Гродзенскае ААТ «Радыёхваля» пачало вытворчасць камплектаў электраправадоў (жгутоў) для аўтамабіляў Volkswagen Jetta. Пра гэта паведаміў начальнік вытворчасці жгутоў акцыянернага таварыства Мікалай Клешч.

На прадпрыемстве ў рамках рэалізацыі буйнога інвестпраекта ўведзена ў эксплуатацыю лінія па вытворчасці жгутоў для легкавых аўтамабіляў Volkswagen Jetta. Працэс навучання з 15 кастрычніка вядуць польскія спецыялісты.

Рыхтуецца доследная партыя жгутоў для Jetta, якая будзе адпраўлена на выпрабаванні ў Еўропу.
Працэс навучання спецыялістаў плануецца завяршыць да канца года, пасля чаго арганізоўваць пастаянныя пастаўкі камплектаў правадоў для нямецкага канцэрна.

Гродзенскія жгуты плануецца пастаўляць у Ніжні Ноўгарад, дзе размешчана зборка гэтай мадэлі аўтамабіляў Volkswagen.

З расійскім прадпрыемствам заключаны дагавор аб намерах, згодна з якім прадугледжваецца выкарыстоўваць у зборцы жгуты, вырабленыя ў Гродне (раней завод закупляў гэтыя камплектуючыя ў Польшчы, Германіі). У дагаворы таксама прапісаны намеры арганізаваць на «Радыёхвалі» вытворчасць жгутоў для Skoda Octavia і Skoda Yeti для зборкі ў Ніжнім Ноўгарадзе. Устаноўку неабходнага абсталявання на гродзенскім прадпрыемстве плануюць пачаць яшчэ ў бягучым годзе.

У «Радыёхвалі» ўжо ёсць вопыт работы з вядомымі аўтаканцэрнамі. Тут вырабляюць больш за 500 мадыфікацый жгутоў для легкавых аўтамабіляў мадэлей Volkswagen Golf A5, A5 + і А6, Transporter T5 і Audi ТТ.

Пашырэнне дзеючай і арганізацыя новай вытворчасці электраправодных жгутоў на ААТ «Радыёхваля» вядзецца ў рамках інвестпраекта з аб’ёмам фінансавання 5 млн. еўра. Ён рэалізуецца ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» пры ўдзеле вядучых японскіх і фінскіх фірм — вытворцаў электраабсталявання для аўтагігантаў Sumitomo Electric Wiring Systems (Europe) ldt. і PKC Group.

У рамках інвестпраекта толькі пад праект для зборкі ў Ніжнім Ноўгарадзе плануецца да канца 2013 года працаўладкаваць яшчэ больш за 300 чалавек. Усяго ж 5-гадовы інвестпраект прадугледжвае стварэнне каля 1,6 тыс. рабочых месцаў.

ААТ «Радыёхваля» — былое канверсійнае прадпрыемства, якое мае ў сваім складзе ўсе віды вытворчасцей і тэхналогій, характэрных для заводаў радыётэхнічнага напрамку, з замкнёным цыклам вытворчасці. Да 2004 года прадпрыемства спецыялізавалася на распрацоўцы, вытворчасці і рэалізацыі тавараў народнага спажывання (радыёпрыёмнікі, тэлевізары, гаражныя замкі) і прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння (аўтамабільныя, трактарныя генератары, выключальнікі запальвання, запорныя ўстройствы і іншыя вырабы). Пасля было пераарыентавана на выраб жгутоў да аўтамабіляў, а таксама камплектуючых для аўтатрактарнай тэхнікі.

З 1 лютага 2004 года ГРУВП «Радыёхваля» ўваходзіць у склад вытворчага аб’яднання «Мінскі маторны завод». З 2011-га — у склад холдынга «Аўтакампаненты».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0