я выпраўляўся ў падарожжа, у мяне было менш за 20 баксаў.
Я паспяхова змарнаваў іх яшчэ ў Тбілісі: еў марозіва і хачапуры, ездзіў на фунікулёры. Парваліся мае джынсы, таму ў невялікім сэкандзе на ўскрайку горада я набыў новыя, а яшчэ маленькі заплечнік і кепку.

Калі я пакідаў Грузію, у мяне абсалютна не было грошай. Але я не думаў пра гэта, я чакаў ад армян гасціннасці, не меншай за грузінскую.

«Не магу я цябе тут пакінуць, сэрца баліць!»

З’язджаючы з Батумі, раблю папулярную памылку: абіраю карацейшую трасу, а не галоўную.
Калі падарожнічаеш аўтаспынам, мусіш рухацца па вялікіх трасах. Лепш праехаць на сотню кіламетраў больш, чым стаяць пасярод лесу на разбітай дарозе і дарэмна чакаць які трактар.

Стаю ля запраўкі больш за гадзіну, намагаючыся злавіць хоць што­небудзь. Нечакана спыняецца машына, што едзе ў зваротны бок. Кіроўца пытаецца, што я тут раблю ў такі час.

Перапрашае, што пае­дзе ў Арменію толькі праз некалькі дзён, і едзе далей. Праз 50 метраў разварочваецца.
«Слухай, а паехалі да мяне, пераначуеш. Што ты будзеш тут стаяць? Я жыву небагата, але для цябе месца знойдзецца. Не магу я цябе тут пакінуць, сэрца баліць!»

Армэн (кроўны армянін) жыве сапраўды небагата — у былым вайсковым гарадку ля грузінска-армянскай мяжы.

Мае жонку Лусінэ і двух сыноў (14 і 16 гадоў), старэйшы хворы на сіндром Даўна.
Хлопец хваліцца сваёй машынкай, просіць маці зварыць для мяне каву і наіўна-шчыра пытае: «Ты будзеш спаць разам са мной?» Мы вячэраем: боршч з сапраўднымі пампушкамі і тушаная капуста. П’ём каву. Армэн расказвае, як цяжка было са старэйшым сынам: толькі год таму тут адкрылі спецыяльную школу для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дагэтуль усяму вучылі дома. Некалькі гадоў таму змаглі выправіць сына на Каляды ў Амерыку. Сям’я, у якой ён жыў, прапанавала пакінуць яго там, але бацькі не пагадзіліся: дома хоць і цяжка, але ж гэта сын, нельга так.

Калі ў цябе ёсць магчымасць, дашлі ім, калі ласка, паштоўку: Вайсковы гарадок 1, 475, кв. 9, г. Ахалкалакі, Грузія; Армэн і Лусінэ Азран.

Раніцай Армэн вывозіць мяне на шашу, дорыць на развітанне срэбны кулон, кажа: «Гара гару не сустракае, чалавек чалавека сустракае».
Гэтае выслоўе пазней я буду чуць штодня — усе армяне жывуць згодна з гэтым прынцыпам.

«Ці ты ўяўляеш сабе армяніна без грошай?»

Першая машына, якую лаўлю, вязе кавуны на продаж у памежныя вёскі.
Мы едзем па вуліцах і ў вокны выкрыкваем «Лаў дзамерук, лаў дзамерук!» («добры кавун» па-армянску). Калі хто зацікавіцца, спыняем машыну і пачынаем гандляваць. Кіля каштуе каля $ 0,2, мы вязём тры з паловай тоны, сёння прадамо ўсё. Хлопцы прывезлі кавуны з Кахеці, самага плоднага рэгіёна Грузіі.

Стомлены гандлем, сыты кавунамі, пад вечар зноўку выбіраюся на шашу. Гэтым разам лаўлю машыну наўпрост да Ерэвана. Хуценька праходзім памежны кантроль і ляцім у сталіцу. Першае, што мне кажа кіроўца:

«Вядома, паліцыя бярэ хабар, бо армяне надта любяць грошы. Ці ты ўяўляеш сабе армяніна без грошай?» Армяне звычайна — таленавітыя бізнэсоўцы.

