Лідар «Справядлівага свету» Сяргей Калякін паўдзельнічаў у анлайн-канферэнцыі на сайце Радыё Свабода. Вось што ён адказаў на пытанне, навошта ягоная партыя ідзе на выбары:

«Па-першае, ня мы адны засталіся. Сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» працягвае ўдзел у выбарах, працягваюць ўдзельнічаць кандыдаты ад «Гавары праўду!», а таксама незалежныя кандыдаты. Гэта спрэчка працяглае, і толькі час падкажа на яе адказ.

Я лічу, што тыя, хто ня ўдзельнічае альбо адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах, яны згубілі. Я іх не асуджаю: яны абралі такі фармат удзелу ва ўмовах, калі выбараў няма. Мы прынялі фармат удзелу: ісьці да канца, і ў гэтым ёсьць шмат плюсаў (не хачу на іх спыняцца).

Мы не наіўныя, мы разумеем, што наўрад ці нашы людзі атрымаюць мандаты. Я ўжо казаў, але паўтаруся: самае галоўнае для нас — ня тое што будзе адбывацца ў выніковых пратаколах выбарчых камісій, а тое, што застанецца ў галовах нашых людзей. За каго яны будуць сёньня: за цяперашнюю ўладу, альбо за тую альтэрнатыву, якую ім прапануе наша партыя, прапаноўваюць іншыя кандыдаты.

Я разумею, што працай зь людзьмі трэба займацца і па-за выбарчай кампаніяй, але выбарчая кампанія дала шмат магчымасьцяў для зносінаў зь людзьмі, і мы імі цалкам скарысталіся.

Па-другое, я лічу нашым дасягненьнем (дасягненьнем ня толькі нашым, але і тых, хто ўдзельнічае ў выбарах): калі б мы зрабілі так, як прапаноўвалі спачатку, увогуле байкатаваць выбары, дык сёньня мы б ня ведалі, пра што нам казаць. Сёньня б тыя, хто знаходзіцца ва ўладзе, казалі б пра абсалютна празрыстыя, сумленныя выбары, дзе няма аніякіх парушэньняў, і казалі б, што апазыцыя ня ўдзельнічае толькі таму, што няма чаго сказаць і няма чаго прад’явіць, што ў іх няма ні праграм, ні людзей.

Сёньня яны сказаць гэтага ня могуць: сёньня яны не пускаюць нашых людзей у камісіі, яны выганяюць нашых назіральнікаў, спэцслужбы прэсуюць нашых кандыдатаў у дэпутаты, і пра ўсё гэта піша незалежная прэса, усё гэта абмяркоўваецца ў дэмакратычным асяродку.

Калі б нас не было, не было б чаго абмяркоўваць, і не было б прыкладаў і фактаў, якія дазваляюць пераканаўча даводзіць, што на самай справе адбываецца ў Беларусі пад час так званых «выбараў».

Мы падзяляем агульнае меркаваньне пра тое, што свабодных, раўнапраўных, справядлівых, празрыстых выбараў сёньня няма. І гэта не залежыць ад таго, што будзе адбывацца 23 верасьня. Гэта зьвязана з шмат якімі рэчамі, такімі, напрыклад, як свабода СМІ, свабода распаўсюду і атрыманьня інфармацыі, свабода грамадзянаў аб’ядноўвацца ў палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні, свабода мітынгаў, дэманстрацый, свабода слова і іншае, чаго сёньня ў краіне няма альбо яно вельмі моцна абмежаванае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?