Любоў Усцяпірава просіць міласціну ў пераходзе каля Нацыянальнага банка. Жанчыне 57 гадоў. На выгляд сухенькая, кульгае, апранутая з чужога пляча. Родам з Расіі.
«Працавала кранаўшчыцай і ў Расіі, і ў Казахстане, а потым прыехала з мужам у Мінск, таксама працавала на заводзе. А ў 2002 годзе памёр муж».
Жыллё ў Мінску Любоў прадала і пераехала ў вёску ў Віцебскай вобласці. А неўзабаве дом разам з усёй маёмасцю згарэў. У жанчыны няма ні дзяцей, ні сваякоў — прыткнуцца няма дзе, і жанчына вярнулася ў Мінск.
«Я нідзе не працавала, збірала даведкі, каб аформіць пенсію, але трапіла пад машыну — не паспела перайсці дарогу. Доўга валялася ў бальніцы.
Пенсіі няма, а жыць на штосьці трэба».
Прытулак жабрачцы далі вернікі. Любоў вырашыла жабраваць — сядзіць у пераходзе з пачатку лета.
«Працоўны дзень» жанчыны пачынаецца досыць позна — аб
Любоў добра ведае, што за будынак побач з яе працай, і нават паспела ацаніць выгаду суседства з Нацыянальным банкам:
«Тут міліцыі менш ходзіць, і людзі больш добразычлівыя. Ахоўнікі ходзяць, але мне ні разу нічога не сказалі.Пару разоў я спрабавала сядзець у гандлёвым цэнтры „Сталіца“, але там міліцыя ганяе: то адны алкашы збіраюцца, то іншыя, мяне ганяюць».
Сярэдняя выручка Любові за дзень — да 30 тысяч рублёў.
«Часам менш, часам больш. Крызіс нават не адчуваецца. Як давалі, так і даюць. У асноўным даюць жанчыны і дзеці — тыя яшчэ ў бацькоў просяць грошай, каб бабулі дапамагчы. Хто па сто рублёў дае, хто па пяцьдзясят. А мужчыны міма звычайна…», — уздыхае Любоў.
Уся выручка ідзе на ежу і лекі. Часам мінакі частуюць жанчыну цукеркамі і шакаладкамі.
«Я салодкае вельмі люблю. Сама сабе не купляю. Ем малочныя прадукты, салаты».
Жанчына сцвярджае, што мяса не купляе, бо «не хочацца». Разумею, што Любоў перабольшвае. Яе выручкі ў самы ўдалы дзень не хопіць на кілаграм курынага мяса!
Маўчанне перарываецца дзякуючы хлопцу — ён дае жабрачцы 20 тысяч. Любоў радуецца бы дзіця:
«Мне рэдка так шмат даюць! Аднойчы далі 10 долараў! Гэта беларусы былі, не замежнікі. Мне так шмат ніколі не давалі!»
Любоў запэўнівае, што не разбіраецца ні ў курсах валют, ні ў саміх замежных грошах. Але мяркуе, што курс долара да Новага года наўрад ці перавысіць 9000 рублёў.
«Думаю, не вышэй за 9 тысяч рублёў. У нас эканоміка стабільная.
Раней было шмат людзей ля абменніка (у пераходзе ёсць абменны пункт „Беларусбанка“), а цяпер вельмі мала».
Напрыканцы жанчына раіць усё трымаць у рублях:
«У беларускіх трэба трымаць. У нас свабодная краіна, трэба ў беларускіх», — кажа жанчына, сціскаючы ў руцэ дробязь.