Водар нядбайнасці і беднаты

У Ерэван мы трапляем апоўначы. Мне паказваюць кірунак на цэнтральную плошчу.
«Калі будзеш там заўтра — сустрэнемся. Мы там кожны дзень тусім», — кідае мне кіроўца праз акно і зрываецца з месца.

Іду да плошчы з надзеяй пазнаёміцца з кімсьці і знайсці «ўпіску» на ноч. Першыя знаёмыя аказваюцца маскоўскімі армянамі, яны нічым не могуць мне дапамагчы, але дадаюць важную інфармацыю: у Ерэване не праблема знайсці незамкнёныя дзверы на дах.

Часцяком ліфты ў шматпавярховіках не працуюць, таму жыхары верхніх паверхаў падымаюцца на ліфце ў суседнім пад’ездзе і па даху пераходзяць у свой.

Я не губляю надзеі пераначаваць у кватэры і звяртаюся да людзей зноў і зноў, пакуль не натрапляю на двух маладых мастакоў. Яны спачатку доўга раяцца, а потым вядуць у хостэл «Ерэван» і, нягле­дзячы на мае пярэчанні, аплочваюць за мяне начоўку.

Цэнтр Ерэвана. Тыпова­савец­кая забудова з лёгкім прысмакам армянскасці. Шырокія зялёныя вуліцы, вялікія двары, у якіх чаго толькі няма.
Амаль на кожнай вуліцы ёсць фантанчык з чыстай вадой — «пулпулак». Тут выдатна адчуваеш пералом між азіяцкай беднатой і еўрапейскай заможнасцю.

У Ерэване я быў нядоўга. Ля выезда з горада мяне спыніў уладар маленькай крамы, прапанаваў адпачыць і выпіць халоднай кавы. Тым часам ля крамы спынілася машына і кіроўца пацікавіўся, куды я еду. Калі я сказаў «Хор-Вірап», высветлілася, што ён едзе туды ж і за невялічкую плату можа мяне падвезці. Каля хвіліны мы гандляваліся. Перамагла армянская гасціннасць — паехалі бясплатна. Армянскія машыны, дарэчы, на 95% працуюць на газе. Знайсці бензінавую запраўку тут — праблема.

Хор-Вірап

Хор-Вірап («Глыбокая Дзірка» па-армянску) — манастыр ля гары Арарат. Пад манастыром у скале высечаная вязніца, у якой 15 гадоў правёў святы Рыгор Асветнік, перш чым у 301 годзе н.э. навярнуў цара Трдата ІІІ у хрысціянства. З таго моманту Арменія становіцца хрысціянскай.

Паводле Карскай дамовы 1921 гара Арарат адышла Турцыі, і цяпер я гляджу на гістарычны сімвал Арменіі праз краты.

Ля ўзножжа манастырскай гары стаўлю намёт і іду купацца — непадалёк ад гэтага месца ёсць закінуты адкрыты басейн, у якім плёскаюцца дзеці ўсіх навакольных вёсак.

Наступным днём еду на поўдзень, у царкву Нураванк. Царква стаіць у баку ад буйной трасы, пры канцы васьмікіламетровага Каньёна Стогнаў.
Назву каньён атрымаў пасля таго, як шмат гадоў таму вулкан з землятрусам разбурылі тут горад. Каньён багаты на глыбокія пячоры, рэдкую флору і фаўну. Тут расце жоўтая шыпшына, фісташкі, водзіцца персідскі леапард.

Я хацеў спаткаць гэтага леапарда, таму крыху палазіў па гарах. Нікога не сустрэў. І дзякуй богу, бо, як пасля высветлілася, па гэтых гарах праходзіць мяжа Арменіі з Нахічэванню, азербайджанскім эксклавам. Тут рэгулярна хтосьці гіне.

