У сярэдзіне жніўня на ін­фармацыйных стужках прайшла навіна, што ў краіне ўзнікае Цэнтрысцкая партыя.
Нават з’езд прызначылі на 23 снежня. На чале партыі мае стаць былы лідар сацыял­дэмакратаў Анатоль Ляўковіч.

«Выбары ў палату прадстаўнікоў не зменяць сітуацыю ў краіне. Сапраўдных палітычных страсцей і палітычнай барацьбы няма, — гаварылася ў заяве арганізатараў новай партыі. — Па адзін бок барыкад «забранзавеўшы» рэжым, па іншы блазнерства і пазёрства. Палітычнае жыццё ў краіне зведзена да пляскання на плошчах і напісання нікому не патрэбных лозунгаў». Напрыканцы звароту адзначалася, што час псеўдаапазіцыі (не ўлады) мінуў.

«Советская Белоруссія» надрукавала кампліментарны артыкул пра Цэнтрысцкую партыю пад загалоўкам «У чаканні страсці».
«Людзі Ляўковіча (а хутчэй за ўсё — ён сам аўтар гэтага баявога маніфеста) абсалютна правільна ахарактарызавалі палітычную апазіцыю, іх блазенства і пазёрства, а таксама дакладна прымецілі наконт разбазаранага ліміту даверу, які, можа быць, калісьці і быў у апазіцыі, але даўным­даўно сышоў у топанне і хлопанне», — адзначае аўтар матэрыялу.
У Рэдакцыю звярнуўся даўні чытач «НН» Генадзь Самусевіч (на форуме nn.by ён мае нік Дзімыч), які меў непасрэднае дачыненне да «стварэння» Цэнтрыцскай партыі. «Гэта чыстая авантура», — адразу кажа Генадзь.

Напачатку ён расказвае перад­гісторыю.

«Дзесьці два гады таму на мяне праз інтэрнэт выйшаў адзін хлопец. Былы актывіст апазіцыі, жыве ў Пінску. Сказаў, што раней займаўся грамадскай дзейнасцю, усталяваннем адносін «Беларусь — НАТА», прапанаваў разам папрацаваць. Хлопца завуць Вадзім Макееў».

Самусевіч кажа, што нічога з гэтай задумы не выйшла, але Макееў пазнаёміў яго са сваімі сябрамі. Сярод якіх быў журналіст Зміцер Кісель.

«Аднойчы яны мне сказалі: «У прынцыпе, у нас апазіцыя гнілая. А ці можна знайсці нейкую нішу, каб стварыць сваю партыю?» Кажу, што магчыма. Ну дык мы паспрабуем, кажуць яны мне.

Макееў і Кісель нараджалі-нараджалі ідэі і нічога не радзілі. Звярнуліся зноў да мяне.
Я прапанаваў канцэпцыю Цэнтрысцкай партыі. Але гэта толькі канцэпцыя! Яшчэ чакаў вялікі кавалак працы, патрэбныя сродкі і людзі».
У жніўні Самусевіч прачытаў з паведамленняў у інтэрнэце, што ствараецца Цэнтрысцкая партыя.
«Макееў сказаў, што яны ўжо аб усім дамовіліся. Першым іхнім крокам павінна было стаць дасыланне Ярмошынай па пошце 10 слоікаў баршчу. Потым яны дамовіліся з Ляўковічам, што атакуюць Калякіна. Я кажу: а Калякіна за што? Адказваюць, што ў Ляўковіча засталася крыўда на Калякіна».
«Самае цікавае, што яны мне сказалі: «На наступных прэзідэн­цкіх выбарах мы вылучаем Ляўковіча». Пасля гэтага я стаў капаць, хто гэтыя хлопцы.
Апынулася, што тут, як у «Залатым цяляці»: «Да 16:00 вы за савецкую ўладу, а пасля 16:00 — супраць». Я гляджу, што Макееў і Кісель гнабяць у інтэрнэце гэтую апазіцыю, а самі ствараюць апазіцыйную партыю», — кажа Генадзь Самусевіч.

«Гэта самі людзі выступілі з такой ініцыятывай, каб вылучыць мяне ў прэзідэнты, — кажа Анатоль Ляўковіч. — Я чалавек адкрыты, гатовы да розных прапановаў. Сапраўды, меў нейкую падобную размову са Змітром Кісялём. Ці ведаю я Макеева? Я многіх ведаю».

Ляўковіч праславіўся найбольш сваімі даўжэзнымі артыкуламі ў прэзідэнцкай «Советской Белоруссіі» пра неабходнасць «канструктыўнай апазіцыі» з завярэннямі ў прызнанні заслуг Аляксандра Лукашэнкі.
У другі раз Ляўковіч трапіўся на лісце да лідара «Справядлівай Расіі» Сяргея Міронава, дзе выступаў большым інтэгратарам за Лукашэнку і прапаноўваў стварыць грамадскую палату саюзнай дзяржавы.
Сам Вадзім Макееў адмаўляе свой удзел у стварэнні Цэнтрысцкай партыі. «Я не маю ніякага дачынення», — кажа ён, палохаючы, што падасць у суд за любую згадку яго імя.

Цікава, што асобы Макеева і Кісяля добра вядомыя ў асяроддзі брэсцкіх дэмакратычных актывістаў. Напрыклад, сябар Руху «За Свабоду» Дзяніс Турчаняк ужо не першы год спрабуе прыцягнуць да адказнасці Змітра Кісяля за абразы ў інтэрнэце. Пракуратура падтрымала Турчаняка, але міліцыя адмовілася нават апытаць Кісяля. Так ужо паўтаралася чатыры разы.

13 верасня на сайце «Віртуальны Брэст» з’яўляецца інфармацыя, што грамадская арганізацыя «Украінскі дом» звяртаецца да ЛДП і асабіста да сп.Гайдукевіча з прапановай аб супрацоўніцтве.
Цікава, што сярод заснавальнікаў «Украінскага дома»... таксама Макееў і Кісель. «Партыі няма, а яны ўжо шукаюць партнёраў», — кажа Самусевіч.
Яшчэ адной партнёрскай арганізацыяй Цэнтрысцкай партыі становіцца нейкі «Левы фронт», што нібыта быў створаны ў Пінску.
На чале арганізацыі стаў рабочы «Пінскдрэва» Кудранок. У інтэрв’ю ён сказаў, што арганізацыя за сацыялізм і бачыць у саюзніках Цэнтрысцкую партыю. Інтэрв’ю ў Кудранка браў Зміцер Кісель.
«У Беларусі і так да чарта псеўдаапазіцыйных арганізацый. Я б не хацеў, каб з’явілася яшчэ адна, якая б біла сябе ў грудзі, а потым пайшла на прэзідэнцкія выбары. Я не хачу ўдзельнічаць у такіх сумнеўных праектах», — сканчвае Генадзь Самусевіч.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?