Нягледзячы на тое што грамадзянская кампанія «Гавары праўду!» да канца бярэ ўдзел у выбарах, яе лідар Уладзімір Някляеў не лічыць, што прыхільнікі байкоту выбараў «зрабілі марную працу».
Пра гэта ён заявіў 23 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Някляеў зазначыў, што ні разу беларуская апазіцыя не правяла рэальнага байкоту выбараў.

«Мы вырашылі паглядзець, як рэальна мы гэта можам зрабіць. Таму вырашылі правесці кампанію байкоту на асобна ўзятай 101-й Фрунзенскай выбарчай акрузе і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. І мы адчулі, што азначае байкот — дагэтуль чацвёра нашых актывістаў знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў за заклікі да байкоту», — сказаў Някляеў.
Ён мяркуе, што «нікога гэты байкот у шырокім спектры не закрануў», аднак прыхільнікі байкоту «псіхалагічна падрыхтавалі частку нашага грамадства да магчымага варыянту байкоту прэзідэнцкіх выбараў».
«Такім чынам праведзена, у нейкім сэнсе, карысная праца», — канстатаваў Някляеў.

Разам з тым ён перасцярог прыхільнікаў байкоту ад залішне радасных эмоцый. «Не трэба выдаваць гэту працу за канчатковую перамогу, у выніку якой упадзе гэты рэжым. Ён упадзе толькі ў тым выпадку, калі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года мы збяром на вуліцах столькі людзей, што рэжым пабаіцца ў іх страляць», — мяркуе Някляеў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?