Фермеры з­-пад Джэрмука

У такіх гасцінных краінах, як Грузія і Арменія, калі ты едзеш у машыне ноччу, то з верагоднасцю 80% цябе запросяць у госці. Так і адбываецца.

Хлопец жыве са стрыечнымі братамі і іх бацькамі ў вёсцы непадалёк ад Джэрмука, армянскай сталіцы мінеральнай вады. Сям’я трымае худобу на закінутай ферме ў гарах, ад 17.00 да 8.00 за жывёлай наглядаюць бацькі, ад 8.00 да 17.00 — дзеці. З імі наступным днём я і выпраўляюся на пасту. Цэлы дзень мы блукаем па гарах, пераганяем кароваў з месца на месца, сочым за авечкамі, якія хаваюцца ад сонца на другім паверсе закінутай будоўлі, катаемся на кані.

Грант, адзін з хлопцаў, расказвае мне армянскія легенды, гісторыю пакутаў гэтай некалі вялікай дзяржавы.

І, ведаеш, што мяне здзіўляе і сароміць, — у гэтай краіне абсалютна любы чалавек, незалежна ад полу, веку і сацыяльнага статусу дасканальна ведае гісторыю Арменіі: кожную дату, кожнае месца, кожнае імя.
Пятнаццацігадовы хлопец спяваў мне гістарычныя гімны, расказваў легенды пра армянскіх цароў, шчыра адстойваў права называць адзін з колераў армянскага сцяга менавіта абрыкосавым, а не проста аранжавым.
Хлопцы абяцаюць паказаць мне незвычайную крыніцу з мінеральнай вадой.
Па­-першае, адтуль цячэ цёплая вада, па-другое — гэта ключ­пульсар: кожныя шэсць хвілін струмень узмацняецца і звычайная крынічка ператвараецца ў штось сярэдняе паміж джакузі і гейзерам.

Раздзяваемся да майткоў і лезем у ваду, б’ёмся за месца над гейзерам.

Калі прыходзяць людзі, хуценька вылазім, бо Арменія — краіна кансерватыўная, чалавек у майтках тут успрымаецца як голы.
Праз высокую канцэнтрацыю мінералаў і соляў у вадзе скура пакрываецца белым налётам, які не змываецца яшчэ некалькі дзён.

Наперадзе — Карабах

Выпраўляюся далей на поўдзень. Дзесь там — чаканы Карабах, але перад гэтым я мушу заехаць у места Татэў — там надзвычайнай прыгажосці горы, старажытны манастыр і самая доўгая ў свеце канатная дарога. Апошняя не ўразіла абсалютна. Яна была навюткай і абсалютна бяспечнай.

Праязджаю горад Горыс. Спраектаваны немецкім архітэктарам, зверху горад выглядае сапраўднай сеткай — усе кварталы аднаго памеру, усе вуліцы перасякаюцца пад прамым вуглом. Для мяне гэта не новае, але для мясцовых жыхароў — прадмет сапраўднага гонару.

За горадам пачынаецца дарога ў Карабах. Упершыню пра яго я даведаўся з кніжкі Рышарда Капусцінскага «Імперыя». У канцы 1980-х ён, пераапрануты ў пілота, нелегальна наведаў абложаны Карабах.

Рэгіён гэты падаваўся мне страшна небяспечным, штось нашкалт сучаснага Афгана. Але ўсё аказалася інакш.

Памежнікі пільна правяраюць дакументы. Хаця беларусам віза ў Карабах і не трэба, ты мусіш зрабіць спецыяльную акрэдытацыйную карту ў прадстаўніцтве Нагорна-Карабахскай Рэспублікі ў Ерэване або ў Сцепанакерце (сталіца НКР). Да Сцепанакерта ад мяжы — 50 кіламетраў серпанцінам. Мы на «Камазе» гэты адрэзак можам адолець за некалькі гадзін. Над цяснінамі там­сям перакінутыя металічныя тросы. Гэта было зроблена падчас вайны, каб варожыя верталёты, што хаваліся нізка ў цяснінах, заблытваліся турбінамі і падалі.

