Актывіст «За Свабоду», назіральнік па «байкотнай» Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101, Аляксандр Марчанка дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска. Аб гэтым паведаміў каардынатар назірання руху «За Свабоду» на гэтай акрузе Юрый Меляшкевіч.
Паводле яго слоў,
Марчанку затрымалі, калі ён выходзіў з дому. «Людзі ў цывільным запхнулі яго ў машыну і павезлі ва УУС Цэнтральнага раёна Мінска», —паведаміў Меляшкевіч.
У сваю чаргу, Марчанка паведаміў па тэлефоне, што цяпер «знаходзіцца ў міліцыі, дае паказанні сведкі».
Як паведамлялася раней, 22 верасня ў 12 гадзін Аляксандру Марчанку, які ў гэты час назіраў за галасаваннем на выбарчым участку № 367, патэлефанаваў чалавек, які назваўся намеснікам начальніка крымінальнага вышуку РУУС Цэнтральнага раёна Мінска. Ён паведаміў, што Марчанка павінен з’явіцца ў 14.30 для дачы паказанняў і следчых дзеянняў да следчага камітэта Снацкага Валерыя Міхайлавіча.
Нібыта Марчанка з’яўляецца сведкам па крымінальнай справе аб крадзяжы веласіпеда на вуліцы Лесі Украінкі.
Марчанка без позвы ў Следчы камітэт з’яўляцца адмовіўся.