Хрысціну Шацікаву пахавалі на могілках у вёсцы Дубінка Магілёўскага раёна. Уся сям’я Шацікавых родам з гэтай вёскі.

Развітацца з Крысцінай Шацікавай прыйшлі і прыехалі каля сотні чалавек — аднавяскоўцы яе бацькоў, паплечнікі актывісткі, яе знаёмыя, сябры, сваякі. Многія з іх прыбылі з розных гарадоў Беларусі — Віцебска, Мінска. Былі таксама сябры нябожчыцы з Масквы.

«Мы бачым, як паважалі Крысціну. Яе ведалі не толькі ў Беларусі, яе ведалі за межамі Беларусі, як моцную, баявую асобу.
Яе нам будзе не хапаць і заўтра, і заўсёды. Мы будзем яе памятаць і будзем рабіць тое, што не паспела зрабіць яна», — заявіў на цырымоніі развітання экс-кандыдат у прэзідэнты, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Крысціна была бескарыслівым спагадлівым чалавекам, яна падтрымлівала палітычных зняволеных, іх сваякоў, сказаў праваабаронца з Масквы Мікалай Збарашэнка. «Тут з намі нябачна прысутнічаюць нашы агульныя з Крысцінай сябры з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Уладзіміра, Варонежа, Мурманска, Екацерынбурга. Крысціна была патрыётам сваёй краіны, выбітной асобай. Яе будуць памятаць. Такіх людзей, як яна, не забываюць», — заявіў ён.

Пасля таго, як у 2006 годзе быў зроблены фільм пра Крысціну Шацікаву «Рыжая», яна стала часткай нашага жыцця, зазначыла сцэнарыст фільма Марыя Бяршадская з Мінска.
«Мы працягвалі сустракацца потым, і заўсёды ў Крысціны было вельмі шмат святла. Напэўна, не выпадкова яе любімым колерам быў аранжавы, таму што гэта колер сонца, і гэта сонца было ў ёй заўсёды», — сказала Бяршадская.

«Хвароба гэта таксама такая праверка, таму што можна быць вельмі мужным, калі ўсё добра, а калі нешта адбываецца, гэта часта, на жаль, некуды знікае. А ў Крысціне гэта засталося», — заявіла яна.

Душой кожнай каманды назваў Крысціну Шацікаву магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. «Усіх тармасіла, прымушала рухацца, працаваць. Яе нам будзе вельмі не хапаць», — зазначыў ён.

Перад пахаваннем на труну актывісткі была пакладзена шырокая бел-чырвона-белая стужка. Прысутныя выканалі гімн «Магутны Божа».

Нагадаем, Крысціна Шацікава памерла ад раку 21 верасня ў магілёўскім хоспісе на 38-м годзе жыцця. Перад смерцю яна ўпала ў кому. У яе засталіся двое непаўналетніх дзяцей — 14-гадовы Ягор і 16-гадовы Мікіта, апякунства над якімі маюць намер узяць бацькі памерлай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?