Не дапусціць парнухі!

У 2010-м Мікалай Чаргінец патрабаваў зладзіць папярэдні прагляд праграмы, якую нямецкі гурт Rammstein збіраўся прадставіць на мінскім канцэрце.

«Па гурту Rammstein мы выступілі не з пункту гледжання, каб яго не дапусціць.

Нам пракруцілі відэазапіс аднаго з канцэртаў, дзе святары нашы закрывалі твары ад сораму за тое, што там адбываецца. І мы запатрабавалі: «Разбярыцеся, браткі, што гэта за канцэрт. І калі там ёсць парнуха, трэба яе не дапусціць».

Паслухалі нас. Кажуць, што моладзі канцэрт спадабаўся».

«У адным ложку паміж двума»

Не спадабаўся старшыні Рады па маральнасці і леташні канцэрт у Мінску расійскай порназоркі Каці Самбукі.

«Я разумею: інтым двух людзей — гэта нармальнае, так бы мовіць, развіццё жыцця.

Але калі праводзяцца вось такія патаскушныя нумары, калі дама імітуе ўсё, што заўгодна, што не павінна быць нават блізка, то гэта выклікае не толькі пачуццё пратэсту, а проста пачуццё агіды і нізасці нораваў асобных нашых дзеячаў культуры, калі можна іх так назваць».

І заявіў у інтэрв’ю «Еўрарадыё», што яе месца не на сцэне, а «ў адным пакоі, у адным ложку паміж двума нармальнымі людзьмі».

«Калі б Някляеў напіўся...»

«Узяў бы па п’яні патрапіў Някляеў у выцвярэзнік, паспрабавалі б яго прыцягнуць за хуліганства, я, даю чэснае слова, першым прасіў бы праявіць да яго спагаду... Не трэба ствараць ілжывую карпаратыўнасць», — так патлумачыў адмову свайго Саюза пісьменнікаў ваказацца ў падтрымку Уладзіміра Някляева, які знаходзіўся за кратамі пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Не выпускаць апазіцыянераў

У студзені 2011-га Чаргінец выступіў з ініцыятывай скласці спісы нашых грамадзян, якія садзейнічалі еўрачыноўнікам у выбары кандыдатур для спісу неўязных у ЕС, і забараніць ім выезд з Беларусі.

«Павінны ж яны панесці нейкае пакаранне за паклёп на наш адрас і падман чыноўнікаў і парламентарыяў Еўропы!»

Сям’я Лукашэнкі

«Складаная справа — сям’я. І нам лезці з рыдлёўкай ці кіркай у душу чалавека і патрабаваць: «раскажы, мне цікава, як ты там…» не варта... Не патрабуйце нават ад прэзідэнта такіх рэчаў, якія далёкія ад нашага разумення.

Што, нам лягчэй стала, каб ён [Аляксандр Лукашэнка] раскрыў сакрэт чыста інтымнага, сямейнага парадку?

І жонка яго не гаворыць. Здавалася б, калі яна пакрыўджаная, магла б сказаць, былая яго...»

Так адрэагаваў Чаргінец, калі яго папрасілі паспрыяць з’яўленню кіраўніка краіны на публіцы разам з сям’ёй, у прыватнасці, з жонкай.

«Што ж ваш прэзідэнт нарабіў?!»

Затое Мікалай Чаргінец не пасаромеўся прысвяціць інтымнаму жыццю прэзідэнта ЗША цэлую кнігу «Тайна Авальнага кабінета».

«Амерыканцы ўпрошваюць мяне чацвёрты год перавыдаць [у 2010]. А калі ўлічыць, што ён перавыдадзены ў дванаццаці краінах і сямнаццаць разоў выдаваўся ў Беларусі і Расіі…

Рэч ідзе пра тое, што рабіў прэзідэнт Амерыкі. Вы не знойдзеце там ніводнага факту прыдуманага, калі гаворка ідзе аб «салёнасці».

Вы папракаеце: «Ай-ай, што ж там напісаў!?». А я магу сказаць: «Ай-ай, што ж ваш прэзідэнт нарабіў?!» Я пісаў праўду».

Курсы беларускай мовы на працы

«У вышэйстаячыя інстанцыі накіравалі праект рэкамендацыі арганізацыям усіх формаў уласнасці, ці то вайсковай частцы ці фірме, адкрыць курсы беларускай мовы. Магчыма, дзеля гэтага нават варта на гадзіну скараціць працоўны дзень, — заявіў генерал год таму. — Але рабіць усё гэта трэба ненавязліва, тактоўна, нікога сілком не прымушаючы».

«Я помню паліцаяў»

«Тут стаялі немцы у наваксаваных, памятаю, ботах. І паліцыянты нашыя з павязкамі чырвона-бела-чырвонымі»,

— пракаментаваў акцыю моладзевых актывістаў супраць выкладання гісторыі Беларусі на расійскай мове ў верасні 2006-га на плошчы Якуба Коласа ў Мінску. Адметна, што ў 1941, калі немцы акупалі Мінск, Чаргінцу было 4 гады. А з Беларусі іх пагналі, калі будучаму генералу не было і сямі.

***

Мікалай Чаргінец нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 года ў Мінску. Прафесійна займаўся футболам. Затым працаваў у міліцыі. Даслужыўся да пасады начальніка Упраўлення крамінальнага вышуку МУС БССР. Служыў у Афганістане. Узначальваў Беларускае ўпраўленне ўнутраных спраў на транспарце.

Член прэзідыўма савета рэспублікі нацыянальнага сходу (1997—2008), кандыдат юрыдычных навук, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар кніг прозы «Четвертый след», «Служба — дни и ночи», «Сыновья», «Вам задание»... Піша на расейскай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?