Калі спускаемся з гор, кіроўца пачынае засынаць. Рух на трасе ўзмацняецца, і я не ведаю, куды лепш выкручваць стырно — на сустрэчную ці пад адхон. Дзякуй богу, даязджаем без прыгодаў.

Назаўтра еду ў горад Шуша, што непадалёк ад Сцепанакерта. Там муры дагістарычнай крэпасці, дзясяткі напаўразбураных дамоў і тры мячэці, дзве з якіх рэстаўруюцца.
Яшчэ адзін выразны акцэнт у армяна-азербайджанскім канфлікце. Армяне ніколі не разбураюць мячэці і азербайджанскія могілкі. Мячэць лічыцца святым месцам, ды і памерлых турбаваць не прынята.

Руіны Агдама

Карабах — месца, напоўненае вайной. Калі трапіў у горад Агдам, я аслупянеў. Стаяў пасярод горада, у якім некалі жыло 50000 жыхароў. Цяпер тут толькі руіны. Гэта — школа, у якой ніхто і ніколі больш не будзе вучыцца. Гэта — фантан, засохлы, разбураны, зарослы.

Адзіны ацалелы будынак у горадзе — мячэць. Можна падняцца на мінарэт, і тады руіны будуць бачныя да самага далягляду.

Я прыехаў сюды на машыне з вайскоўцамі. Яны просяць не шпацыраваць асабліва па горадзе, бо большая яго частка дагэтуль замініраваная. Дый тут няма чаго глядзець. Адной гільзы пад нагамі і ўзарванага фантана дастаткова. Я разварочваюся і збягаю. На выездзе з горада сядзіць бабуля і просіць грошы. «У мяне няма, — кажу я. — Але ёсць хлеб». «Давай. А ці ёсць вопратка?»

Ёсць у НКР і больш старажытныя руіны. Недалёка ад Агдама быў знойдзены старажытны горад, пабудаваны ў І ст. да н. э. армянскім царом Тыгранам ІІ. Тут я знаёмлюся з Жорам, хлопцам, які ўвесь час свайго вайсковага адпачынку бавіць на раскопках у якасці валанцёра. Пасля войска ён збіраецца паехаць падарожнічаць на некалькі гадоў, каб зразумець, як уладкаваны гэты свет.

Шырокая даліна паміж невысокімі гарамі. Вадасховішча, кукурузныя палі. У гарах — статкі кароў і авечак.
На схілах сюд-туд — разбураныя азербайджанскія дамы з рэшткамі садоў. Армяне не карыстаюцца гэтымі руінамі, яны будуюць новае жытло побач. «Гэта чужое, — кажуць яны. — Мы возьмем гэтыя камяні для будаўніцтва новых дамоў, а на гэтым месцы ўзаром палі».

Я затрымліваюся тут на два дні і адчуваю, што гэта найлепшае месца на Зямлі.

Унікальныя хачкары

Праз паўночныя горы я вяртаюся ў Арменію, да возера Севан. Зазіраю ў вёску Наратуз. Тут — старыя хрысціянскія могілкі, на якіх каля 800 хачкараў. Гэтыя старажытныя камяні-крыжы ўраж­ваюць майстэрствам разьбы.

Колькі ж часу чалавек павінен працаваць, каб зрабіць на камені такі вытанчаны і матэматычна вывераны арнамент!

Шкада пакідаць гэтую краіну, але я мушу ехаць у Іран — іранская віза хутка скончыцца, трэба спяшацца. У маёй памяці назаўсёды застанецца Карабах і безумоўная адданасць армян сваёй гісторыі, свайму народу — такая адданасьць уласцівая закаханым, якія на старасці ведаюць на памяць кожную літару колішніх лістоў і моўчкі стаяць пад даўно пагаслымі вокнамі. Стаяць і чакаюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?