Павелічэнне захворвання на грып чакаецца ў канцы снежня — пачатку студзеня,
паведаміла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іна Карабан на прэс-канферэнцыі ў Мінску 9 кастрычніка. Паводле яе слоў, уздым захворвання будзе доўжыцца чатыры-пяць тыдняў.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра па грыпе Наталля Грыбкова паведаміла, што аналіз захворвання на грып у Паўднёвым паўшар’і дазваляе зрабіць прагноз аб тым, што «эпідэмічная сітуацыя будзе сярэдняй інтэнсіўнасці». «Надзвычайных сітуацый па грыпе мы не чакаем, але да сюрпрызаў гатовыя», — сказала Грыбкова. Паводле прагнозу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на тэрыторыі Беларусі будуць цыркуляваць ужо вядомыя па папярэдніх гадах вірусы грыпу, у тым ліку, А (Н1N1), А (H5N1), штамы вірусаў В і іншыя.

Паводле слоў Грыбковай, сёлета склад вакцыны па рэкамендацыі САЗ быў зменены.
Як паведамляе сайт арганізацыі, Камітэт па выбары вакцынавых штамаў адзначыў, што «маюцца сведчанні ўзмацнення антыгеннага і генетычнага дрэйфу ў цыркулюючых вірусаў грыпу A (H3N2)». З прычыны гэтага камітэт рэкамендаваў змяніць склад вакцыны для Паўночнага паўшар’я і ўключыць у яго новыя вірусы грыпу, выяўленыя ў апошнія некалькі гадоў.
Медыкі настойліва рэкамендуюць прышчапіцца ад грыпу, асабліва людзям з аслабленым здароўем, хранічнымі захворваннямі.
Паводле слоў Грыбковай, аналіз Нацыянальнага цэнтра па грыпе паказвае, што большасць цяжкіх выпадкаў грыпу дыягнастуюцца ў непрышчэпленых ад яго людзей.
Вакцынацыю лепш рабіць у кастрычніку-лістападзе.
Імунітэт выпрацоўваецца ад двух да чатырох тыдняў і трымаецца да года (у сярэднім шэсць-восем месяцаў). Калі прышчэпку зрабіць ва ўказаныя тэрміны, у перыяд эпідэміі імунітэт будзе на сваім піку. У Міністэрстве аховы здароўя плануюць прышчапіць 25% насельніцтва ад грыпу, ужо вакцынавана прыкладна 13%.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?