12 беларускіх палітычных сіл прынялі сумесны зварот да ЕС.
Сумесная заява падпісана ў Брусэлі прадстаўнікамі «Еўрапейскай Беларусі», партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Маладога фронту, кампаніі «Гавары праўду!», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі «Справядлівы свет», Саюза «За мадэрнізацыю», Беларускай партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, КХП-БНФ, руху «За свабоду!», партыі Свабоды і прагрэсу.
«Мы, ніжэйпадпісаныя, сабраўшыся ў Брусэлі 17 кастрычніка 2012 г., заклікаем інстытуты Еўрапейскага Саюза прыкласці максімум намаганняў для дэмакратызацыі Беларусі.
Ацэньваючы працу, якую правялі пэўныя ўстановы і прыватныя асобы ЕС, мы лічым, што неабходна актывізаваць дзейнасць у гэтым кірунку.

Змагацца за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне было б нашмат складаней без падтрымкі і салідарнасці еўрапейскіх інстытутаў. Мы разумеем, што толькі беларускі народ можа вызначыць дэмакратычную будучыню краіны, але для таго, каб гэта адбылося ў бліжэйшы час, нам неабходная ўсебаковая падтрымка з боку краін ЕС і самога Еўрапейскага Саюза.

Еўрапейскі Саюз павінен заклікаць да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зняволеных і іх рэабілітацыі, а таксама — да спынення палітычных рэпрэсій.

Беларускі народ заслугоўвае жыцця ў тых жа эканамічных і палітычных умовах, у якіх жывуць краіны ЕС цяпер. Мы перакананыя, што ў будучыні наша краіна стане чальцом гэтай супольнасці», — гаворыцца ў звароце.

Аляксандр Атрошчанкаў (па даручэнні Станіслава Шушкевіча), Зміцер Бандарэнка, Юрась Губарэвіч, Сяргей Каваленка, Алесь Кіркевіч, Алесь Міхалевіч, Уладзімір Навасяд, Алег Новікаў, Васіль Палякоў, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Сякерка, Сяргей Вазняк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?