Карэспандэнт «НН» паназіраў, як адбываецца падлік галасоў на адным з мінскіх участкаў.
19:27. Адчыняем дзверы школы № 4 на вуліцы Чырвонаармейскай. Гэта побач з Адміністрацыяй прэзідэнта, насупраць гістфаку БДУ. Участак № 160. «Добры дзень, дзе ў вас тут галасаванне?»

Звычайна ў школах яно адбываецца ў фае адразу пры ўваходзе, ці ў спартзале. Нам жа паказваюць на стрэлачкі на сцяне, калі кіравацца імі, то трапляеш на другі паверх. Падымаемся. Вузкі калідор, сталы выбарчай камісіі ля сценкі, урна для галасавання. Недзе далёка-далёка сядзяць назіральнікі.

«Мы з газеты, хочам за падлікам пасачыць». Старшыня камісіі Тамара Бурдыка пільна ўзіраецца ў нашы пасведчанні. «Нейкія яны не такія, як ва ўсіх». «Дзяржаўнага ўзору», — адказваем.
«Вы ж апазіцыйныя прэса», — ці то пытаецца, ці сцвярджае іншая жанчынка з камісіі. Што рабіць з намі, не ведаюць. Урэшце выдзелілі два крэслы і пасадзілі проста на ўваходзе, але не дапусцілі да назіральнікаў. Каб зарэгістравацца? ідзём у настаўніцкую, нібыта двоешнікі.

Журнал рэгістрацый забраны, але нашы прозвішчы ўносіць не спяшаюцца. «Я пайду параюся, ці можна», — кажа старшыня камісіі. Няўхільна блізіцца час да закрыцця ўчастка. «Дык мы не можам без дазволу старшыні». Тамара Арсенеўна ж некуды знікла. «Сяргей, зрабі хоць адзін здымак, пакуль нас не выгналі, прашу фатографа», — Сяргей робіць.

У 19:54 прыходзяць першыя і апошнія ўдзельнікі выбараў, якіх мы паспелі заўважыць. Тыя бланкі, што ўдалося ўбачыць, не зеўралі пустатой, але і кожны радок запоўнены ў іх не быў. Фіфці-фіфці. Мо ёсць запаветная палова, а мо і няма.
«Ну што, зачыняем ужо?» — спяшаюцца настаўніцы. «Паўхвілінкі засталося», — адказвае іншая. У камісіі з 12 чалавек 10 жанчын яшчэ ёсць малады хлопец з бакенбардамі і сівы мужчына, што пазней будзе насіць скрыні.
На Купалаўскай акрузе трое кандыдатаў. І кожнага з іх можна аднесці да праўладных. Гэта дзейная дэпутатка-камуністка Валянціна Лявоненка, галоўны доктар «18-ай гарадской паліклінікі» Вадзім Касцюкоў і начальнік Ленінскага аддзела Дэпартамента МУС Валеры Дашкоўскі. Мішу Пашкевіча з «Гавары праўду» не зарэгістравалі.
Апазіцыі няма ніякай, і ўсё адно рэакцыя насцярожаная. «А чо вы на наш участак прыйшлі? Бліжэй усяго да метро?» — пытаюцца ў нас. Каб лішне раз нікога не пераконваць згаджальна ківаю галавой.

20:00. Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Нас не чапаюць. Сталы ўмела ссоўваюць у адно месца. Утвараецца такі квадрат. Назіральнікі падыходзяць бліжэй да стала. Прызнаюся, апошні раз назіраў за выбарамі ў 2007 (мясцовыя, ва Уруччы), дык тады глядзелі мы за працэсам падліку з вялікай адлегласці.

Цяпер назіральнікі стаяць проста за спінамі прадстаўнікоў камісіі, хоць ты дыхай ім у патыліцы. Чалавек з добрым зрокам можа пабачыць і бюлетэні. Хаця чаго баяцца, калі кандыдаты ўсе свае.

«Колькі іх усяго [кандыдатаў — „НН“]? Трое?» — пытаецца "назіральнік" у калегі. І што ён тут рабіў цэлы дзень, калі нават колькасць не вывучыў? Агулам яўку напісалі 53,6%. Напэўна, прыкладна такая будзе па ўсім Мінску ў афіцыйных лібах.

На ўчастку 1647 выбарцаў. З іх 348 (21%) прагаласавала датэрмінова, яшчэ да семярых прыйшлі са скрыняй дадому.

Галасы лічаць асобна: датэрміновае, хатняе, асноўны дзень. Калі выкладаюць са скрынь, дырэктарка строга папярэджвае: «Толькі парты не падрапайце». «Ой, а тут бюлетэнь з сардэчкам. Лічыць яго сапраўдным?» — кажа маладая бландзінка. «Так», — адказваюць ёй.

Дык вось у датэрміновым за дэпутатку Лявоненку прагаласавала амаль 70%, у асноўны дзень — 44%. І як такая розніца можа быць, мо хто патлумачыць?
У аб’яднаных лічбах выйшла, што Валянціна Сцяпанаўна набрала 54,4%, яе супернік-доктар Касцюкоў — 25,4%.

Дзесьці ў 21:05 падлік галасоў скончаны. «Мужчыны, занясіце парты ў кабінет біялогіі», — даносіцца голас нястомнай кіраўніцы.

Вяртаемся праз Кастрычніцкую. Ля Дома афіцэраў стаяць сем машын з міліцыяй. А раптам што. Камунальнікі ў жоўтых камізэльках мятуць восеньскае лісце. «Выбары скончыліся, кажуць», — кідае ім Гудзілін. У адказ ніхто на яго нават не паглядзеў. Усім пофіг.
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?