Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце падпісала новы дэкрэт аб Міжнароднай камісіі па ацэнцы злачынстваў нацысцкага і савецкага акупацыйных рэжымаў у Літве, правёўшы лінію падзелу паміж двума рэжымамі, а таксама ўключыла ў склад камісіі новага члена з Мемарыяльнага музея халакосту ЗША.

У складзе камісіі будуць працаваць некалькі дзясяткаў літоўскіх і замежных гісторыкаў,
якія будуць займацца даследаваннямі і паспрабуюць даць сумесную ацэнку злачынствам, учыненым у гады акупацыі Літвы. Падпісаным у аўторак дэкрэтам удакладнены жнівеньскі прававы акт.

У адпаведнасці з дэкрэтам, камісія падзяляецца на дзве асобныя і незалежныя падкамісіі: «Па ацэнцы злачынстваў нацысцкага акупацыйнага рэжыму і Халакосту», а таксама «Па ацэнцы злачынстваў савецкага акупацыйнага рэжыму», у абедзвюх падкамісіях будзе працаваць па дзесяць чалавек.

Як зазначаецца ў дэкрэце, гэта робіцца «з мэтай правесці лінію падзелу паміж злачынствамі нацысцкага акупацыйнага і савецкага акупацыйнага рэжымаў».
У папярэднім дэкрэце не было гэтых слоў, з гэтай прычыны прэтэнзіі выказвалі прадстаўніка дзеючага ў Ізраілі музея Яд Вашэм.
Міжнародная камісія была першы раз сфарміравана ў 1998 г. прэзідэнтам Валдасам Адамкусам.
Аднак яе члены не збіраліся на пасяджэнні з 2007 года, калі Генпракуратура Літвы прад’явіла падазрэнні члену камісіі Іцхаку Араду ў дапамаганні ў забойствах цывільнага насельніцтва Літвы ў гады Другой сусветнай вайны.

Арад, які быў савецкім партызанам, сваю віну катэгарычна адмаўляў, а ў 2008 г. было спыненае расследаванне ў дачыненні да яго, бо ў пракурораў не было дастаткова доказаў.

Як у ранейшым, так і ў новым дэкрэце прэзідэнта Літвы прызнаецца выключны характар ​​Халакосту
— адзначаецца, што камісія фарміруецца з улікам «выключнага, які не мае прэцэдэнтаў характару і маштабу халакосту, іншых злачынстваў акупацыйнага нацысцкага рэжыму і балючых наступстваў савецкага акупацыйнага рэжыму для жыхароў Літвы».

Пасольства ЗША у Літве вітала аднаўленне працы камісіі, адзначыўшы, што гэта будзе спрыяць лепшаму ўсведамленню гісторыі.

«Амбасада ЗША вітае падпісаны прэзідэнтам Грыбаўскайце дэкрэт аб стварэнні Міжнароднай камісіі па ацэнцы злачынстваў акупацыйных нацысцкага і савецкага рэжымаў у Літве. Гэта важны крок на шляху да большага ўсведамлення складанай і трагічнай гісторыі Літвы», — заявіў BNS прэс-сакратар амбасады Джонатан М. Бергер.

Раней Літва і іншыя краіны Усходняй Еўропы крытыкаваліся за тое, што гэтыя краіны нібы спрабуюць прыраўняць злачынствы нацыстаў і саветаў, прынізіць маштаб Халакосту.

Літоўскія ўлады такія абвінавачванні адкідалі і, у сваю чаргу, заяўлялі, што Захад мала ведае аб злачынствах камуністычных рэжымаў, а Расія пазбягае сумленнай ацэнкі жорсткасці СССР і факт акупацыі Балтыйскіх краін.

Старшынёй камісіі прызначаны парламентарый Эмануэліс Зінгерыс. Раней ён заяўляў, што сябры камісіі павінны сабрацца на пасяджэнне яшчэ ў гэтым годзе.

У падкамісію Па ацэнцы злачынстваў нацысцкага акупацыйнага рэжыму і Халакосту прызначаныя два прадстаўнікі арганізацыі памяці ахвяраў Халакосту і герояў Яд-Вашэм у Ізраілі, адзін член Камітэта яўрэяў Амерыкі, некалькі літоўскіх гісторыкаў. Сярод іх- прадстаўнік Камітэта габрэяў Амерыкі Эндру Бэйкер, прадстаўнікі Яд Вашэм Дзіна Порат і Аркадзь Зэльцэр, выкладчык Мілерсвільскага універсітэта Саўлюс Сужэдэліс, выкладчык Віленскага універсітэта Кястуціс Гірнюс.

У падкамісію Па ацэнцы злачынстваў савецкага акупацыйнага рэжыму прызначаныя прадстаўнікі міжнароднай грамадскай арганізацыі «Мемарыял» у Расіі, Ельскага, Стэнфардскага універсітэтаў у ЗША, універсітэта Сарбоны, Віленскага універсітэта. У гэтай падкамісіі будуць працаваць старшыня Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне сейма Літвы, гісторык Арвідас Анушаўскас, член «Мемарыяла» Аляксандр Даніэль, член Камітэта яўрэяў Амерыкі Нікалас Лейн, прадстаўнік Ельскага універсітэта Цімаці Снайдэр, прадстаўнік Сарбоны Франсуа Тамас, венгерскі гісторык Янаш Райнер.

Новым дэкрэтам прэзідэнта ў склад камісіі ўключаны дадатковы член — прадстаўнік Мемарыяльнага музея Халакосту ЗША Юрген Матэўс.

Савецкі Саюз акупаваў Літву ў 1940 годзе, накіраваўшы пасля прад’яўлення ультыматуму ў краіну больш за 150 тыс. чырвонаармейцаў. У 1941–1944 гады Літва была акупаваная нацысцкай Германіяй, пасля якой аж да 1990 года была зноў акупаваная СССР.

Падчас Другой сусветнай вайны Літву акупавала Германія. Нацысты і іх мясцовыя памагатыя знішчылі 90% яўрэйскага насельніцтва Літвы, якое налічвала 208 тыс. чалавек.

Лічыцца, што Літва з-за ўчыненых таталітарнымі рэжымамі злачынстваў, у тым ліку генацыду, страціла прыкладна траціну свайго насельніцтва.

У 1940–1952 гады з Літвы былі рэпатрыявана або выехалі 444 тыс. жыхароў, на фронце загінулі 25 тыс., а ў лагеры і ссылкі былі адпраўленыя 275 тыс. чалавек, акрамя таго, загінулі больш за 20 тыс. асобаў, якія змагаліся з савецкай акупацыяй або падтрымлівалі супраціў.

Дзяржавы Захаду не прызнавалі законнасць ўключэння краін Балтыі ў склад СССР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?