Нагадаем, да такой экспэртызы асацыяцыю запрасіла адмысловая камісія Палаты прадстаўнікоў. На прэс-канфэрэнцыі ў чацьвер экспэрты Беларускай асацыяцыі журналістаў распавялі пра вынікі сваёй працы і пра хібы законапраекту, якія выяўленыя падчас экспэртызы, праведзенай юрыдычнай камісіяй асацыяцыі.

Паводле адмыслоўцаў, праект закону месцамі не адпавядае Канстытуцыі, а асобныя палажэньні дакумэнту выклікаюць шырокія розначытаньні. Як заўважыў намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, самым адметным у законапраекце зьяўляецца тое, што ў 58-мі ягоных артыкулах утрымліваецца 109 адсылачных нормаў.

Бастунец: «Сярод гэтых спасылак ёсьць спасылкі на акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а гэта могуць быць і нарматыўныя акты міністэрстваў, выканкамаў і гэтак далей».

Гэта пазначае, што будучы закон пра інфармацыю фактычна будзе не законам, а зборнікам інструкцыяў па пытаньнях абароны інфармацыі. Андрэй Бастунец упэўнены, што законапраект ягоныя распрацоўшчыкі хочуць зрабіць дадатковай перашкодай на шляху распаўсюду інфармацыі.

Бастунец: «Нават тыя нормы законапраекту, якія могуць дзейнічаць, непасрэдна накіраваныя на абмежаваньне свабоды інфармацыі».

Свае меркаваньні адносна законапраекту выказаў і старшыня юрыдычнай камісіі асацыяцыі Міхаіл Пастухоў. Ён зьвярнуў увагу журналістаў на тое, што распрацоўкай гэтага дакумэнту займаецца камісія Палаты прадстаўнікоў па прамысловасьці, паліўна?энэргетычным комплексе, транспарце, сувязі й прадпрымальніцтве.

Пастухоў: «Уявіце сабе, якія там могуць быць адмыслоўцы. Мы размаўлялі з прадстаўнікамі гэтай камісіі. Яны самі кажуць, што гэты законапраект для іх цяжкі. І яны ня супраць супрацоўнічаць з БАЖ, каб хоць неяк даць дакумэнту аб’ектыўную ацэнку».

Далей Міхаіл Пастухоў зьвярнуў увагу на тыя задачы, якія павінен вырашаць будучы закон. На меркаваньне экспэрта, у праекце пастаўленыя мэты, якіх трэба дасягаць ня гэтым законам, а працай адпаведных дзяржаўных структураў. Вось цытаты з дакумэнта.

Пастухоў: «Стварэньне эфэктыўнай сыстэмы інфармацыйнай падтрымкі, рашэньне апэратыўных і стратэгічных задачаў сацыяльна-эканамічнага, навукова-тэхнічнага разьвіцьця, забесьпячэньне незалежнага й раўнапраўнага існаваньня Рэспублікі Беларусь у межах сусьветнага грамадзтва».

Далей вядзецца пра тое, што з дапамогай закону пра інфармацыю мусіць стварацца і паляпшацца сыстэма прыцягненьня інвэстыцыяў, мэханізму стымуляваньня й рэалізацыі праектаў у сфэры інфармацы, інфарматызацыі й абароне інфармацыі. Пастухоў зьдзіўлены, што гэты закон мусіць вырашаць такія глябальныя задачы.

Пастухоў: «То бок праца зь інфармацыяй ставіць такую глябальную мэту. Гэта проста немагчыма ўявіць».

Цікава таксама й тое, што з дапамогай закону пра інфармацыю плянуецца пачаць даволі жорсткі кантроль над незалежнымі інтэрнэт-сайтамі. У законапраекце гаворыцца, што Акадэмія навук Беларусі павінна зьдзяйсьняць рэгістрацыю сайтаў. Што праўда, абавязковай яна будзе пакуль толькі для дзяржаўных рэсурсаў. Сайты, якія створаныя прыватнымі ці юрыдычнымі асобамі, могуць рэгістравацца дабраахвотна. Андрэй Бастунец лічыць, што ўлада ўсур’ёз узялася за тое, каб усталяваць поўны кантроль за Інтэрнэтам у Беларусі.

Бастунец: «У гэтым законапраекце ёсьць некалькі нормаў, якія накіраваныя на тое, каб узяць інтэрнэт-прастору пад кантроль. У 37-м артыкуле, дзе ідзе гаворка пра рэгістрацыю інфармацыйных сыстэмаў, напісана, што рэгістрацыя недзяржаўных інфармацыйных сыстэмаў ажыцьцяўляецца на дабраахвотнай аснове. Але вышэй у гэтым самым пункце напісана, што абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі належаць дзяржаўныя і агульнадаступныя інфармацыйныя сыстэмы. І ўжо неадпаведнасьць, бо недзяржаўныя інфармацыйныя сыстэмы таксама могуць быць агульнадаступныя. Ці належаць яны рэгістрацыі?»

Юрыст БАЖ Міхаіл Пастухоў лічыць, што ў першую чаргу ўлада імкнецца ўзяць пад кантроль незалежныя інфармацыйныя сайты. Напрыклад, рэсурсы «Хартыя 97», «Беларускі партызан» і шэраг іншых. Са зьяўленьнем закону пра інфармацыю ўладальнікі гэтых сайтаў павінны будуць сачыць за распаўсюдам інфармацыі, а таксама несьці адказнасьць за абарону гэтай інфармацыі. Што гэта значыць, экспэрты сказаць ня могуць.

Больш за тое, у законе ўтрымліваецца норма, паводле якой неабходна будзе праводзіць ідэнтыфікацыю асобаў, якія ўдзельнічаюць у абмене інфармацыяй. То бок, верагодна, узьнікне неабходнасьць пайменна ведаць усіх карыстальнікаў сеціва Інтэрнэт. У незалежнасьці ад таго, пішуць яны аналітычныя артыкулы на сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі ці абменьваюцца паведамленьнямі на форумах.

Пастухоў: «Дзяржаўныя ворганы атрымаюць легальную магчымасьць для таго, каб зьдзяйсьняць кантроль над усімі інтэрнэт-рэсурсамі».

Беларуская асацыяцыя журналістаў даслала праект закону пра інфармацыю сваім замежным калегам. Паводле Бастунца, усе яны зьдзіўленыя тым, што ў Беларусі ўвогуле вядзецца гаворка пра існаваньне закону, якім настолькі можна будзе абмяжоўваць інфармацыю.

Экспэрты асацыяцыі ўпэўненыя, што гэты закон накіраваны на тое, каб разьвязаць дзяржаве рукі ў сфэры абароны той інфармацыі, якая зараз зьяўляецца адкрытай для СМІ й грамадзтва. Калі закон прымуць у існуючай рэдакцыі, то праца журналістаў, газэтаў, радыёстанцыяў і інтэрнэт-сайтаў у значнай ступені ўскладніцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?