РГА «Перспектыва» 9 кастрычніка накіравала ў дэпартамент па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі ліст, у якім заклікае «прыняць дзейсныя меры па прадухіленні спроб навязаць прадпрымальнікам абавязкі па ўстаноўцы касавых апаратаў на рынках».
9 кастрычніка на сходзе, у якім удзельнічалі каля 20 прадпрымальнікаў, што працуюць на сталічным рынку «Ждановічы», было вырашана звярнуцца ў дэпартамент па прадпрымальніцтве.

Як паведаміў старшыня савета РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі, якія гандлююць на рэчавым рынку, не згодныя з рашэннем адміністрацыі ГЦ «Ждановічы», якая абавязала іх устанавіць касавыя падсумоўваючыя апараты ў боксах з ралетамі.

Ён патлумачыў, што падставай для патрабаванняў з боку адміністрацыі паслужыла тое, што ў дагаворах арэнды «гандлёвыя месцы ў гандлёвых радах» (боксы з ралетамі) у парушэнне дзейнага заканадаўства яна класіфікавала як «павільёны».

«Гандлёвыя месцы ў гандлёвых радах на рэчавым рынку „Ждановічы“ ўяўляюць сабой рады згрупаваных зборных канструкцый
. Кожны бокс абсталяваны ралетам. Такія параметры гандлёвага месца не дазваляюць лічыць яго павільёнам», — мяркуе Шумчанка.

«Дакладна такія ж збудаванні стаяць у Мінску, Гродне, Брэсце, — паведаміў ён, — і нідзе там касавыя апараты не патрабуюць. Мы лічым, што дзеянні адміністрацыі ГЦ „Ждановічы“ незаконныя, і маем намер падрыхтаваць іскавыя заявы ў суды, каб прадпрымальнікам кампенсавалі затраты, якія яны панеслі».

У звароце ў дэпартамент па прадпрымальніцтве падкрэсліваецца, што «прымушэнне адміністрацыі прадпрымальнікам устанаўліваць касавыя падсумоўваючыя апараты незаконнае, дагаворы арэнды павінны быць перапісаны з указаннем гандлёвага аб’екта, як гандлёвае месца ў гандлёвым радзе на рынку (ралетны бокс)».

Трэба сказаць, што начальнік аховы гандлёвага цэнтра «Ждановічы» спрабаваў перашкодзіць працы відэааператара БелаПАН, які здымаў сход прадпрымальнікаў.

Прадстаўнік інфармагенцтва быў праведзены ў адміністрацыю, дзе прад’явіў дакументы і растлумачыў мэту прыезду на рынак. А заадно скарыстаў магчымасць і ўзяў каментар у начальніка камерцыйнага аддзела гандлёвага цэнтра Таісіі Супранскай.

«Кіёск — гэта канструкцыя, якая стаіць асобна і якая падразумявае ўстаноўку касавага апарата, — сцвярджае яна, — і кожны прадпрымальнік аб гэтым ведаў.

Згодна з дагаворнымі адносінамі, гэта павільён — модульная абсталяваная пабудова з асобнымі сценамі, гандлёвай залай або без яе».

«РГА «Перспектыва» лічыць дзеянні адміністрацыі ГЦ «Ждановічы» неправамернымі і просіць дэпартамент садзейнічаць «ва ўстанаўленні законнасці і справядлівасці, а таксама прыняць дзейсныя меры па прадухіленні спроб навязаць прадпрымальнікам абавязкі па ўстаноўцы касавых падсумоўваючых апаратаў, якія яны не павінны выконваць», гаворыцца ў лісце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?