Пікет прайшоў на пляцоўцы каля Камароўскага рынку. На ім прысутнічалі 26 кандыдатаў кампаніі — як зарэгістраваныя, так і незарэгістраваныя. Мерапрыемства, паводле слоў яго арганізатараў, стала квінтэсенцыяй усіх агітацыйных пікетаў, якія праводзілі іх кандыдаты ў дэпутаты.

На 26 стэндах выбаршчыкам былі прадстаўленыя рахункі за камунальныя паслугі з завышанымі сумамі, «новыя курсы валют пасля выбараў», у якіх долар каштаваў больш чым 17 тысяч рублёў, партрэты палітзняволеных з іх адрасамі і заклікам пісаць ім лісты і пасылаць тэлеграмы, «залатыя» яйкі і «сярэбраная» агародніна.

Прысутны на пікеце лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў падзякаваў усім удзельнікам кампаніі за работу. «Ніхто не думае, што заўтра нашы кандыдаты трапяць у парламент. Але мы ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, як у палітычнай — каб прыцягнуць на свой бок грамадзян Беларусі. Нам неабходная падтрымка большасці насельніцтва на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года», — заявіў Някляеў.

Кіраўнік выбарчага штаба кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў адзначыў, што пікет не дарма праходзіць пад дэвізам «Мы не кідаем». «

Мы не кідаем палітзняволеных — мы сочым за іх сітуацыяй, і кожны цяпер можа выказаць ім сваю салідарнасць, падпісаць паштоўку.
Мы не кідаем людзей, якія ставілі подпісы за вылучэнне нашых кандыдатаў — усе кандыдаты цяпер будуць у сваіх акругах працягваць работу ў рамках кампаніі „Грамадзянскі дагавор“. Мы не кідаем сваю тэму — прадстаўляць інтарэсы людзей, якія падпісваліся і галасавалі за нашых кандыдатаў. Мы будзем працягваць сваю дзейнасць і пасля выбараў», — заявіў Дзмітрыеў.
Пікет прайшоў без інцыдэнтаў пры вялікай увазе прахожых і журналістаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?